Каханне не згасла з гадаміНапісаць пра сям’ю Вайткевічаў параілі жыхары аграгарадка Нарач. Ад многіх давялося шмат добрага пачуць пра гэту дружную пару, якая годна без малога пяцьдзясят год ідзе поплеч па жыцці.
І вось мы ў хаце Вайткевічаў. Гутарым з гаспадарамі. Ганна Антонаўна ўспамінае дзяцінства, маладыя гады, сваіх бацькоў і двух братоў, якія пайшлі з гэтага свету маладымі. Яна сама родам з Цюкшоў, а муж — з суседніх Мельнікаў. Толькі пяць кіламетраў раздзялялі іх населеныя пункты. Так што абодва тутэйшыя.
— Мы пажаніліся ў 1969 годзе, — апавядае гаспадыня. — Жылі адразу ў Мельніках. Там і дзеці нашы нарадзіліся — чатыры дачушкі і сын: Лена, Іра, Аляксандр, Тэрэса і Оля. Я ў саўгасе працавала ў паляводстве, Леанард — на будоўлі, пасля — у лясгасе. З-за таго, што работа ў мужа была далекавата ад дому, вяртаўся заўсёды позна. Вось дамашнія справы і трымаліся ў асноўным на мне. На шчасце, гадаваць дзяцей матуля дапамагала. Дабірацца і самім на працу, і дзецям у школу было не вельмі проста, асабліва зімой. Таму задумваліся, каб пераехаць у вёску Нарач. З часам наша мара ажыццявілася: купілі ўчастак з падмуркам і ўзяліся за справу. Гады са тры будаваліся. Радаваліся вельмі, што ўладкаваліся ў населеным пункце, дзе ёсць школа, магазіны, зручныя транспартныя зносіны…
— А што вы пра сваё сямейнае жыццё можаце расказаць, чым пахваліцца?
— Жывём нармальна, можна сказаць, душа ў душу, — кажа гаспадыня. — Муж з першых дзён стварэння нашай сям’і і дагэтуль адносіцца да мяне з любоўю, цеплынёй і павагай. Усе будзённыя пытанні заўсёды вырашалі разам. Вядома, цяжкасці, як ва ўсіх, былі і ў нас. Але пераадольвалі іх годна. Жылі для дзяцей, шмат працавалі.
— А хто каму першы ўступаў, каб не пасварыцца?
— Ну, вядома ж, я, — чую ў адказ. — Муж жа — галава сям’і. Ён “круціўся”, каб забяспечыць усім неабходным і мяне, і дзяцей. Я была яму за ўсё бязмерна ўдзячна. Вось і старалася дагадзіць. Нават калі здараліся нейкія непаразуменні, не было такога, каб нейкі час не размаўлялі. Які ж бы мы прыклад тады дзецям паказвалі?
— А як склаўся лёс вашых дачок і сына?
— Увогуле добра. Ва ўсіх свае сем’і, дзе пануе павага і ўзаемаразуменне. Оля жыве ў аграгарадку Нарач, Лена — у курортным пасёлку. У Іры свой дом у Швакштах, але цяпер яна з намі. У яе муж дальнабойшчык, падоўгу адсутнічае. Таму ёй і дзецям у Нарачы зручней: школа якраз насупраць нашай хаты знаходзіцца, дзе і сама працуе, і дзеці вучацца. Ды і нам з Леанардам з імі весялей. Тэрэса і Аляксандр уладкаваліся ў Мінску. Ва ўсіх ёсць прафесіі. Напрыклад, Оля — швачка, атрымала спецыяльнасць падчас вучобы ў Полацку. Тэрэса — цырульнік, Лена — адміністратар у санаторыі “Нарач”. Іра ў школе тэхработнікам працуе. Саша, як некалі і яго бацька, — будаўнік. Нам ніколі не даводзілася за іх чырванець. Добрыя ў нас і нявестка, і зяці. Мне вельмі падабаецца, што дзеці сябруюць між сабой, адзін аднаму дапамагаюць і нам таксама. Сваёй талакой садзім і бяром бульбу, вырашчаную гародніну. У нашай сям’і няма гультаёў. З маленства дзеці да работы прывучаны.
— У вас пяцёра дзяцей. А ў вашых дачок, сына колькі?
— У іх сем’і таксама мнагадзетныя, — працягвае расказваць жанчына. — У Лены чацвёра: Вераніка, Жэня, Жанна і Міша. Яны ўсе дарослыя. Замужам пакуль толькі Вераніка. Дарэчы, яна сёлета 23 кастрычніка нарадзіла сыночка Яраслава, а мне з мужам — нашага першага праўнучка. У Іры чацвёра дзяцей. Аня вучыцца ў Мінску, Андрэй, Марына і Дзіма — школьнікі. У Сашы — трое. Антон — студэнт, Насця і Арцём — школьнікі. У Тэрэсы — сямёра дзяцей. Таня і Павел — студэнты. Маша, Аляксандр, Даша і Яна — школьнікі, а Стасіку толькі два гады споўнілася. У Олі — чацвёра дзяцей: Данік займаецца ў Мінску, Лёнік і Аліна — школьнікі, а Алеся наведвае яшчэ дзіцячы сад. Унукі — наша з дзедам радасць. Прыемна, што яны памятаюць пра нас, любяць і паважаюць. Дзеці жывуць у дастатку. Маюць жыллё, машыны. За рулём ездзяць усе: і жанчыны, і мужчыны.
Ад Ганны Антонаўны даведалася, што яна ў сваім жыцці шмат працавала, ды і муж таксама. Як мнагадзетная маці пайшла на пенсію датэрмінова, але сядзець у хаце не стала. З паляводства перайшла цялятніцай на ферму “Нарач”. Да работы адносілася старанна і адказна, а да жывёлы, якую даглядала, — з любоўю. Напэўна, таму і дабівалася пастаянна важкіх прывагаў. На пенсію пайшла роўна ў шэсцьдзясят. Апошнія гады Леанард Альфонсавіч падвозчыкам кармоў на ферме працаваў. Ён часта дапамагаў жонцы ўпраўляцца з цялятамі, за што была яму ўдзячна. Вярнуўшыся з працы, разам шчыравалі і на ўласным падворку, дзе трымалі дзвюх кароў, свіней.
— А ў вольны час чым, акрамя хатніх спраў, любілі займацца?
— Некалі, яшчэ ў дзявоцтве, навучылася шыць. Памятаю, як тата прадаў карову і купіў мне швейную машыну. Асвойвала рамяство ў вядомай у той час краўчыхі ў Куелях. Шыла і мужчынскую вопратку, і жаночую. Прычым не толькі для сябе і сваіх блізкіх, але і для іншых людзей. Цяпер гэтым не займаюся: пастарэла, ды і патрэба такая адпала. А калі што трэба, то і Оля пашые. Яна ж у нас — дыпламаваны спецыяліст.
Давялося пабачыць, з якой любоўю і павагай адносіцца да Ганны Антонаўны Леанард Альфонсавіч. Яго позірк, кінуты на жонку, гаварыў лепш за любыя словы. Міжволі падумалася: “Пашанцавала гэтай цудоўнай сямейнай пары, бо яны не растрацілі сваё каханне, а пранеслі праз гады. І цяпер свайго жыцця не ўяўляюць адзін без аднаго. Да таго ж, уменне будаваць узаемаадносіны між сабой і дзецям перадалі. Нездарма ў іх таксама вялікія, моцныя і дружныя сем’і!”

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.