Калі ёсць згода і ўзаемаразуменне

318

Калі ёсць згода і ўзаемаразуменнеЗ АПЕРАТАРАМ машыннага даення кароў фермы «Брылі» НП «Нарачанскі» Крысцінай Баравой
сустрэліся на ферме. Жанчына рыхтавалася да чарговай дойкі. Але, зірнуўшы на гадзіннік, згадзілася крыху
пагутарыць. Час дазваляў.
І вось мы сядзім у пакоі адпачынку. Чыста, утульна. На пытанне, чым запомніўся мінулы год, жанчына, крыху задумаўшыся, адказала:
— Нічога незвычайнага не адбылося. Як і ў папярэднія гады, штодзённа працавала на ферме. Муж Аляксандр таксама тут стараецца, ён слесар у цялятніку. Сын Вадзім ходзіць у пяты клас, захапляецца спортам. Летам — веславанне на байдарках і каноэ, зімой — лыжы. У розных спаборніцтвах удзельнічае, прычым даволі вынікова, пра што сведчаць дыпломы і граматы. А вось дачушка Паліна, яна шасцікласніца — мая памочніца. І ў кватэры прыбярэ, і ежу прыгатуе…
Жанчына паведаміла, што 365 дзён праляцелі непрыкметна, не ўносячы значных узрушэнняў у звычайнае жыццё.
— Жывём у курортным пасёлку Нарач. На працу і дадому возяць. З гэтым ніякіх праблем. А ў тым, што ў сярэднім ад рагулі замацаванай групы за мінулы год надаіла 7186 кілаграмаў малака, лічу, не толькі мая заслуга. Добрая кармавая база, на ўзроўні пастаўлена і селекцыйная работа. А яшчэ строгае захаванне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны — вынікам усяго гэтага сталі важкія надоі, — гаворыць Крысціна Чаславаўна.
Нельга не пагадзіцца з довадамі жанчыны, тым больш, што ў жывёлагадоўлі яна не навічок. Закончыўшы 9 класаў, Крысціна падала дакументы ў тагачасны Свірскі сельскагаспадарчы ліцэй, дзе набыла спецыяльнасць трактарыста-машыніста.
— Амаль год адпрацавала ў Буйках на трактары «МТЗ-82». Там жа і пазнаёмілася з Аляксандрам з вёскі Каракулічы. Выйшла замуж. На сямейнай нарадзе вырашылі, што пайду даіць кароў на ферму «Астраўляны». Так і адбылося. Потым крыху працавала на свінагадоўчай ферме, тады — на ферме «Сырмеж», — працягвае размову жанчына. — Не стала ўнітарнага прадпрыемства «Цепласеткі». А жыць і працаваць трэба. Завіхалася кухоннай рабочай у «Зубраняці». Тры гады таму ўладкавалася сюды. Нам далі жыллё ў курортным пасёлку. Вось так і працуем, — кажа Крысціна Баравая.
Начальнік сельскагаспадарчай вытворчасці дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Нарачанскі» Мікалай Мягкоў дадае:
— На ферме працуе невялікі, дружны і згуртаваны калектыў жывёлаводаў. Кожны адказна ставіцца да даручанай справы. Толькі добрае магу сказаць пра Крысціну Баравую.Старанная жанчына. У калектыве яна не вельмі даўно, але выніковай працай заваявала аўтарытэт і павагу калег, кіраўніцтва Нацпарку. Ірына Вярэшка таксама нядаўна працуе, але вызначаецца стараннем. Больш за 20 год доіць кароў Наталля Жогла. Сярод «старажылаў» — аператары па дарошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы Вольга Заіка і Жанна Перадрэева. Жанна прымае ад даярак нованароджаных цялятак, даглядае, а потым перадае Вользе. Зладжана працуе гэты тандэм.
Гаворачы пра поспехі жывёлаводаў, нельга не назваць вядучага заатэхніка Алега Смалячкова, загадчыцу фермы Любоў Агурок. Любоў Чаславаўна кантралюе пытанні кармлення, даення і ўтрымання жывёлы, імкнецца зрабіць усё магчымае, каб паўсюдна панавалі чысціня і парадак. Дарэчы, для жывёлаводаў створаны добрыя ўмовы працы і адпачынку. Рэгулярна выплачваецца годны заробак.
— У нас не бывае парушэнняў працоўнай дысцыпліны, што вельмі важна. Людзі з адказнасцю ставяцца да даручанай справы. А калі ўсё ладзіцца, то і вынікі не прымушаюць сябе чакаць, — зазначае загадчыца фермы. — Прадукцыю рэалізуем класам «экстра».
— Сваіх рагуль, напэўна, ведаеце, як кажуць, «у твар». Што можаце расказаць пра іх? — пытаюся ў Крысціны Чаславаўны.
— У групе 49 кароў. Зараз дояцца 35. Ведаю нораў кожнай. Адна доіцца даўжэй, другая хутка аддае ўсё малако. Ёсць кароўкі, ад якіх маем за суткі па 30 і больш кілаграмаў. Нізкапрадукцыйных рагуль выбракоўваем, а на іх месца ставім пяршачак, — чую ў адказ.
Жанчына расказала, што раздача кармоў механізаваная. А вось камбікорм раздаюць уручную. Што і зразумела: даяркі лепш за ўсіх ведаюць сваіх рагуль, іх прадукцыйнасць. Акрамя гэтага, яны даглядаюць і цялятак да
20-дзённага ўзросту.
— У мяне зараз тры маленькія цялушкі. У хуткім часе будуць ацёлы, і малых паболее, — кажа Крысціна Чаславаўна.
Яна звярнула ўвагу на важнасць узаемаадносін у калектыве. Хаця кожная даярка абслугоўвае толькі сваю групу кароў і адказвае за канкрэтны ўчастак работы, ёсць задачы, вырашэнне якіх залежыць ад зладжанай работы ўсяго калектыву. Напрыклад, чысціня і парадак на тэрыторыі фермы, у памяшканнях. Справы ладзяцца, калі ёсць згода і ўзаемаразуменне.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.