«Нарачанку» у кожны дом!

308

"Нарачанку" у кожны дом!ВЫ КАЛІ-НЕБУДЗЬ задумваліся, як да вас у дом трапляюць навіны? Першымі пра іх даведваюцца журналісты, якія збіраюць усю даступную інфармацыю і афармляюць яе так, каб нават далёкаму ад тэмы чалавеку было зразумела, што адбываецца. Затым навіна трапляе на вёрстку, пасля — як частка электроннага нумара газеты — у друкарню. І са станка выходзіць гатовае выданне. “Нарачанская зара”, напрыклад. І здавалася б, на гэтым усё — навіны ўжо ў вас у руках. Але мы забыліся пра яшчэ адзін, не менш важны этап — пошту. Бо менавіта дзякуючы паштальёну газета з’яўляецца ў вашай паштовай скрыні. Менавіта паштальён афармляе падпіску, знаёміць вас з канкрэтным выданнем.

Пра гэта не па чутках ведае наша гераіня — супрацоўнік паштовага аддзялення горада Мядзел Ірына Юндзіль. За справаздачны перыяд яна паказала выдатны вынік па падпісцы на “Нарачанскую зару” на сваім участку.
— Я раней і падумаць не магла, што буду працаваць на пошце, — дзеліцца Ірына Васільеўна. — Сама родам з вёскі Лук’янавічы, вучылася ў Маладзечне на сакратара. Спачатку працавала экспедытарам на хлебазаводзе ў Мядзеле, затым перайшла на пошту. Звольнілася перад дэкрэтным адпачынкам, але потым зноў вярнулася.
І магу дакладна сказаць, што праца паштальёна мне падабаецца больш за ўсё.
— Менавіта чым яна вас прыцягвае?
— У першую чаргу сваёй рухомасцю. Я не той чалавек, які можа цэлы дзень сядзець у офісе, напрыклад. Раней працавала на маршруце мотадастаўкі, але цяпер толькі па горадзе. І гэта выдатна, — знаходзіцца ў руху, незалежна ад надвор’я і самаадчування. Да таго ж паштальён, так ці інакш, пастаянна мае зносіны з самымі рознымі людзьмі — гэта мне таксама вельмі падабаецца. Бывае, прачнулася з раніцы, настрой дрэнны, а на працу прыйшла, узяла сумку — пакуль прагуляюся да першага адрасу, ужо і весялей, а з жыхарамі пагутарыш, абмяркуеш навіны — настрой і ўвогуле выдатны.
— У чым сакрэт выніковай мінулай падпісной кампаніі?
— Нейкага сакрэтнага прыёму, як пераканаць людзей падпісацца, у мяне няма (смяецца). Ёсць катэгорыя падпісчыкаў, якія самі сочаць за датамі і рыхтуюць спісы газет, якія ім патрэбныя. Гэта ўжо звычка ў іх — пастаянна выпісваць пэўныя выданні. Такіх людзей і ўгаворваць не трэба. У гэты раз канкрэтна па “Нарачанскай зары” вельмі актыўна праявіла сябе Цэнтральная раённая бальніца. Але ёсць, вядома, і тыя людзі, якія да гэтага газету ніколі не атрымлівалі, а зараз, пасля размовы са мной, вырашылі пачытаць. Напрыклад, калі пасылкі на дом дастаўляю, заўсёды раскажу пра газету, прапаную для пачатку падпісацца хоць бы на месяц. Бывае, людзі спачатку адмаўляюцца, але потым усё ж выпісваюць. І ўцэлым, у мяне вельмі мала падпісак на месяц. Большасць — на квартал, але ёсць і такія, хто адразу на паўгоддзе афармляецца.
— Цяпер часта кажуць пра тое, што друкаваныя выданні губляюць папулярнасць. А вам як здаецца?
— Сапраўды, я заўважаю, што ў апошні час падае падпіска. Нават калі параўнаць з перыядам, калі толькі прыйшла працаваць на пошту. Тады ў сумцы было вельмі шмат газет і часопісаў, а цяпер усё менш і менш. Нават звычайных віншавальных паштовак да святаў таксама стала менш. Але яно і зразумела — ёсць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, тэлефанаваць цяпер можна хоць на край свету. І ў перыяд падпіскі асабліва адчуваецца, што людзі ўсё больш ідуць у інтэрнэт. Звычайна гэта моладзь. Ім прапануеш падпісацца, кажуць — не трэба, мы на сайце прачытаем, ці ў сацыяльных сетках. Але нават з імі атрымліваецца знайсці кампраміс, дамовіцца падпісацца. Хоць, чыста па назіраннях, з “Нарачанскай зарой” у людзей адносіны складваюцца лепш — выпісваюць больш ахвотна. Думаю, таму, што ў гэтай газеце ўсё ж асноўныя навіны раёна, гісторыі пра сваіх людзей, нешта блізкае і цікавае.
— А самі адкуль атрымліваеце інфармацыю?
— У мяне сінтэз: я і ў інтэрнэце за сайтамі і групамі ў сацыяльных сетках сачу і газету выпісваю. Таму што відавочна: у інтэрнэце выкладываюць не ўсе матэрыялы, што ёсць у газеце, ды і цікава часам бывае выказацца пад нейкай нататкай. А ў газеце ў сваю чаргу не ўбачыш, напрыклад, відэаматэрыял. Таму, мне здаецца, сумяшчаць — гэта ідэальны варыянт.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.