Ад чыстага сэрца

335

Ад чыстага сэрцаУ снежні мінулага года мы паведамлялі на старонках раённай газеты пра дабрачынную акцыю Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа “Ёлка жаданняў”. Расказвалі пра час і мэту яе правядзення, а cёлета — пра наведванне разам з райкамам прафсаюза работнікаў АПК мнагадзетных сем’яў, у якіх матуля ці тата працуюць у сельскагаспадарчай вытворчасці.
А нядаўна ў рэдакцыю газеты зноў патэлефанавала выконваючая абавязкі старшыні раённай арганізацыі названага грамадскага аб’яднання Валянціна Стрэж і папрасіла напісаць пра завяршэнне акцыі:
— Ведаеце, чытаюць жыхары Мядзельшчыны раённае перыядычнае выданне. Не паспелі мы даць у “Нарачанцы” інфармацыю пра акцыю, як у Таварыства Чырвонага Крыжа пасыпаліся званкі. Многія бескарысліва прапаноўвалі сваю дапамогу, цікавіліся, куды прынесці рэчы, пісьмовыя і канцылярскія прылады, прадукты, цацкі. Парадавалася, што дзякуючы неабыякавасці мядзяльчан змаглі аказаць у перыяд навагодніх і калядных свят дапамогу некаторым няпоўным, мнагадзетным сем’ям, а таксама сацыяльнаўразлівым катэгорыям грамадзян. А сёння да нас у Чырвоны Крыж прыязджае сям’я Вапручковых з Княгініна, у якой сямёра дзяцей. Калі хочаце, можаце з імі сустрэцца, пра ўсё самі распытаць.
Тут жа паспяшаліся на вуліцу Камсамольскую, дзе ў доме №1 размяшчаецца раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Засталі мужа і жонку Вапручковых. Святлана разам з Валянцінай Стрэж і актыўным валанцёрам грамадскага аб’яднання Ларысай Чыркевіч падбірала для сваіх дзетак адзенне.
— Вазьміце яшчэ гэтыя канцылярскія прылады, кнігі, сшыткі. Яны вам спатрэбяцца, — кажа Валянціна Анатольеўна, падаючы новую скрынку. — Трымайце, калі ласка, і плед. Ён дасланы з Дацкага Каралеўства. Гэта ручная работа. А ў сям’і спатрэбіцца. Паверце, ад душы дапамагаю добрым людзям, якія клапоцяцца пра сыноў і дачок. Не грэбуюць і рэчамі, якія ім раздаём.
— Звярніце ўвагу на вось гэтыя спаднічкі. Яны ўсе аднолькавыя. Можа, падыдуць вашым дзяўчынкам, — раіць Святлане Юсуфжонаўне Ларыса Леанідаўна.
— Добра, забяру іх для сваіх дзяўчынак. Яны займаюцца мастацкай самадзейнасцю. Часта выступаюць утрох. Выдатны сцэнічны касцюм ім будзе. Калі каму з меншых дзяўчынак спаднічка не падыдзе, падганю па фігурцы сама. А калі па шчырасці, то мы з мужам вельмі ўдзячны раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, што запрасілі, — кажа расхваляваная мнагадзетная матуля. — Усё, што мы тут атрымалі для нашых дзяцей, ім спатрэбіцца. Магчыма, штосьці падправіць давядзецца. Але гэта не праблема, бо сама шыць умею. Яны абноўкі любяць і будуць насіць з задавальненнем.
— А як у вас саміх справы? Што новага? — цікаўлюся ў Святланы Юсуфжонаўны.
— Новы дом, на жаль, пакуль так і не дабудавалі, — апавядае яна. — А так усё добра. Старэйшая дачка Людміла сёлета заканчвае каледж. Астатнія дзеці з намі. У нас чатыры школьнікі. Аляксей вучыцца ў шостым класе, Аляксандра — у трэцім, Анастасія — другакласніца. Стала першакласніцай і Варвара. Сафія наведвае дзіцячы сад. А самая юная Еўфрасіння са мной дома. Трымаем немалую падсобную гаспадарку, апрацоўваем зямлю. Каб усюды паспець, трэба круціцца. Вось і стараемся: практычна ўвесь дзень з ранку да вечара занятыя. Але, разам з тым, і задаволеныя, бо згода і ўзаемаразуменне ўладараць у доме. Дзеці дагледжаны. Яны радуюць нас сваімі поспехамі. Аляксандра напрыканцы мінулага года ўдзельнічала ў раённым этапе абласнога конкурсу “Я — даследчык”. Дачушкі хораша спяваюць. Па сутнасці, ніводзін канцэрт у Княгініне не абыходзіцца без іх удзелу.
На развітанне ўсе дружна пажадалі Святлане і Анатолію і надалей годна крочыць поруч па жыцці. І каб на гэтым шляху ім пастаянна спадарожнічалі каханне і ўдача.
Пацікавілася ў Валянціны Стрэж:
— Валянціна Анатольеўна, вы па тэлефоне сказалі, што многія мядзяльчане далучыліся да акцыі “Ёлка жаданняў”. Можа, каго з найбольш актыўных памочнікаў хацелі б адзначыць?
— Раблю гэта з задавальненнем, — пачула ў адказ на сваё пытанне. — Шчыра дзякую за адкрытасць сэрцаў Святлане Пятроўне Суханскай, Але Уладзіславаўне Канашэвіч, Ларысе Леанідаўне Чыркевіч, Вікторыі Вячаславаўне Сяклюцкай і ўвогуле ўсім-усім, хто не прайшоў міма. Ад душы жадаю здароўя, сямейнага шчасця, усяго самага добрага ў жыцці. Няхай у дзверы вашых дамоў ніколі не стукаецца бяда, а будуць там толькі мір, спакой і згода.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.