Клічуць студатрады!

180
Клічуць студатрады!АДНЫМ з прыярытэтных накірункаў дзейнасці грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” з’яўляецца працаўладкаванне навучэнцаў і студэнцкай моладзі ў летні перыяд, адраджэнне камсамольскіх традыцый студатрадаўскага руху.
Ужо дадзены старт новаму працоўнаму семестру, які ў раённым камітэце ГА “БРСМ” назвалі проста: “Працаўладкаванне-2016”. Першы сакратар райкама маладзёжнага саюза Марына Апанасёнак ужо сёння збірае інфармацыю пра аб’екты, дзе ў гэтым годзе будзе запатрабавана дапамога студэнцкіх атрадаў.
— Другасная занятасць моладзі становіцца школай адказнай працы, пачынаючы з юнага ўзросту, — кажа Марына Аляксандраўна, выказваючы сваё меркаванне наконт эфектыўнасці працоўнай занятасці. — Яна дазваляе моладзі зразумець, што значыць праца, у тым ліку і фізічная. Гэта добрая магчымасць і адначасова школа жыцця для маладых людзей, якія не хочуць быць лайдакамі. Многія разумеюць, што адначасова і вучыцца, і працаваць — поўнасцю магчыма. Больш таго, гэта практыка досыць распаўсюджана сярод моладзі ў самых перадавых краінах свету. Таму запрашаем актыўных юнакоў і дзяўчат стаць членамі студэнцкіх атрадаў і тым самым даказаць сабе, што ты нечага варты. Студатрады сёння — гэта школа самастойнасці, загартоўвання характару, гэта магчымасць цікава правесці летнія канікулы і яшчэ падзарабіць!
Юнакі і дзяўчаты, якія хочуць папрацаваць і зарабіць грошы ў летні перыяд, могуць звяртацца ў райкам БРСМ па адрасе: г. Мядзел, пл. Шаранговіча, 2, каб. 14, ці тэлефанаваць па нумарах 54-5-45, 55-0-63, 8(029) 705-39-73.
Наш кар.