Далёкія і блізкія рэйсы Івана Куркуля

244

Далёкія і блізкія рэйсы Івана КуркуляУсё працоўнае жыццё вадзіцеля таварыства «Занарачанскі» Івана Куркуля звязана з сельскай гаспадаркай. У гэтай сферы ён працуе з 1983 года.

— Я з вёскі Болькава. Прафесію набываў у Свірскім СПТВ, — расказвае. — У калгасе імя Калініна быў на практыцы. Хлопцы знаёмыя тут рабілі. Дык і я сюды ўладкаваўся. Адразу з Болькава ездзіў на працу. Праз некалькі год ажаніўся, перабраўся ў Старлыгі.
— Увесь час вадзіцелем працавалі?
— Так. Пачынаў на «газоне», потым працаваў на «КамАЗе», «ЗіЛе». А зараз — на «МАЗе». Так што на чатырох машынах паганяў.
— Няшмат іх і памянялі…
— На «КамАЗе» 11 год паездзіў. Пры Савецкім Саюзе былі рэйсы ў Латвію, Эстонію, Украіну, Грузію. Неяк у Старлыгах накрыўкі на слоікі рабілі — ездзіў у Грузію па бляху, ва Украіну — па запчасткі. У Прыбалтыку сем’і перавозіў.
Далёкія рэйсы для Івана Мар’янавіча ўжо ў мінулым. Цяпер усё больш па гаспадарцы ездзіць.
— Звычайна так. Але і далей трохі, бывае: у Ваўкавыск па цэмент, у Мінск. Але гэта рэдка.
— Як лічыце, для вадзіцеля якія якасці патрэбны?
— Самае галоўнае — у тэхніцы разбірацца. Дысцыплінаваным абавязкова трэба быць, паважаць іншых на дарозе.
За ўсе гэтыя гады рознае бывала: і па 16 гадзін з-за руля не вылазіў, і на палявых дарогах загразнуць здаралася, і, калі ў савецкі час «КамАЗ» ламаўся далёка, даводзілася стаяць, чакаць, пакуль калегі прыедуць.
— А што прыемнае ў рабоце вадзіцеля?
— Гэта як далёка едзеш — цікава паглядзець свет, як людзі там жывуць.
За сваю працу Іван Куркуль нямала і ўзнагарод займеў. Так, летась яго ўшаноўвалі на раённай урачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Заняў ён першае месца сярод вадзіцеляў на перавозцы збожжа ад камбайнаў.
— Як тады атрымалася, што ўдалося перамагчы?
— Машына не ламалася, вазіў збожжа — і ўсё. А так майму «МАЗу» дванаццаты год. Бывае, і зломіцца — жалеза не вечнае. Сам тады і рамантую. Ды ў нас шафёрскі калектыў харошы, дапамогуць ва ўсім.
У сям’і Івана і Надзеі Куркулёў вырасла чацвёра дзяцей: трое сыноў і дачка. Старэйшыя два сыны зараз працуюць дальнабойшчыкамі.
— Пэўна, шафёрская жылка ў іх ад вас?
— Думаю, так. З дзяцінства любілі тэхніку. Трохі дапамагалі на жніве, працавалі памочнікамі ў камбайнераў. Цяпер не я ім — яны мне расказваюць пра дарогі. Рэйсы ў іх далейшыя, паглядзелі хлопцы свет.
— А вам за імі ўслед не хочацца, у далёкія рэйсы?
— Было спачатку. І на машынах іх праязджаў нават. Але пастарэў ужо, лепш на месцы сядзець, — усміхаецца.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.