У Крывічах у дзясяты раз адбудзецца фестываль “Шансон збірае сяброў”

639

Крывічы ў прадчуванні падзеі: як звычайна, у апошнюю суботу лістапада ў мясцовым Доме культуры — “Шансон збірае сяброў”. Гэта музычнае свята дзясяты раз збірае аматараў песні, прычым не толькі шансону, ды і не толькі крывічан. З хваляваннем чакае суботу і дырэктар установы культуры Аляксандр Куцько: як-ніяк — аўтар ідэі, натхняльнік, арганізатар і выканаўца.

— Сёлета ў нас юбілейная сустрэча, — расказвае Аляксандр Нарцызавіч. — Чым яна будзе адметнай? Як звычайна, збярэцца многа выканаўцаў. Будуць і новыя, хто ўпершыню прыме ўдзел у фестывалі. І, разам з тым, будуць тыя, хто стаяў ля вытокаў, з каго ўсё пачыналася. Гэта, напрыклад, бацька і сын Канстанцін і Аляксандр Рафеенкі, Анастасія і Дзмітрый Ярашэвічы, Вікенцій Канэцкі, мая дачка Вольга. Будуць ганаровыя госці, якія не спявалі, але без якіх фестываль не адбыўся б. Маю на ўвазе вядучых, аўтараў сцэнарыяў, спонсара многіх фестываляў Руслана Станкевіча. На сёння заяўлена больш за тры дзясяткі выканаўцаў. Як паказвае практыка мінулых гадоў, канцэрт не бывае кароткі, летась ён доўжыўся больш за чатыры гадзіны. Але ніхто не скардзіўся на яго зацягнутасць. Наадварот, усе адзначалі, што мерапрыемства прайшло на адным дыханні. Спадзяюся, у гэту суботу нашы ўдзельнікі і госці таксама атрымаюць шмат пазітыву і станоўчых эмоцый.

Запісала Іна ЯРЧАК.