З музыкай і песняй па жыцці ідзе Наталля Каўрус

568

МАЯ гераіня, а размова ідзе пра Наталлю Каўрус з Будслава, — чалавек даволі вядомы ў сферы культуры азёрнага краю. Яна вучыць дзяцей іграць на баяне, танцаваць.
А яшчэ і хораша сама спявае. Прычым не толькі на сцэнічных пляцоўках аграгарадка, дзе працуе, але і ў Мядзеле, і нават за межамі раёна.

Наталля Мікалаеўна нарадзілася і вырасла ў курортным пасёлку Нарач. Як і многія аднагодкі, наведвала дзіцячую музычную школу, што знаходзілася ў вёсцы Нарач. Займалася па класе баяна. Настаўнікам у дзяўчынкі быў Уладзімір Калека. Як прафесіянал сваёй справы, чалавек творчы, неабыякавы, Уладзімір Міхайлавіч стараўся развіць у сваіх выхаванцаў дадзены ім Богам дар, зацікавіць. Нездарма пад уплывам настаўніка многія з іх пазней прысвячалі сваё жыццё музыцы. У тым ліку і Наталля.

Пасля 9-га класа дзяўчына паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага. Закончыла яго ў 2004 годзе па класе баяна і па накіраванні прыехала ў Будслаў­скую дзіцячую музычную школу мастацтваў, дзе і сёння шчыруе настаўнікам.
— Сваю працу вельмі люблю і на іншую не прамяняю, — кажа. — Гэта такое шчасце — працаваць з дзецьмі. Навучаць іх музыцы, прывіваць любоў да прыгожага. Акрамя ігры на баяне, яшчэ і танцамі займаюся, бо ў нашай установе няма спецыяліста па харэаграфіі. Мне прыемна, што юныя будслаўчане з задавальненнем наведваюць заняткі, якія праводжу.

З далейшай размовы з Наталляй Каўрус даведалася, што яе гонарам з’яўляецца сямікласнік Арсеній Бабкевіч, які летась атрымаў дыплом III ступені на адкрытым конкурсе юных выканаўцаў на баяне і акардэоне “Гармоніка”, які праводзіўся ў Мінскім каледжы мастацтваў, а ў лютым сёлета стаў лаўрэатам III ступені на I Рэспубліканскім конкурсе “Галасы” ў Барысаве. Дыпломы ўдзельнікаў на гэтым жа конкурсе атрымалі Аляксей Святоха і Аляксей Куковіч. Вельмі прыемна педагогу, што і невялічкая школа з глыбінкі “засвяцілася” на айчынным музычным небасхіле.

З музыкай і песняй па жыцці ідзе Наталля Каўрус

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 10.10