"Чыстае паветра"У ВЁСЦЫ Малая Сырмеж, у доме № 36 па вуліцы Ціхай, размясцілася аграсядзіба «Чыстае паветра». Гэта назва адпавядае рэчаіснасці. Паветра сапраўды чыстае, з гаючым водарам хваёвага лесу, які раскінуўся побач. Вясной і летам наваколле поўніцца рознагалоссем птушак. У маі асабліва зачароўваюць непаўторныя трэлі салаўя.

— Многія адпачываючыя кажуць, што толькі дзеля гэтага варта сюды прыязджаць, — усміхаецца гаспадыня сядзібы Таццяна Курачка.
— Як з’явілася ідэя стварыць аграсядзібу? — цікаўлюся.
— Мы жылі і працавалі ў Старлыгах, а тут узялі ўчастак і вырашылі пабудаваць сабе дом. Маўляў, пад старасць пераедзем у курортную зону, — расказвае Таццяна Анатольеўна.
— Гэта будоўля расцягнулася больш чым на дваццаць гадоў, — дапаўняе гаспадар Пётр Канстанцінавіч. — Дом узводзілі не з цэглы, не з сілікатных блокаў, а драўляны, двухпавярховы. Пры жаданні зараз можна абсталяваць некалькі пакояў і на трэцім паверсе…
— Чаму на такі доўгі тэрмін расцягнулася будоўля? — пытаюся.
— Не хапала грашовых сродкаў, ды і часу іншы раз. А будавалі з дрэва, каб добра і лёгка дыхалася, — адказвае гаспадар. — У раёне пачалі стварацца аграсядзібы. Неяк завітала да нас тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Надзея Герновіч разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы Валянцінай Зуеўскай. Яны парэкамендавалі і нам паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Напачатку было страшнавата: як гэта пусціць у дом не вядомых табе людзей? Але вырашылі паспрабаваць. І вось больш за дванаццаць гадоў прымаем гасцей…
— За гэты час, напэўна, з’явіліся пастаянныя адпачываючыя, якія менавіта тут жадаюць павесці водпуск, атрымаць асалоду ад непаўторных краявідаў Нарачанскай зямлі?
— Ёсць, і нямала. Можа, гадоў з дзесяць прыязджае на адпачынак сям’я з Расіі. Аблюбавалі нашу сядзібу і некаторыя мінчане. Мо, гадоў пяць запар завітваюць сюды, — кажа Таццяна Анатольеўна. — Дадам, што геаграфія даволі шырокая: Мінск, Салігорск, Віцебск, Гомель, Нароўля — ды хіба ўсе гарады пералічыш?! А замежных грамадзян найбольш было з Расіі (у тым ліку — з Чачні), паўднёвых краін. Адпачывалі таксама людзі з Даніі, Грэцыі, ЗША, Украіны, Германіі. З многімі і зараз кантактуем, перапісваемся праз інтэрнэт…
"Чыстае паветра"— Некалькі гадоў таму быў забаўны выпадак, — прыгадвае гаспадар. — Толькі засяліліся да нас кітайцы. Падняўся моцны вецер, дождж. З дома ўраган знёс страху. Са столі льецца вада. Кітайцы здзіўлена глядзяць на нас.
Мы — у адчаі. Тэрмінова пачаў тэлефанаваць у іншыя аграсядзібы, якія ёсць непадалёку, шукаць прытулак для гасцей. Дзякуй Богу, праблема з рассяленнем хутка вырашылася. А мы ўзяліся за рамонт. Спатрэбілася нямала сродкаў і часу, каб усё давесці да ладу…
— Колькі адначасова можаце прыняць людзей? — пытаюся.
— Чалавек 12-14. Але прытрымліваемся такога парадку: засялілася кампанія, скажам, з шасці чалавек. Больш не бяром. Многія і не хочуць, каб у доме былі пабочныя асобы. Аднойчы адпачывалі ў нас дзве сям’і з Салігорска. Разам прыехалі, добра знаёмыя, разам бавілі час… Але ад’язджалі паасобку, чагосьці пасварыліся. Мы не вінаватыя, але непрыемна, — расказвае гаспадар.
— Якія паслугі прапануеце адпачываючым, якія забавы?
— У доме на першым паверсе два пакоі, на другім — тры. Таму асноўнае — пражыванне. Ёсць кухня з усёй неабходнай бытавой тэхнікай і посудам. Многія жадаюць самастойна гатаваць ежу. Іншыя просяць, каб пра яе паклапаціліся мы. Таму гэта пытанне вырашаецца індывідуальна. На тэрыторыі стаіць альтанка, дзе па вечарах адпачываючыя бавяць час. Ёсць дзе пасмажыць шашлык. Маем лазню, якую цеплім па жаданні гасцей, — расказвае гаспадыня. — Да сядзібы падведзены прыродны газ. Таму з ацяпленнем, з гарачай і халоднай вадой няма ніякіх праблем. Усе выгоды ў доме: туалет, душ. А яшчэ ў пакоях ёсць печкі…
— Нядаўна ў нас амаль тры месяцы адпачывалі маладыя людзі з Грэцыі. Да іх прыязджалі таксама бацькі. Верасень, кастрычнік, лістапад — на дварэ не вельмі ўтульна. Мы прапаноўвалі ім уключыць ацяпленне. Не, не пагаджаліся. Яны самі цеплілі ў печцы і ад гэтага атрымлівалі асалоду, — расказвае Пётр Канстанцінавіч.
— Вой, бяда была з гэтымі грэкамі. Мяснога нічога не елі — вегетарыянцы. Дык і зеляніну, яблыкі, грушы дастаўляла
ім, — дапаўняе Таццяна Анатольеўна. — Добра, маем свой невялічкі сад, садзім агарод…
— А ці трымаеце гаспадарку?
— Зараз засталіся толькі куры. Заўсёды маем свежыя яйкі. Раней трымалі гусей, індыкоў, пакуль ліса не пацягала. Ды і з курамі таксама праблема: вельмі любяць паляваць на іх каршуны, — чую ў адказ. — Па жаданні адпачываючых малако, сыры для іх набываем у калегі з аграсядзібы «У Міколы» Ніны Субач.
"Чыстае паветра"— Непадалёку ад нас возера Нарач, дзе некаторыя купаюцца, ловяць рыбу. А чаго варты паходы ў ягады, грыбы, якія растуць побач?! Жадаеш паплаваць у басейне — калі ласка, санаторыі «Нарачанка», «Спадарожнік» іх маюць. Ды і лячэбныя працэдуры можна заказаць у той альбо іншай здраўніцы, — працягвае размову гаспадар. — Асобныя прыязджаюць восенню, каб назапасіць дароў лесу. Ад’язджаюць — машыны загружаны слоікамі з марынаванымі і сушанымі грыбамі. Прапануем гасцям больш даведацца пра сінявокую Мядзельшчыну. Ладзім для іх экскурсіі на Блакітныя азёры, у аптэкарскі і дэндралагічны сады, у Мядзел на Кальварыю, у Будслаў і многія іншыя мясціны. Іншы раз суправаджаю ў якасці гіда, а то, здараецца, і на ўласнай машыне вязу. Я аматар рыбнай лоўлі. Убачыўшы ўлоў, многія жадаюць паласавацца духмянай юшкай, з’есці вэнджаную рыбку.
А вось гаспадыня — сапраўдны майстар па бісерапляценні, захапляецца вышываннем. Яе вырабы ўпрыгожваюць дом. Сваімі навыкамі і майстэрствам яна з ахвотай дзеліцца з адпачываючымі.
— Ладна, дарослым ёсць чым у вас заняцца. А што прапануеце дзецям? — пытаюся.
— Для дзяцей пастаянна нацягнуты гамак, валейбольная сетка, ёсць баскетбольнае кальцо. Маем некалькі веласіпедаў, на якіх з задавальненнем катаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі. Ёсць невялікая сажалка з карасямі. Можна пасядзець на беразе з вудай. Словам, пры жаданні забаву знойдзем кожнаму, — адказвае гаспадыня.
— Ці магчыма на базе аграсядзібы правесці якую-небудзь карпаратыўную вечарынку?
— Магчыма. Усе пытанні вырашальныя. Некаторыя прыязджаюць да нас, каб адзначыць з сябрамі дзень нараджэння, іншую важную падзею ў жыцці, прафесійнае свята. Галоўнае, загаддзя трэба патэлефанаваць, дамовіцца, — чую ў адказ.
— На кожнай сядзібе ёсць штосьці асаблівае, адметнае, як кажуць, разыначка. Што ў вас? — цікаўлюся.
— Чыстае паветра і цішыня, сапраўднае яднанне з прыродай. Асабліва пасля гарадской мітусні гэта заўважаеш. Тут практычна не чутны гул аўтамабіляў, затое радуюць сваімі спевамі птушкі. Суседзі шчырыя, адкрытыя, добразычлівыя, — кажа Пётр Канстанцінавіч. — Тэрыторыя засеяна газоннай травой, якую рэгулярна падкошваю. Многія раніцай ходзяць басанож па расе і атрымліваюць ад гэтага задавальненне…
Безумоўна, клопатаў гаспадарам пастаянна хапае. Асабліва Таццяне Анатольеўне. Патрэбна пасцельную бялізну памыць, у доме навесці парадак, падрыхтаваць яго для чарговых гасцей. Але не скардзіцца яна на цяжкасці, кажа, што прывыкла.
— А ці дапамагаюць вам дзеці?
— Пры неабходнасці дапамагаюць. Старэйшы сын Андрэй зараз жыве і працуе ў Мінску. Малодшы Аляксандр — у курортным пасёлку, ён дырэктар гасцініцы «Нарач». Хапае ім сваіх клопатаў. Але пра нас не забываюць, — гаворыць Пётр Канстанцінавіч.
— Багатыя мы. Маем дзвюх унучак і трох унукаў. Гэта наша радасць і гонар, — дадала Таццяна Анатольеўна.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.