Завод стаў як родны

251

Завод стаў як родныПра Аліну Рымант з УП “Ілаўскае” параіла напісаць начальнік вытворчай лабараторыі Івона Януковіч.
— Аліна Несцераўна — адна са старэйшых работніц прадпрыемства, — кажа Івона Іванаўна. — Адказная, шчырая, неабыякавая. Для яе завод даўно стаў як родны. Жанчына хварэе душой за даручаную справу і за лёс прадпрыемства. На такіх, як яна, па сутнасці ўсё ў нас і трымаецца.

З 2 чэрвеня 1990 года працуе Аліна Рымант ва УП “Ілаўскае”. Пачынала кладаўшчыком гатовай прадукцыі. Руплівая жанчына спадабалася колішняму кіраўніцтву. Так і прызначылі яе начальнікам адразу ўчастка, потым — сокавага цэха. А зараз яна — майстар брадзільна-купажнага цэха, які, па меркаванні начальніка вытворчай лабараторыі, з’яўляецца “сэрцам” прадпрыемства.
— Працуе Аліна Несцераўна на вельмі адказным участку, — сцвярджае Івона Януковіч. — Гэта асноўны цэх, ад зладжанай работы якога ў поўным сэнсе гэтага слова залежыць якасць гатовай прадукцыі. Зараз мы зніжаем выпуск недарагіх мацаваных він, якія раней пераважалі ў асартыменце, і робім упор на сталовыя фруктовыя. Патрабаванні да іх вытворчасці значна адрозніваюцца ад ранейшых. І тут вельмі вялікае значэнне мае якасць прадукта, з якога яны вырабляюцца. А гэта, дарэчы, залежыць і ад майстра, які адказвае за работу цэха, адкуль паступае зыходны матэрыял.
— Наша прадпрыемства адным з першых у краіне перайшло на выпуск такой прадукцыі, — у размову ўключаецца Аліна Несцераўна. — І ў гэтым непасрэдная заслуга вытворчай лабараторыі і спецыялістаў, якія тут працуюць. Тут, лічу, знаходзіцца “мозг унітарнага прадпрыемства”. І ўсе свежыя ідэі, якія нараджаюцца, адразу апрабіруюцца на практыцы. Бываючы часта ў лабараторыі, бачу, як шмат трэба прыкласці спецыялістам намаганняў, каб нешта вартае атрымалася. Не тыдзень, не два, а на працягу многіх месяцаў вядзецца скрупулёзная, карпатлівая, нябачная староннім вокам праца па распрацоўцы новых відаў і найменняў высакаякасных сталовых він. Асобныя з іх ужо ў хуткім часе запусцяцца ў вытворчасць і тым самым годна папоўняць лінейку прадукцыі прадпрыемства. Нашы вырабы на самай справе заслугоўваюць увагі. Гэта пацвярджаюць і шматлікія кубкі і дыпломы, прывезеныя з розных прэстыжных міжнародных дэгустацыйных конкурсаў. А іх, пераканана, там проста так нікому не раздавалі.
Напэўна, прыемна ўсведамляць Аліне Несцераўне, што і яе добрасумленная праца значна ўплывае на якасць напояў, якія сыходзяць з канвеера прадпрыемства. А значыць, і на яго лёс і ўвогуле перспектывы развіцця.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.