Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя)

705

СВАЮ гісторыю Мядзельская дзіцячая школа мастацтваў пачынае з 1 верасня 1964 года. На той час гэта была адзіная музычная ўстанова ў раёне, дзе працавала толькі інструментальнае аддзяленне.

З дырэктарам ДШМ Аленай Касарэўскай праглядваем старыя фотаздымкі. На іх адлюстраваны своеасаблівыя этапы жыцця сённяшняй дзіцячай установы дадатковай адукацыі. Многія з іх сапраўды ўнікальныя.

Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя)Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя)

— Музычная школа доўгі час займала частку памяшканняў у драўляным будынку былога Дома піянераў. Яго ўжо няма ў нашым горадзе, — апавядае Алена Іванаўна. — Дарэчы, там і я вучылася. Першым дырэктарам быў Мікалай Макаравіч Бародзіч. Ён амаль 20 гадоў узначальваў школу і быў ля вытокаў яе станаўлення. Пасля яго былі і іншыя кіраўнікі, кожны з якіх пакінуў пэўны след як у жыцці ўстановы, так і яе наведвальнікаў. А вучыліся тады тут дзеці з розных куткоў азёрнага краю — з Нарачы, Сватак, Сцю­дзяніцы, Мікольцаў, Мікасецка, іншых вёсак. Іншыя музычныя школы з’явіліся значна пазней.

— Што ўяўляе сабой Мядзельская дзіцячая школа мастацтваў зараз? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Сёння дзіцячая школа мастацтваў (такую назву носіць з 1 верасня 2002 года) — сучасная ўстанова дадатковай адукацыі ў сферы мастацтва, якая адыгрывае важную ролю ў культурным, эстэтычным развіцці хлопчыкаў і дзяўчынак. Дарэчы, у гэтым плане беларускім дзецям могуць у поўным сэнсе гэтага слова пазайздросціць жыхары многіх краін свету, — пераканаўча сцвярджае дырэктар. — Працуюць даволі паспяхова тры аддзяленні — інструментальнае, харавое, харэаграфічнае. Калі па шчырасці, то ў нас умовы для выкладання прадметаў ніколькі не горшыя, чым у сталіцы. Маем уласны
будынак, дзе праходзяць заняткі. Класы — светлыя, прасторныя, абсталяваны ўсім неабходным, у тым ліку музычнымі інструментамі. Напрыклад, напрыканцы мінулага года атрымалі новы кабінетны раяль фірмы YAMAHA. Ёсць таксама замежнай вытворчасці акардэоны, трубы, флейты, саксафоны.

Паступова наша размова пераходзіць на кадры, якія шчыруюць з дзецьмі, на поспехі і дасягненні юных артыстаў. А іх сапраўды багата. Пра многія ўжо неаднойчы расказвала на сваіх старонках і раённая газета.

— Вельмі ўраджайным у плане конкурсных перамог выдаўся, — кажа Алена Іванаўна, — мінулы год. Упершыню ў гісторыі школы лаўрэатамі і дыпламантамі розных міжнародных конкурсаў сталі прадстаўнікі ўсіх трох накірункаў дзейнасці. Як вакалісты, інструменталісты, так і танцоры. У агульнай творчай “скарбонцы” юных артыстаў 14 дыпломаў пераможцаў.

Тое, што дзеці з глыбінкі пакарылі такія вяршыні, пра многае сведчыць. І, найперш, пра майстэрства неабыякавых творчых педагогаў, якія вядуць іх па дарозе ў вялікае мастацтва. Сярод юных дараванняў кіраўнік установы называе ўдзельніц ансамбля “Канфеці” Марыю Валюк, Анастасію Малько, Валерыю Роўду, Лізавету Томкавіч. Дарэчы, Марыя і Лізавета выдатна зарэкамендавалі сябе і як салісткі. У гэтым заслуга не толькі дзяўчынак, але і іх педагога Кацярыны Цурганавай. Сярод танцораў сталі лаўрэатамі калектывы “ProДвижение” (педагог Вікторыя Клімовіч), “Мядель Drive” і гурт “Зорачка” (Святлана Сакалова). Сярод інструменталістаў вызначылася цымбалістка Дар’я Гірын (Вольга Клімовіч).

Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя)Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя) Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя) Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя) Школа з чароўным ухілам: гісторыя і сучаснасць Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў (фота архіўныя і сучасныя)

З мэтай папулярызацыі музычнага і харэаграфічнага мастацтва, для прыцягнення ў школу новых навучэнцаў працуюць падрыхтоўчыя групы для дзяцей 5-7 гадоў па харэаграфіі “Зорачка”, а па вакале —“Раніца”. Зараз у іх займаецца больш за 40 дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Поспех установе дадатковай адукацыі прыносяць не толькі вучні, але і педагогі. І, найперш, лаўрэат розных прэстыжных фестываляў і конкурсаў — ансамбль выкладчыкаў “Натхненне”, які працуе з 1976 года пад нязменным кіраўніцтвам вельмі вопытнай Таццяны Будкевіч. Ансамбль выступаў на пляцоўках Польшчы, Германіі, Расіі, Славеніі, Венгрыі, дэманструючы прыгажосць мастацтва нашай краіны. У 2003 го­дзе калектыву прысвоена найменне “народны”.

У ДШМ жыццё насычана рознымі цікавымі падзеямі. Толькі за мінулы год дзіцячыя творчыя калектывы і салісты прынялі ўдзел у 19 мерапрыемствах, якія праводзіліся ў рамках раённых і гарадскіх свят. Акрамя таго, правялі 12 уласных канцэртных праграм, выступаючы з імі на розных сцэнічных пляцоўках, у тым ліку ў нарачанскіх здраўніцах. Адметнымі праектамі, касцюміраванымі відовішчнымі шоу дзеці пад кіраўніцтвам дарослых пастаянна здзіўляюць публіку. А гэта — лепшае сведчанне таго, што ва ўстанове працуюць творчыя людзі, якія веды, вопыт перадаюць хлопчыкам і дзяўчынкам, дапамагаюць ім развіць свае здольнасці.

Мядзельская ДШМ выступае таксама каардынатарам міжнароднага праекта “У Шэметаве ў Шастаковічаў”, які з мінулага года унесены ў спіс рэгіянальных цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, што фінансуюцца з абласнога бюджэту. Летась у рамках фестывалю адбыліся два канцэрты з удзелам знакамітых беларускіх музыкантаў і саліста Парыжскага сімфанічнага аркестра Філіпа Беро (кларнет). А ўвогуле за гады правядзення гэтага вельмі прэстыжнага міжнароднага форума жыхары і госці Нарачанскага краю змаглі пазнаёміцца з непаўторным майстэрствам выканаўцаў з Францыі, Сербіі, Балгарыі, якія па традыцыі выступалі разам з вядомымі музыкантамі нашай краіны.

— Выкладаць музыку — цікавая і прыемная справа, — сцвярджае Алена Касарэўская. — Невыпадкова ўсе нашы настаўнікі — энтузіясты, людзі творчыя, інтэлігентныя, наватары ў сваёй прафесіі. У многім дзякуючы іх актыўнай, неабыякавай пазіцыі карпатлівая, старанная праца з вучнямі дае плён: дапамагае поўнасцю раскрыцца, паказаць, на што варты. Штогод з замілаваннем назіраю, як паступова са звычайных дзяцей вырастаюць маленькія артысты. Ці ж гэта не цуд? Ды яшчэ які! Нездарма канстатую, што наша школа асаблівая: яна з чароўным ухілам.

Ад сябе дадам, што невыпадкова па выніках мінулага года пераможцам раённага спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы па развіцці культуры стала Мядзельская дзіцячая школа мастацтваў. Прызнанне заслужанае. Так трымаць і надалей!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.