Экстрым? Прапаноўваць!

176

Экстрым? Прапаноўваць!ПЕЙНТБОЛ — захапляльная камандная спартыўная гульня, удзел у якой могуць прымаць як дзеці, так і дарослыя. Гэта яшчэ і сцэнарнае мерапрыемства. У ім можна адчуць сябе снайперам, бо гульня імітуе кароткачасовыя агнявыя кантакты на абмежаванай прасторы з выкарыстаннем маркераў (пнеўматычных прыстасаванняў, падобных на зброю, якія страляюць жэлацінавымі шарыкамі з водарастваральнай нетаксічнай фарбай). Можна паспрабаваць ролю стратэга ці тактыка, выпрабаваўшы свой характар, сілу волі, спрыт і знаходлівасць. У любым выпадку пейнтбол развівае хуткасць рэакцыі, логіку, дае добрую фізічную падрыхтоўку, а таксама дазваляе адчуць экстрэмальныя эмоцыі, што пазітыўна адгукнецца на здароўі ўдзельніка.

І гэта ўжо не экзотыка. Пагуляць у сучасную і папулярную ў моладзевым асяродку гульню можна ў нашым раёне. Пляцоўка для гульні плошчай каля 300 м2 — у Шыкавічах, а забяспечыць усім неабходным, растлумачыць правілы і ўсе нюансы гаспадыня атракцыёну Кацярына Роліч.

Экстрым? Прапаноўваць!— Каця, як прыйшла думка заняцца такой справай? — цікаўлюся ў дзяўчыны.

— Некалькі гадоў таму на дні нараджэння ў сябра згадзілася паўдзельнічаць у гэтай гульні, — узгадвае яна. —  Гулялі ў Сілічах. Вельмі спадабалася. Мне тады і падумалася: “Чаму такога няма ў Мядзеле?”. Захацелася арганізаваць падобнае ў нас. Тым больш, што па роду дзейнасці на той час мела непасрэднае дачыненне да моладзі (Кацярына працавала ў раённым камітэце ГА “БРСМ” — аўт.) і аб праблеме баўлення вольнага часу ведала не па чутках. Але канкрэтныя крокі па рэалізацыі ідэі пачала прадпрымаць дзесьці паўгода таму. Пачала пытацца ў сяброў, знаёмых, ці хацелі б яны, каб у Мядзеле можна было пагуляць у пейнтбол. Такое апытанне праводзіла нават праз інтэрнэт сярод аднадумцаў (у адной з сацсетак ёсць створаная мной група для аматараў дадзенай гульні). Словам, вывучала попыт. Наступным крокам сталі курсы для індывідуальных прадпрымальнікаў у Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі, куды паехала ад цэнтра занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Там распрацавала бізнэс-план, які з сур’ёзнымі намаганнямі давялося абараняць. Але ўсё не дарэмна: у красавіку атрымала субсідыю на адкрыццё сваёй справы. Потым — набыццё спецыяльнай экіпіроўкі, маркераў, шарыкаў, пошук і абсталяванне пляцоўкі, афармленне розных папер. І вось з першага чэрвеня паслуга даступна для жадаючых.

Экстрым? Прапаноўваць!— У ролі інструктара, як разумею, ты? — далей распытваю.

— Так, — усміхаецца Каця. — Галоўнае — захаванне асноўных правілаў бяспекі: гульцам абавязкова насіць на твары ахоўную маску і не страляць у саперніка з адлегласці бліжэй за пяць метраў. А далей ужо ўсё растлумачу, пакажу, падкажу.
І сцэнарыі прапаную: ад “Узяцця форта”, “Выратавання сяброў”, “Амерыканскага футбола” да гульні “Сценка на сценку”.
З сябрамі ў свой час ездзіла ў сталіцу, каб паўдзельнічаць у так званых вялікіх сцэнарных гульнях, дзе збіраюцца фанаты пейнтбола. Не толькі гуляла, але і назірала, вучылася. Гэты вопыт зараз і выкарыстоўваю.

— Не ў тваім, напэўна, характары спыняцца на дасягнутым. Што, калі не сакрэт, у планах?

— Хочацца больш абсталяваць пляцоўку, хаця і зараз там ёсць назіральная вышка, укрыцці, штучныя перашкоды. З цягам часу хочацца адкрыць яшчэ адну пляцоўку бліжэй да Нарачы. У дадзены момант разглядаецца пытанне аб набыцці абсталявання “Лазертаг” для дзяцей. Так, задумак шмат. Рада, што ў сваёй дзейнасці знайшла аднадумцаў, якія дапамагаюць і падтрымліваюць мяне. А яшчэ прыемна, што пейнтбол выклікае цікаўнасць у нашай моладзі. Спадзяюся, што з часам прыхільнікаў гульні будзе яшчэ больш.

— Жадаю поспехаў у пачатай справе і задаволеных кліентаў!

На здымках: падчас гульні ў пейнтбол.

Іна ЯРЧАК.