Урач-кардыёлаг Алена СІНІЦА: “Мне падабаецца дапамагаць людзям”

353

Урач-кардыёлаг Алена СІНІЦА: “Мне падабаецца дапамагаць людзям”Алена Сініца — ураджэнка Мядзельшчыны. Вырасла ў гарадскім пасёлку Свір. Там жа і сярэднюю школу закончыла, і даўнюю сваю мару ажыццявіла: паступіла вучыцца за ўрача. Набывала спецыяльнасць у
Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Працаваць сама захацела на радзіме. Пачынала ўчастковым тэрапеўтам у Мядзельскай паліклініцы. А з 2017 года, пасля адпаведнай перападрыхтоўкі, стала ўрачом-кардыёлагам цэнтральнай раённай бальніцы.
— Чаму менавіта з медыцынай вырашылі звязаць сваё жыццё? — пацікавілася ў Алены.
— У маім асяроддзі з маленства былі людзі, якія прысвяцілі сябе гэтай сферы. Найперш, бацькі — Таццяна Іванаўна і Юрый Іосіфавіч Усціновічы. Мама — фармацэўт, працуе ў Свіры ў аптэцы. Тата — вадзіцель “хуткай медыцынскай дапамогі”. Хрышчоная маці Галіна Іванаўна Беніцэвіч — урач-тэрапеўт. З дзяцінства бачыла іх вялікае жаданне і гатоўнасць дапамагаць усім, каго напаткалі хваробы, траўмы, розныя няшчасныя выпадкі. Таму пасля заканчэння школы перада мной не стаяла пытання, кім быць. Я настойліва ішла да сваёй мэты: вывучыцца за ўрача. Дарэчы, і мая малодшая сястра Вольга сёлета заканчвае медуніверсітэт, толькі ў Мінску. Яна таксама будзе ўрачом.
— Ці цяжка было рабіць першыя самастойныя крокі ў медыцыне? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Вядома, напачатку адчувала сябе не вельмі ўпэўнена. Напэўна, такое пачуццё перажывае кожны малады спецыяліст, тым больш — медработ-
нік, — апавядае Алена. — Вельмі баялася памыліцца, няправільна паставіць дыягназ, бо ад гэтага залежыць лячэнне
хваробы. А таму і да старэйшых калег не саромелася па параду звярнуцца. Бо веды — гэта адно, а вопыт — зусім іншае. Ды і ў спецыяльную літаратуру не ленавалася зазірнуць. З часам усё больш разумела, што быць урачом — гэта маё. Мне падабаецца дапамагаць людзям.
— Як сустрэлі ў калектыве?
— Добра і надзвычай прыязна, — расказвае Алена. — Мне пашанцавала ў тым плане, што з трэцяга курса тут праходзіла практыку. Таму ўжо ведала многіх урачоў, медыцынскіх сясцёр, а таксама кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя. Сюды на працу ехала, як да сваіх. Пад кіраўніцтвам больш вопытных калег і праходзіла маё станаўленне як урача.
— Вы цяпер кардыёлаг. Дарэчы, адзіны такі спецыяліст у раёне. Не шкадуеце, што пагадзіліся ўзяць на сябе такі адказны ўчастак работы?
— Спецыялізацыя ў мяне зараз сапраўды больш вузкая і канкрэтная. Тут няма шаблону, і лячэнне кожнага пацыента індывідуальнае. Гэта і падабаецца. Прыходзіць чалавек на прыём, і ён для мяне — загадка, адказ на якую павінен быць поўным і канкрэтным. Бо інакш нічога не атрымаецца. Але гэта і цікава. Размаўляю з наведвальнікам, цікаўлюся самаадчуваннем, скаргамі, уважліва вывучаю гісторыю хваробы, слухаю работу сэрца, вымяраю ціск, пульс. Абавязкова накіроўваю на кардыяграму, на аналізы, часам на іншыя даследаванні, даныя якіх старанна вывучаю. Арыентуючыся на іх, а таксама на веды і ўласную інтуіцыю, якая, дзякуй Богу, у мяне ёсць, і прымаю канчатковае рашэнне па лячэнні таго ці іншага захорвання сардэчна-сасудзістай сістэмы. Вельмі радуюся, калі пацыент мяне разумее. Бо толькі сумеснымі намаганнямі ўдаецца дабіцца поспеху. Не падабаецца тое, што асобныя хворыя ігнаруюць рэкамендацыі медыкаў: не прымаюць рэгулярна прызначаныя прэпараты, не кантралююць ціск, парушаюць рэжым. А часам і ўвогуле перакладваюць адказнасць за лячэнне на ўрача. Крыўдна чуць такое. Сапраўды, вельмі шкада, што людзі не разумеюць, што перш за ўсё самі нясуць адказнасць за сваё здароўе. І без іх асабістай зацікаўленасці ў гэтым ніводзін урач нічога не зробіць.
— Калі б зноў давялося выбіраць прафесію, на чым бы спыніліся?
— Толькі на медыцыне. І з кожным днём у гэтым усё больш пераконваюся.
У вольны ад работы і хатніх спраў час Алена малюе па нумарах карціны. Як сцвярджае, захапілася гэтым сур’ёзна. Пяць работ ужо мае. Гэта пераважна нацюрморты, пейзажы.
— Прыгожыя карціны атрымліваюцца. Не трэба і мастаком быць, каб іх зрабіць, — расказвае. — Першую маю работу ацэньваў муж Яўген. Дарэчы, яго заахвочванне і падтрымка і падштурхнулі да гэтага занятку, карыснага і тым, што пасля цяжкага напружанага дня дазваляе расслабіцца, адпачыць. Бярэш у рукі пэндзаль — і пра ўсё забываеш. Набываеш спакой і ўпэўненасць, каб з новымі сіламі пачаць чарговы працоўны дзень і правесці яго з карысцю — і для пацыентаў, з якімі давядзецца сустрэцца, і для сябе асабіста.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.