Тафіліна каханнеВы ўяўляеце сабе той даўні час, калі людзі настойліва ішлі да ведаў, да таго, каб пачэрпнуць гэтыя веды з кніг, якія, як вядома, з’яўляліся для іх першакрыніцаю? Менавіта пра гэта мы даведаліся з артыкула “Кнігалюб”, змешчанага ў кнізе Івана Пятровіча Драўніцкага “Смарагдавы край”. Пачынаецца ж артыкул словамі з летапісу вёскі Куцькі: “У канцы 1939 года ўпершыню ў гісторыі вёскі Куцькі адчыніла дзверы сельская ўстанова культуры — бібліятэка”. Яе загадчыцай стала маладая вясковая дзяўчына Тафіля Іосіфаўна Позныш (Місевіч). А далей мы даведаліся, як беражліва адносіліся нашы землякі да кніг. Яны з вялікім захапленнем чыталі іх, знаёміліся таксама з газетамі і часопісамі, ладзілі пастаноўкі п’ес. За смугою год так ярка ўсё гэта праступае. Нават чуецца гоман у той хаціне, дзе размяшчалася тагачасная бібліятэка. Дарэчы, як стала вядома, яна захавалася і па сённяшні дзень, бо знаходзілася не ў той частцы вёскі Куцькі, якая была спалена падчас бамбёжкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а ў другой яе палове (зараз гэта вуліца Куцькаўская ў Камарове). А яшчэ жывуць тыя людзі, якія могуць падзяліцца сваімі ўспамінамі пра той час.
Нашаю суразмоўцаю стала Данута Францаўна Кірыленка — дачка Тафілі Іосіфаўны. Яна і яе старэйшая сястра Ірэна Францаўна, якая жыве зараз у Мінску, не раз гутарылі на гэту тэму са сваёю мамаю і пра многае даведаліся.
Калі пачалася вайна, бібліятэчныя кнігі былі надзейна схаваны Тафіляй і яе сястрою Юзэфай. І не толькі кнігі, але і партрэты Леніна, Сталіна. Зразумела, што калі б пра гэта даведаліся немцы, то выратавальніц чакала б суровае пакаранне. Паказальным стала здарэнне, якое запомнілася на ўсё жыццё. Аднавяскоўка данесла немцам, што Тафіля дапамагала мясцовым партызанам: перадавала ежу, вопратку. Немцы выклікалі дзяўчыну на допыт. Але яна сказала, што не было такога. Немец, які вёў допыт, зірнуўшы на прыгожую дзяўчыну, адзначыў, што калі штосьці і было б, то ўсё роўна ён не змог бы пакараць такую прыгажуню. На гэтым справа і скончылася.
Пра тое, як стала Тафіля Іосіфаўна бібліятэкарам, ёсць
асобная гісторыя. З 1939 года школа, пабудаваная яшчэ пры Польшчы, якая, дарэчы, і зараз стаіць у Камарове, была ператворана ў беларускую. І вядома ж, тут з’явіліся новыя настаўнікі. Быў сярод іх і малады педагог Пётр Купрыёнак, які прыехаў з усходняга рэгіёну Беларусі. Ён вельмі шчыра аднёсся не толькі да настаўніцкай працы, але і праявіў вялікі энтузіязм у плане акультурвання вёскі: рыхтаваў з вучнямі і дарослымі вяскоўцамі сцэнічныя пастаноўкі, развучваў песні, танцы. Вельмі спадабалася яму мясцовая прыгажуня Тафіля. Менавіта яе кандыдатуру і прапанаваў на пасаду першага вясковага бібліятэкара ў нашых мясцінах. Але паяднаць свае лёсы маладым было не суджана. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Адразу Пётр трапіў у партызанскі атрад, а ў 1944 годзе — на фронт. Бацька ж Тафілі тым часам нагледзеў для дачкі жаніха. І тая выйшла замуж. Калі ж Пётр даведаўся пра гэта, то прыслаў з фронту ліст, у якім прызнаўся ў каханні. Быў і адказ на гэтае пасланне, у якім Тафіля тлумачыла, што позна ўжо што-небудзь мяняць: па бацькоўскай волі яна замужам за іншым.
У сям’і нарадзіліся дзве дачкі: спачатку Ірэна, потым Данута. Праз многа год у доме ўспыхнуў пажар. Але яго своечасова абтушылі. А выносячы абкуродымленую мэблю, у старадаўняй шафе знайшлі той даўні ліст з фронту. І сын Дануты Францаўны Валерый Рыгоравіч Кірыленка, які з’яўляецца дырэктарам УА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М. С. Высоцкага”, чалавек дапытлівы, які ў свой час быў “валошкаўцам” у Івана Пятровіча Драўніцкага і нават этнаграфічны музей змог заснаваць у каледжы, захаваў гэты ліст і трымае яго як рэліквію, якая сведчыць аб тым, што ёсць яно ўсё ж, сапраўднае каханне. Вось некаторыя вытрымкі з гэтага ліста: “Милая Тося, я когда-то верно любил тебя… Я помню нашу разлуку, наш прощальный день. Мне хорошо запомнилось Комарово, где мы с тобой расстались… Тося, в этот день я тебе сказал: «Жди меня! Жди год, два и больше…»
Інтэлігентная, прыемная з выгляду бабуля такая задуменная на фотаздымку, яна, напэўна, аб чымсьці ўспамінае. Даўно ўжо няма Тафілі Іосіфаўны, і амаль год прайшоў з тае сумнае даты, калі не стала аўтара кнігі “Смарагдавы край”. Але жыве памяць, жывуць яшчэ тыя, хто можа так лірычна падзяліцца сваімі ўспамінамі. І трэба паспець гэтыя ўспаміны сабраць і захаваць.

Валерый Лукашэвіч,
Лізавета Рабянок.
Вучні 11 класа ДУА “Свірскі ВПК д/с-СШ”.
На здымку: фрагмент ліста з фронту.