Прывагі радуюць

285

Прывагі радуюцьСярод руплівых жывёлаводаў Мядзельшчыны і даглядчык буйной
рагатай жывёлы ААТ “Сваткі” Мікалай Нікіфараў. Займаецца ён адкормам быкоў на ферме “Сваткі”. Даглядае 190 галоў.

— Мікалай зарэкамендаваў сябе шчырым і адказным чалавекам, — кажа галоўны эканаміст гаспадаркі Ала Тарасёнак. — І да жывёлы ўважлівы. Клапоціцца, каб яна была накормлена, напоена, адчувала сябе добра. Нават днём прыбягае на ферму ўпэўніцца, што там усё ў парадку. Таму і вынікі працы радуюць. За 2018 год сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе маладняку па групе Мікалая Нікіфарава склала 828 грамаў. У летнія месяцы, калі былі ў дастатковай колькасці канцэнтраты, прывагі ў сярэднім даходзілі да кілаграма, а то і перавышалі яго.
Сям’я Нікіфаравых прыехала ў Сваткі ў 2005 годзе з Віцебскай вобласці. Як паведаміў Мікалай, даўно збіраліся памяняць месца жыхарства, бо гаспадарка, дзе працавалі, была вельмі слабай. Не атрымлівалі своечасова заробкі. Ды і жылля талковага не мелі. Выпадкова ў газеце прачыталі пра сельскагаспадарчае таварыства “Сваткі”. А даведаўшыся, што там патрабуюцца руплівыя рукі, прыехалі на свае вочы пабачыць, як ідуць справы.
— Уражанні і ад гаспадаркі, і ад яе кіраўніка засталіся прыемныя, — успамінае мой суразмоўца. — Мікалай Варабей з першых хвілін размовы выклікаў прыхільнасць да сябе. Спадабаўся памяркоўнасцю, добразычлівасцю, уважлівасцю. Адчувалася, што вельмі хварэе душой і за вытворчыя паказчыкі, і за людзей, якія пад яго кіраўніцтвам працуюць. Нам паабяцаў і працу, і жыллё. Так і атрымалася, калі сюды пераехалі, бо Мікалай Васільевіч, як пазней не адзін раз пераконваліся, слоў на вецер не кідае. Дарэчы, разам з намі прыехала ў Сваткі тады і Марыя Даражынская. Мы і тут жывём побач, сябруем. Вельмі спадабаліся нам тутэйшыя мясціны. Такая прыгажосць навокал! Побач рэчка, лясы. А дарогі якія добрыя! Не тое, што ў Сецькаве на Віцебшчыне, адкуль ні зімой, ні вясной, ні восенню нікуды не выехаць.
— Дык якая ж вас чакала ў Сватках работа? — цікаўлюся.
— У жывёлагадоўлі. Я па сутнасці ўсё жыццё ў гэтай сферы працую, — апавядае мужчына. — Святлана сем гадоў даглядала маленькіх цялят на ферме “Рудзевічы”, пасля раздойвала пяршачак на ферме “Няверы”. Я быў на ферме “Рудзевічы” напачатку вартаўніком, пасля пастухом, слесарам. Зараз абое працуем на ферме “Сваткі”. Я даглядаю быкоў, жонка — цялушак і быкоў. Дапамагаем адзін аднаму, у выпадку неабходнасці падмяняем… Усё задавальняе: і работа, і адносіны да нас кіраўніцтва гаспадаркі.
— Раскажыце, калі ласка, пра сваю
сям’ю, — прашу Мікалая.
— У нас чацвёра сыноў. Жэня і Ігар дарослыя, працуюць у Мінску на будоўлі. Дзіма служыць у арміі. Малодшы Арцём яшчэ дзесяцікласнік. З намі цяпер жыве і мая мама. У яе пачаліся праблемы са здароўем, вось і забралі з Віцебшчыны ў Сваткі. І ёй тут лепш, чым адной, і нам спакайней, бо матуля побач. Дарэчы, дом гэты летась выкупілі. Паціху даводзім усё да ладу. З рамонтам дапамагаюць і старэйшыя дзеці. Яны выраслі руплівымі, працавітымі, што радуе.
Сапраўды, у пакоях і на дваровай тэрыторыі — чысціня і парадак. Гэта, безумоўна, заслуга гаспадароў. Здаецца, і самаробнае драўлянае сонейка, прымацаванае зверху да сцяны паветкі, весела ўсміхаецца кожнаму, хто заходзіць на ўтульны вясковы падворак. І тым самым нібы сцвярджае: “Тут, па вуліцы Набярэжнай у аграгарадку Сваткі, жыве дружная, працавітая
сям’я Нікіфаравых, галава якой, вядома ж, Мікалай”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага