“Верасня” песні для “Белай Русі”

129

“Гэтай песняй мы зоркі разбудзім, млечным шляхам яны разальюцца, мы вітаем вас, добрыя людзі, каб адзін аднаму ўсміхнуцца…” Вось такімі прывітальнымі словамі пачалося выступленне народнага калектыву клуба аматараў песні “Верасень” раённага Цэнтра культуры. На гэты раз — у санаторыі “Белая Русь”.

Перш, чым выйсці на сцэну, цікавімся, людзі з якіх мясцін адпачываюць у здраўніцы. “У асноўным расіяне і беларусы, прыкладна пяць­дзясят на пяцьдзясят”, — сказалі культарганізатары, якія сустракалі ля парога. Таму, па этыкету гасціннасці, вядучая канцэрта ветліва вітаецца і з прадстаўнікамі суседняй краіны, і з беларусамі, жадае ўсім вясёлага вечара, цудоўнага настрою. Некалькі вершаваных радкоў прысвячае самабытнасці, хараству Нарачанскага краю.

З напоўненай глядзельнай залы адразу чуюцца дружныя апладысменты. Людзей уразілі, напэўна, нашы аднолькавыя канцэртныя касцюмы. І асабліва тое, што сярод усіх ёсць чалавек, на грудзях якога блішчаць шматлікія ўзнагароды. Гэта ветэран вайны і працы, ганаровы грамадзянін раёна Міхаіл Гардон. Цудоўным артыстычным голасам ён чытае верш “Нарач” народнага паэта, нашага земляка Максіма Танка.
…І паліліся песні: патрыятычныя і лірычныя, задорныя і вясёлыя. Іх спявалі і ўсе разам, і паасобку. Запяваламі “Снег седины” і “Моя деревня” былі Ірына Мазура, Раіса Ілюковіч. Чуллівыя словы тэксту, пранікнёныя галасы салістак выклікалі на вачах слухачоў нават слёзы. Далей — “Нарачанскі вальс”, “Едзе мой міленькі”, песня “От людей на деревне не спрятаться” (салісты Аляксандр Грайчонак, Міхаіл Гардон), “Бабье лето”, “Цераз рэчаньку” і іншыя.

Цікава было назіраць за глядзельнай залай. Дружныя, працяглыя апладысменты — гэта адно. Другое — у руках многіх гледачоў былі смартфоны. Хто фатаграфаваў усю дзею на сцэне, хто вёў запісы песень. А калі зайграў дуэт баяністаў у скла­дзе Наталлі Апанасёнак і Віктара Назаранкі, многія імкнуліся падтанцоў­ваць. Працяглыя авацыі і воклічы “брава” гучалі потым за сольныя песні Віктара Мікалаевіча.
А вершы! Было б не так цікава, калі б не дапоўнілі імі праграму чытальнікі Ірына Квяткоўская, Галіна Яфрэмава.

Фінал кацэрта — пажаданне ўсім прысутным добрага здароўя, выдатнага адпачынку ў азёрным Нароччы, ладу ў сем’ях, поспехаў у рабоце, мірнага неба, духмянага хлеба, чыстай крынічнай вады і ніякай бяды.

Што было пасля — пераказаць цяжка. У фае “вераснёўцаў” цесным колам акружылі гледачы-слухачы. Шчыра дзякавалі, абдымалі, нізка (без перабольшвання) кланяліся Стэле Станіславаўне Івановай — кіраў­ніку клуба, лаўрэату Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, самаадданаму энтузіясту культуры, арганізатару “Пеўчага поля” на Нарачы. Цікавіліся, як удалося ёй згуртаваць калектыў, у якім людзі пенсійнага ўзросту і ў мінулым розных прафесій? Як падабраліся звонкія, прыгожыя галасы? Што натхняе спяваць, дарыць радасць іншым?

Працяглы час давялося адказваць гасцям з Ноўгарада, Масквы і Падмас­коўя, Санкт-Пецярбурга, Пскова, Смаленска, Магілёва, Гомеля і многіх іншых аддаленых мясцін Расіі і Беларусі, дзякаваць ім за высокую ацэнку выступлення. Нават прыняць салодкі гасцінец.

— Я запісала ўсе песні, якія праспявалі вы тут. Малайцы беларусы! —гаварыла адна з адпачываючых. —Павязу гэты запіс дадому, у Карэлію. У нас ёсць падобны песенны гурт. Бу­дзем развучваць, спяваць задушэўныя беларускія песні.
— Такой сустрэчы, такой удзячнасці і ледзь не слёзнага развітання мы не чакалі, — дзялілася ўражаннем наша спявачка Людміла Крупенка. — Прыемна, вельмі прыемна. Нам гэта таксама надоўга запомніцца.

…Аўтобус, зваротны шлях дадому. Гучыць званок мабільніка, а пасля радаснае паведамленне Ірыны Мазуры: “Званіла мядзяльчанка Леакадзія Палько (яна цяпер адпачывае ў санаторыі). Сказала, што добразычлівыя эмоцыі ў здраўніцы ніяк не сціхаюць, што за годнае выступленне “Белая Русь” шле шчырую ўдзячнасць мя­дзельскім “вераснёўцам”.

Валянціна Ефімава.