НАРЫС: МЯДОВАЯ СПРАВА ЯГО ЖЫЦЦЯ

351

НАРЫС: МЯДОВАЯ СПРАВА ЯГО ЖЫЦЦЯСОНЕЧНЫМ дзянёчкам на зыходзе мая першакласнік Лёнік прыбег са школы дадому, паставіў пад стол, за якім рабіў урокі, сумку з кніжкамі і накіраваўся на кухню. Там малеча прыхапіў парожнюю пляшку з коркам ды пашыбаваў на калгасны лужок, які раскінуўся непадалёку. Ад разнатраўя ў паветры лунаў водар надыходзячага лета. Над кветкамі заўзята шчыравалі лагодныя пчолы, збіраючы салодкі нектар. Лёнік злавіў некалькі, заганяючы маленькім прутком у рыльца бутэлькі, потым прыкрыў яго коркам і радасны паспяшаўся дахаты. Пчолкі гулі незадаволена, аднак выбрацца з палону не маглі. Хлапчук тым часам прысеў пад грушу перад хатай і пачаў нечага чакаць. Да яго падышла бабуля Клемянціна, добразычліва пацікавілася:
— Ну і навошта ты пчол у пляшку налавіў?
— Хачу, каб яны мне мёду нанасілі.
— Ніякага з іх мёду не будзе, так што выпускай пчол на волю.
— Нічога, магу і пачакаць, пакуль нанясуць…
— Які ты неразумнік! Каб свой мёд мець, трэба домікі ставіць, пчальнік заводзіць. Як твой дзядуля Іван.
Яно і сапраўды, у дзядулі пчолы былі. Здаралася, калі прыязджалі ўлетку сваякі з дзецьмі на пабыўку, ён прыносіў царскі пачастунак — вялікую місу мёду з сотамі. Потым, калі пчол не стала, малыя прасілі ў дарослых рубель, беглі ў магазін і куплялі паўлітровы слоік штучнага мёду з прыгожай залацістай этыкеткай і батон з пшанічнай мукі. А каб надаць пачастунку хоць нейкае падабенства з сапраўдным, даставалі з пчалінага жытла рамку з сотамі і залівалі ячэйкі густой бурштынавай вадкасцю. І хаця такому “мёду” да сапраўднага — як да Месяца, для дзяцей усё роўна гэта была доўгачаканая смаката. Ужо тады Лёня часта задумваўся пра тое, што з гадамі абавязкова стане пчаляром. Пасля дзядулі мядовай справай паспрабаваў займацца хлопчыкаў бацька, Мечыслаў Віктаравіч. Хаця, па шчырасці, напачатку атрымлівалася не вельмі. Як-ніяк, працаваў механізатарам, пастаянна меў справу з саляркай, салідолам, а пчол іх пах
раздражняе. Затое Мечыслаў Віктаравіч вельмі любіў чытаць. Калі ўжо трапіць у кнігарню, то не выйдзе адтуль, пакуль штосьці не купіць. Такім чынам сабраў неблагую бібліятэчку спецыяльнай літаратуры.
— Прыедзе з работы, — заўважае ў гутарцы Леанід Мечыслававіч, — і пры першай магчымасці бярэ ў рукі кнігу. Чытаў заўсёды з вялікай ахвотай. Таму, лічу, хаця і меў толькі два класы адукацыі, працаваў пазней у калгасе і брыгадзірам трактарнай брыгады, і загадчыкам майстэрняў. Мне такой апантанай любові да кнігі, на жаль, не перадалося…
Раней людзей у вёсцы было шмат, не тое, што зараз. І “шэфы” ўлетку прыязджалі на дапамогу: нарыхтоўваць сена, убіраць збожжавыя. Аднойчы ў двор да Кайрэлісаў завіталі два хлопцы з Мінскага завода вылічальнай тэхнікі, прывіталіся. І да бабулі Клемянціны, якая тупала па двары:
— Цётка, купіце рой пчол — не пашкадуеце.
— Які рой?
— Ды вось, працавалі на сенажаці, — адказвае адзін з хлопцаў, —
і злавілі рой. Мой бацька пчоламі займаецца, таму ўмею з імі абыходзіцца. Бачым, у вас домікі стаяць. Нават дапаможам вам пчол пасадзіць і просім нядорага — адзінаццаць рублёў.
— Не-не, нам не трэба, ідзіце адгэтуль…
Аднак тут умяшаўся Лёня:
— Бабуля, міленькая, давайце купім.
Тая паглядзела, што на вочы хлапчука ўжо нагортваюцца слёзы, пагадзілася. Купіць то купілі, а ўяўленне аб пчалярстве мелі амаль нулявое, таму на той раз нічога талковага і не атрымалася. За зіму рой прапаў. Гады праз два, у васьмідзясятым, Леанід запісаўся на вучобу ў мядзельскую аўташколу: захацеў
атрымаць правы матацыкліста. Аднаго разу, выйшаўшы з рэйсавага аўтобуса ў Яневічах, ужо ў Памошшы заўважыў на бярозе каля фельчарска-акушэрскага пункта нейкі цёмны клуб. Прыгледзеўся: пчаліны рой. Подбегам паспяшаўся дадому, і зноў да бабулі: маўляў, дапамагай! Тая прыхапіла з сабой лубянку, кавалак марлі — і да тае бярозы. Стрэсці рой, каб ён асеў ніжэй, доўга не ўдавалася. Бабулі гэта надакучыла, і яна пакрочыла дадому. Ледзь не апусціў рукі і Леанід, але, на яго шчасце, лупануў добры дождж, які сагнаў пчол на сліву, што расла непадалёку. Неўзабаве рой ужо сядзеў у лубянцы. Колькі радасці было хлапцу — не перадаць! Аднак больш-менш пчолы сталі весціся ў Кайрэлісаў пасля таго, як бацька злавіў у лесе яшчэ адзін багаты рой. Ды якіхсьці бортніцкіх сакрэтаў Леанід тады не паспеў спазнаць, бо пасля заканчэння сярэдняй школы ў Сырмежы пайшоў служыць у рады Савецкай Арміі.
Прызывалі ў самым канцы сакавіка 1983 года. Адначасова з Леанідам атрымаў павестку і Мікалай Калошка, таксама з Мядзельшчыны. Разам патрапілі ў “вучэбку” ў Паўночны
Казахстан. А 22 чэрвеня, роўна ў чатыры гадзіны, іх паднялі па баявой трывозе. Хтосьці з афіцэраў яшчэ нядобра пажартаваў: “У сувязі з такой адметнай датай будзеце маршыраваць па Чырвонай плошчы”. Хуценька загрузіліся ў самалёт, узляцелі. Праўда, у паветры аб’явілі, што замест
Масквы “Іл-18” прызямліцца ў Ташкенце. Многія нават задрамалі, і калі Кайрэліса штурхнулі пад бок, ён пацікавіўся: “Што, ужо Ташкент?”.
— Які Ташкент? Ужо Кабул!
Там іх з Мікалаем Калошкам разлучылі. Леанід патрапіў служыць вадзіцелем на “ЗіЛ-133”. Канечне, вайна — не цукар, там усялякае здаралася. Служыць давялося пад Кабулам, у складзе калон тэхнікі выконваць баявыя задачы. У горадзе — то ў мячэці, то на плошчах — грымелі выбухі, якія ўчынялі дыверсанты-душманы, гінулі мірныя жыхары, савецкія спецыялісты і салдаты. Сітуацыя значна абвастрылася якраз з восені восемдзесят трэцяга, калі ўзброеныя атрады апазіцыі ўпершыню засталіся ў Афгане на ўсю зіму. Асабліва крыўдна было, калі гінулі хлопцы, якія ўжо адслужылі свой тэрмін. Так здарылася з сёмай ротай трэцяга мотастралковага батальёна, якая ў красавіку восемдзесят чацвёртага ў раёне Суробі трапіла ў засаду. Загінула пятнаццаць ваеннаслужачых, адзінаццаць з якіх загадам міністра абароны СССР яшчэ ад 26 сакавіка былі дэмабілізаваны… За час службы, якая працягвалася да жніўня восемдзесят пятага, Леанід добра пазнаёміўся з адным з салдат урадавых войск Афгана, з якім давялося ўдзельнічаць у сумесных аперацыях.
— Звалі яго Маіл, — распавядае Леанід Кайрэліс, — родам з Джэлалабада. Бывала, маці прысылала яму адтуль здобу, апельсіны. Тады ён запрашаў мяне на чай. Напой без цукру і дамашнія булачкі смаку былі непаўторнага. Скажу шчыра, мне
надоўга запомнілася прыязнасць гэтага шчырага хлопца. А наогул,
Афганістан у тыя часы — вельмі бедная краіна. Проста дрыжыкі бралі, як людзі хадзілі босыя па восеньскай слоце. А той, хто меў прымітыўныя галёшы, лічыўся ледзь не заможным чалавекам…
Канечне, на вайну лепш за ўсё не трапляць. Леаніду Кайрэлісу пашчасціла, што вярнуўся адтуль жывы і здаровы, хаця і давялося “пераслужыць” некалькі месяцаў. Закрываючы афганскую тэму, ён разважліва зазначыў: “Так, там было небяспечна, кожны дзень мог стаць апошнім. Аднак выратоўвала сапраўднае баявое сяброўства саслужыўцаў. Галоўнае — будзь сам годным чалавекам, не хітруй, бо такіх нідзе не любяць. Не ведаю, як дзе, а ў нас старэйшыя па-братэрску апякалі маладзейшых. Ніколі не забуду свой першы бой. Паднялі нас па трывозе: пад раніцу душманы атакавалі падраздзяленне віцебскіх дэсантнікаў, якое размяшчалася непадалёку. Я, дзелавы такі, высунуўся па нявопытнасці з-за ўкрыцця напалову корпуса, каб лепш было бачна, куды страляць. І ў той жа момант атрымаў удар прыкладам аўтамата па касцы. Ад нечаканасці ссунуўся ўніз. “Ці дайшло хоць, за што?” — схіліўся нада мной адзін з радавых, які ўжо заканчваў службу. “Не, — адказваю, — пакуль не зразумеў”. “Дык вось, так бязглузда больш не высоўвайся, — настаўляе той, — а то снайпер ураз здыме альбо “шалёную” кулю зловіш. Пакуль малады, глядзі на нас і вучыся, як трэба бой весці, каб ён не стаў для цябе апошнім…”
Можна дзівіцца, але і ў час службы Леаніда не пакідала дзіцячая мара пра пчалярства. У роднае Памошша вяртаўся жнівеньскім дзянёчкам у прыўзнятым настроі, статны, памужнелы. З яго прыходам і ў бацькоўскім доме шчасця — цераз край. Маці Ядвіга Іванаўна паспяшалася клікаць сваякоў у госці, а бацька з адценнем таямнічасці ў голасе па-змоўніцку прапанаваў:
— Мабыць, пойдзем, крыху мядку возьмем?
Леанід з ахвотай пагадзіўся. Аказалася, у садзе каля дома меліся дзве добрыя сям’і пчол. І трэба ж такому надарыцца, адна з пчол, хаця юнак і апрануўся адпаведна, уджаліла яго. Бяда, канечне, невялікая, але ўсчалася нежартоўная алергія. На душы ў Леаніда адразу стала горка: не ад укусу — ад думкі, што не зможа займацца пчалярствам. Праўда, неяк абышлося. Хлопец ведаў, што ў такіх выпадках някепска дапамагае дымедрол. Выпіў некалькі таблетак — і алергія адступіла, яму на радасць — назаўсёды.
Пчолы пчоламі, аднак не цураўся Леанід і аднагодкаў, хадзіў разам з імі на танцы. Там і сустрэў Валянціну з вёскі Забегі, якая наведвалася пагасцяваць да сваёй цёткі Крысціны. Ён і раней ведаў дзяўчыну, класа з восьмага. Ды не вельмі звяртаў увагу. А тут убачыў — і сэрца адразу затахкала ва ўзнёслым рытме. Вось так і прыйшло да яго сапраўднае каханне. Распісваліся на зыходзе 1986-га, 31 снежня, справілі вяселле. А на наступны год, у ліпені, не стала бацькі. Да гэтага Леанід ездзіў з ім да аднаго прафесара ў Вільнюс. Той добра агледзеў Мечыслава Віктаравіча і вынес невясёлы вердыкт: “Мяркуючы па вашым арганізме, як ні балюча гэта казаць, вы пражывяце роўна год…” Так яно атрымалася і на самой справе, з розніцай у адзін ліпеньскі дзень.
— Я якраз дома быў, — успамінае Леанід, — бачу, штосьці не тое з пчоламі робіцца. Носяцца як апантаныя, б’юцца. Яшчэ падумалася: штосьці нядобрае з бацькам зрабілася, ён на той час у бальніцы ў Кабыльніку ляжаў. А праз якую гадзіну мне перадалі, каб пад’ехаў туды…
Давялося па-сапраўднаму ўжо пераймаць у пчалярскай справе эстафету ад бацькі. Не абыходзілася і без памылак. На першых самастойных кроках галоўным для Леаніда быў мёд. Яно і не дзіўна, бо гэты ўнікальны прадукт з даўніх часоў лічыцца ў народзе элексірам здароўя і даўгалецця. Разуменне ж таго, што добрага мёду без сапраўднага клопату пра пчол ніколі не будзе, з’явілася некалькі пазней, калі пазнаёміўся са спецыяльнай літаратурай. Прыйшлі і неблагія вынікі, а па наваколлі пра Леаніда разнеслася пагалоска як пра здатнага пчаляра. Неяк надвячоркам да Кайрэліса завітаў старшыня праўлення тагачаснага калгаса імя Калініна Казімір Гапановіч:
— Трэба, Мечыслававіч, каб ты ўзяўся даглядаць нашых пчол.
— У мяне ж няма ніякай спецыяльнай адукацыі.
— Нічога! Калі ёсць толк са сваімі пчоламі, то будзе і з калгаснымі.
У гаспадарцы аказалася каля паўсотні домікаў, сямнаццаць з іх былі заселены. З тае пары і дасёння Леанід працуе на два франты: акрамя свайго, шчыра апякае і пчальнік гаспадаркі, у якой ужо сорак сем’яў. На змену калгасу імя Калініна прыйшло таварыства “Занарачанскі”. Нямала год праляцела з таго часу, многае памянялася ў жыцці вяскоўцаў, набраўся пчалярскага вопыту і Леанід. Неаднаразова выязджаў на семінары, якія праводзіліся ў Гродзенскім аграрным універсітэце, Закарпацці… Кіраўніцтва таварыства таксама разумее выгаду ад пчол — сеюць паблізу Памошша грэчку, рапс, фацэлію, белую і ружовую канюшыну. Усё гэта спрыяе таму, што пчальнік у добры сезон па мёдазборы выходзіць на першае месца ў вобласці. Яго рэкорд — 54 кілаграмы мёду ад кожнай сям’і.
— Гэта вельмі адказны і шчыры чалавек, — характарызуе Леаніда Кайрэліса куратар таварыства “Занарачанскі”, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Пётр Каўрус. — Выключна талковы, прыстойны. Мёд, які ён адпраўляе з пчальніка ў гандлёвую сетку гаспадаркі, — высокай якасці, аб чым мне даводзілася чуць ад многіх пакупнікоў.
Калі хто падумае, што Леанід Мечыслававіч займаецца толькі пчоламі, то моцна памыліцца. Нямала год ён спадарожна працаваў у мясцовай гаспадарцы на адказных пасадах: брыгадзіра, механіка, загадчыка свінатаварнай фермы ў Памошшы. А на стыку стагоддзяў уладкаваўся слесарам-сантэхнікам у санаторый “Прыазёрны”, дзе вельмі зручным аказаўся графік работы: суткі аддзяжурыў — трое дома. Жонка Валянціна таксама там працуе — пакаёўкай. У аграгарадку Нарач пабудавалі сабе дом, дзеці павырасталі. Сын Павел закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, працуе на Мінскім аўтазаводзе начальнікам бюро штампоўкі, а дачка Каця — выпускніца Гродзенскага медуніверсітэта — загадчыца Свірскай участковай бальніцы, мае ўжо сваю сям’ю.
Даводзілася чуць меркаванне, што людзі, якія ўключаюць у сваё штодзённае меню лыжку мёду, не маюць патрэбы ў аптэчных таблетках. З гэтым пагаджаецца і Леанід Кайрэліс. Да яго часта звяртаюцца людзі з просьбай даць добрага мёду на лекі. І ён ніколі не адмаўляе, але пры гэтым нагадвае пра два моманты. Па-першае, мёд бывае вельмі розны: пачынаючы з майскага і заканчваючы вераснёўскім зборам. Адпаведна, у кожнага свае ўласцівасці, уздзеянне на чалавека. Як лічыць Леанід Мечыслававіч, рапсавы на карысць пячонцы, умацоўвае сардэчную мышцу, майскі найлепш дапамагае пры прастудных захворваннях, грэцкі спрыяе аздараўленню шчытападобнай залозы… Толькі, а гэта ўжо па-другое, нельга адразу ўжываць вялікую колькасць, бо здароўю можна і нашкодзіць. Не выпадкова ж японскія доўгажыхары кажуць: “Усё атрута і ўсё лекі —розніца ў дозе!” Эксперыментуе Леанід Кайрэліс і са сном на вуллях, зрабіў на іх у паветцы два лежакі.
— Іншым разам так зморышся, што ўсё з рук валяецца, — распавядае пчаляр, — а паляжыш хвілін з дваццаць — і адчуваеш прыліў сіл. Спрабавалі гэту аздараўленчую працэдуру іншыя людзі. Як правіла, нават сярод белага дня хвілін праз дзесяць усе засынаюць…
Многія чулі, што пчолы не любяць паху гарэлкі, віна, піва. Ішоў неяк па вуліцы чалавек, спыніўся насупраць пчальніка і пачаў назіраць за працай Леаніда Мечыслававіча. Той мінаку: “Дзядзька, не глядзі праз плот, падыходзь сюды”. “Не, — адказвае, — мне і тут добра, пастаю, пагляджу”. А пчолы, як учулі выпіўшага, пайшлі ў атаку. Давялося таму ўцякаць. Ды і ў наступныя дні са тры вымушаны быў хадзіць “кругамі”, бо пчолы не давалі праходу. Хаця і маленькія, але, атрымліваецца, разумныя істоты.
— Праца пчаляра, — заключае Леанід Кайрэліс, — клапатлівая, турботная. Аднак пасля гэтулькіх год кінуць справу свайго жыцця вельмі складана, а хутчэй за ўсё, немагчыма…

Павел ЖУКАЎ.