Па здароўе і добрае слова — да Аксаны Грыбоўскай

763

— Гэта наша зорачка, — вобразна і лаканічна ахарактарызаваў дырэктар санаторыя “Жураўка” Аляксандр Даніленка медсястру аддзялення фізіятэрапіі Аксану Грыбоўскую. І дадаў: — Напішыце пра яе. Вельмі адказная, старанная, яна гэтага заслугоўвае.

З лепшага боку ведае Аксану Іванаўну і кадравік здраўніцы Алена Панчанка:
— Пятнаццаць год жанчына працуе ў нас. Надзвычай добрасумленна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. Для яе вельмі важна, каб чалавек быў задаволены атрыманай працэдурай. Таму і затрымацца на працы можа, і нават у выхадны дзень выйсці, калі з’яўляецца неабходнасць. Прафесіянал у сваёй справе, прычым не спыняецца на дасягнутым, а пастаянна ўдасканальвае свае веды і ўменні.
Мне падумалася, што такую характарыстыку можа мець толькі той чалавек, які знайшоў сябе ў прафесіі і займаецца справай па душы. Так і аказалася.

Аксана Іванаўна медыкам вырашыла стаць у класе сёмым. Менавіта тады з’явілася мара дапамогу людзям зрабіць прафесіяй. За ўрача ісці вучыцца пабаялася (аб чым зараз крыху шкадуе), таму дакументы падала ў Мала­дзечанскае медвучылішча. Пачынала працоўную дзейнасць у Нарацкай участковай бальніцы. А пасля дэкрэтнага, калі дачушка Даша падрасла, пайшла медсястрой у “Жураўку”.

Быў перыяд, калі Аксана Іванаўна захацела памяняць месца працы і перайшла ў Занарацкую амбулаторыю. Але праз пэўны час вярнулася ў здраўніцу, бо зразумела, што тут ёй падабаецца. Зараз яна сапраўдны майстар фізіяпрацэдур, бо за ўвесь час асвоіла многія з іх.

— Радуе, што ў санаторыі ўкараняюцца новыя медыцынскія паслугі. Папулярнасцю карыстаюцца лазератэрапія, пнеўмакампрэсійная тэрапія, СПА-капсула і многія іншыя. Прыемна, калі чалавек эфект адчувае ўжо на першых сеансах. Я заўсёды цікаўлюся ў людзей самаадчуваннем пасля працэдуры. І калі, напрыклад, спадае ацёчнасць ног ці паціхае боль у спіне, то радуюся разам з адпачываючым і атрымліваю задавальненне ад зробленага.

Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 20.06