І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота)

608

ЦЭНТРАЛЬНУЮ раённую бібліятэку імя Максіма Танка пасля рамонту не пазнаць. Светла і ўтульна стала ў памяшканні, змяніўся інтэр’ер.

Задаволены станоўчымі пераменамі і работнікі ўстановы, і чытачы.

— Пасля рамонту цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка вельмі змянілася: стала больш прыгожай, утульнай, — кажа дырэктар установы Таццяна Нырцова. — Пэўны час і нашы работнікі, і наведвальнікі адчувалі некаторыя нязручнасці, бо адначасова з рамонтам працягвалася абслугоўванне чытачоў. Але затое цяпер сюды прыемна зайсці. Перамены відавочныя. Падлога зроблена з ламінату. Сцены, столь — у светлым тоне. Заменена лесвіца на чацвёрты паверх. Устаноўлена новая мэбля — сучасныя кніжныя стэлажы, сталы, крэслы. Такое ўражанне, што нават месца ў нас паболела. Сапраўды, працаваць у такіх умовах — адно задавальненне. Ды і чытачам абноўленая бібліятэка вельмі падабаецца. Многія адзначаюць са станоўчага боку перамены, якія яе закранулі, асабліва ў плане дызайну, інтэр’еру.

Таццяна Ананьеўна паведаміла, што ім даўно хацелася, каб бібліятэка, якая з’яўляецца адным з найважнейшых асяродкаў культуры ў горадзе, змяніла сваё абліч­ча: папрыгажэла, пахарашэла. Але задумкі доўгі час не ажыццяўляліся. Галоўная прычына гэтага — недахоп фінансавых сродкаў. А тут і падстава для пераўтварэнняў выдалася: на базе ўстановы чакалася правя­дзенне абласнога семінара бібліятэкараў сталічнага рэгіёну. Ну як прымаць гасцей у старым памяшканні, якое патрабуе рамонту? Так і было вырашана пачаць падрыхтоўку да запланаванага мерапрыемства са змянення знешняга выгляду самой установы.

— Сваімі прапановамі па­дзяліліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаславам Клімовічам, — працягвае Таццяна Нырцова. — Ён нас падтрымаў. Але вырашальнае слова было за старшынёй райвыканкама Анатоліем Вайнілкам. Вельмі прыемна, што Анатолій Мар’янавіч, не зважаючы на пастаянную занятасць, знайшоў час і прыйшоў да нас у бібліятэку, каб дэталёва вывучыць сітуацыю і прыняць па ёй адпаведнае рашэнне. Кіраўнік раёна падчас наведвання ўстановы выказаўся адназначна: рамонт патрэбен! Работы выконвала будаўнічая арганізацыя “Нарс” Дзмітрыя Стральца. Ёй мы таксама ўдзячны за якаснае выкананне работ.

— Па просьбе наведвальнікаў перанеслі з чацвёртага паверха на трэці чытальную залу, — дапаўняе Таццяну Ананьеўну загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Цыгельнікава. — Гэта нашмат зручней для чытачоў пажылога ўзросту, якім даволі складана падымацца па прыступках наверх. На месцы, што вызвалілася, размясцілі галіновую літаратуру. Што датычыць мэблі, то яна ў нас сучасная, зручная. Выраблена пастаўскімі вытворцамі. У афармленні інтэр’еру памяшканняў нам дапамагала мастак аддзела бібліятэчнага маркетынгу Рэгіна Шаранговіч. Дзякуй ёй за свежыя ідэі і іх рэалізацыю. Вядома, што і самі стараліся. Аб’ём работ выкананы вялікі. Аднак мы задаволены. Ды і наведвальнікі бібліятэкі таксама.

Сапраўды, добрая справа зроблена. І гасцей прымаць не сорамна, ды і саміх гараджан бібліятэчная ўстанова не адзін год пасля рамонту будзе радаваць!

І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота)

І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота) І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота) І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота) І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота) І прыгожа, і чытачам зручна стала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пасля рамонту (фота)

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.