Аксана Міхневіч: “Адчуваю сябе самай шчаслівай на свеце”

282

Аксана Міхневіч: “Адчуваю сябе самай шчаслівай на свеце”Напісаць пра Аксану Міхневіч параілі супрацоўнікі Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: “Міхневічы выхоўваюць трое дзетак. У іх у Мядзеле нікога з родных няма. Таму ўсё стараюцца зрабіць самі. І дом пабудавалі, і парадак ля яго наводзяць. А самае галоўнае — сыночкі і дачушка акружаны любоўю і пяшчотай. Жывуць яны на вуліцы Дружнай у доме №6”.
Па ўказаным адрасе і накіраваліся. Нас сустрэла гаспадыня, якая была дома з хлопчыкамі. Адразу кінулася ў вочы чысціня і ўтульнасць, якія, не зважаючы на тое, што ў доме невялікія дзеці, былі навокал. Адчувалася, што людзі з любоўю звілі сваё сямейнае гняздзечка, даражаць ім. На сценах заўважыла шмат фотаздымкаў. На ўсіх іх — члены гэтай дружнай сям’і: у прыгожых строях, шчаслівыя, з усмешкамі на тварах.
— Напэўна, самі фатаграфуеце? — пытаюся.
— Так, гэта адно з маіх хобі, — кажа Аксана. — Хочацца захаваць пэўныя моманты жыцця, асабліва дзяцей. Яны ж растуць так хутка. Каб штосьці важнае не прапусціць, і раблю фотаздымкі. У мяне ў камп’ютары на кожнага члена сям’і свая папка заведзена, куды і скідваю з лічбавага фотаапарата практычна ўсё, што ўдалося зняць.
Ад сваёй суразмоўцы даведалася, што і яна, і муж з Пастаў. Аляксея накіравалі ў 2006 годзе на службу ў Мядзел у раённы аддзел унутраных спраў. Так і апынуліся яны тут. Напачатку думалі, што прыехалі на кароткі час, а затрымаліся, па ўсім бачна, назаўсёды. У горадзе дом сабе двухпавярховы пабудавалі. Дарэчы, жывуць у ім ужо 6 гадоў. Мядзел стаў радзімай і для іх траіх дзяцей.
— Раскажыце, калі ласка, пра сваю
сям’ю, — прашу Аксану.
— У мяне любячы, клапатлівы муж. Ён узяў на сябе ўсе клопаты па гаспадарцы, а трымаем мы курэй, в’етнамскіх свіней. Вялікая і дваровая тэрыторыя, дзе трэба таксама пастаянна падтрымліваць парадак. Аляксей дапамагае мне і з дзецьмі ўпраўляцца. У нас жа тут нікога няма. Трэба самім усюды паспяваць. Вядома, у выпадку неабходнасці нас падстрахоўваюць бабулі — і мая матуля, і свякроў. Яны заўсёды ахвотна застаюцца з унукамі. Наша Мілана і цяпер у Паставах. Прыхварэла, вось і адправілі лячыцца да бабуль, каб не заразіць хлопчыкаў.
— Хацелася б пачуць і пра вашых дзетак. Напэўна, яны — асноўнае багацце сям’і.
— Трое іх у нас, — апавядае жанчына. — Старэйшы сын — Арцём. Яму ўжо адзінаццаць. Закончыў чатыры класы ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Зараз працягвае навучанне ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела. Ён з задавальненнем наведвае ўстанову, дзе я працавала да дэкрэтнага адпачынку настаўнікам англійскай мовы. Сын там на добрым рахунку: старанны, адказны, дысцыплінаваны. Радуюся за яго. Пасля Арцёма ў нас з’явілася Мілана. Ёй у снежні будзе чатыры гады. Гэта наша маленькая прынцэса, якую мы ўсе вельмі любім. Дзяўчынка наведвае дзіцячы сад. А самы маленькі — Мацвей. Яму нядаўна споўніўся год.
— А вы хацелі, каб у вас было трое дзяцей, ці проста так атрымалася? — цікаўлюся ў маладой матулі.
— Мне заўсёды хацелася мець хлопчыка і дзяўчынку, — прызнаецца мая суразмоўца. — Калі нарадзіла сына і дачушку, думала, што сваю праграму выканала. Але лёс распарадзіўся інакш… Праўда, цяжарнасць атрымалася незапланаваная. Яна была для мяне поўнай нечаканасцю. Нават разгубілася напачатку, даведаўшыся, што нашу пад сэрцам яшчэ адно дзіця… Але дапамаглі ўзяць сябе ў рукі разважлівасць, а таксама падтрымка любячага мужа, бацькоў, сястры. Вынасіла, нарадзіла Мацвейку. А цяпер нават і не ўяўляю, як бы мы жылі без яго? Дзеці — найлепшы падарунак лёсу. З нараджэннем чарговага малыша, вядома, клопатаў прыбаўляецца. Але бачыш, як яны цягнуцца, даражаць адзін адным — і такія сілы адчуваю, быццам крылы вырастаюць за плячыма. Мілана нават неяк свой падвячорак з дзіцячага сада прынесла, каб пачаставаць Мацвейку. Арцём, ледзве адчыніць дзверы, вярнуўшыся з гімназіі, і хуценька спяшаецца да малыша, каб абняць яго, прытуліць да сябе. Гляджу на іх — і душа радуецца, бо адчуваю сябе самай шчаслівай на свеце.
— А як са справамі дамашнімі спраўляецеся? Усюды паспяваеце? — пытаюся далей.
— Стараюся. Вядома, работы хапае штодзённа. У нас жа і дом немалы, і двор. Трэба і ежу гатаваць, і ў пакоях прыбіраць. Вясной садзім агарод. З задавальненнем вырошчваю кветкі. Адных руж у нас расце каля 20 кустоў. Але калі робіш усё з любоўю — атрымліваецца. Шмат увагі ўдзяляю штодзённа сыночкам і дачушцы. У Арцёма неабходна ўрокі праверыць. Займаемся з ім дадаткова і англійскай мовай. Яму яна нядрэнна даецца, чаму шчыра радуюся. Прыйшла да высновы: і ў клопатах можна радасць знайсці. Тым больш, што я не адна. Добры муж, які шмат чаго ўмее. Падрастаюць дзеці, якія таксама спрабуюць, як могуць, дапамагаць, нават Мілана. А яшчэ між справамі імкнуся знаходзіць час і для сябе, каб нечым цікавым заняцца, парадавацца. Стараюся і абноўку для сябе нейкую прыдбаць, часам і прычоску памяняць. Каму ж не хочацца быць прывабнай, падабацца мужу?
— А чым займаецеся ў вольны час, калі ён бывае?
— Я ўжо гаварыла пра вырошчванне кветак, пра захапленне фатаграфаваннем. Калі насіла пад сэрцам Арцёмку, занялася вышываннем. Дзесьці каля 15 уласных работ беражліва захоўваю. Многія з іх выдатна дапаўняюць інтэр’ер дома. Памятаю, як выстаўляла іх падчас раённага конкурсу “Настаўнік года”, калі выступала там за гімназію-інтэрнат г. Мядзела. Было гэта ў 2013 годзе, але і сёння памятаю ўсе заданні, свае выступленні. Тады стала пераможцай конкурсу. Не спадзявалася, што так удала выступлю. Бо трэба было і ўрокі, і мерапрыемствы праводзіць, і свае захапленні паказаць… Была, вядома, задаволена такім вынікам. Прыемна, што разам са мной шчыра радаваліся родныя, сябры, калегі… З нараджэннем Міланы з’явілася яшчэ адно захапленне. Я паспрабавала арганізаваць для сваіх блізкіх дома дзень нараджэння, і ў мяне нядрэнна атрымалася. Цяпер нават знаёмыя, сябры просяць дапамагчы ім правесці дамашняе свята. А чаму б і не! Іду ім насустрач! У нас, напрыклад, неяк была вечарынка тыпу “Мікі Маўс”. Зусім нядаўна, калі мужу было 35, а Мацвейку адзін год (нарадзіліся яны ў верасні з розніцай толькі ў адзін дзень), арганізавала для іх «Свята з вусамі». Павесяліліся на славу. Задаволеныя былі ўсе! У тым ліку і я. Мне на самай справе было прыемна, што даставіла блізкім людзям радасць. Ёсць у гэтым і яшчэ адзін плюс: шукаю сябе, развіваюся. Акрамя таго, ужо зараз думаю пра тое, як на паўналецце зрабіць для сваіх сыночкаў і дачушкі прыемнае. Для гэтага пачала збіраць іх рэчы: пачынаючы ад соскі і заканчваючы любімымі цацкамі, рэчамі, першымі самастойнымі вырабамі, малюнкамі і гэтак далей. Ніхто з іх пра гэта не ведае. Паціху назапашваю ўсё, што лічу для іх памятным, складваю асобна ў скрынкі. Няхай гэта будзе ім з часам невялікім, але прыемным сюрпрызам.
Жанчына прызналася, што іншы раз проста гатова паваліцца ад стомленасці. Але паглядзіць на сваіх родных крывінак, прытуліцца, пацалуе — і так добра і лёгка становіцца. Дзеці даюць ёй сілы жыць і адчуваць сябе патрэбнай. Вось як яна кажа: “У мяне іх трое… І дзякуй Богу, што ў тры разы больш шчасця ў мяне!”

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.