«Не магу прамінуць прыгажосць, каб не намаляваць»: пра сваё захапленне расказвае самадзейны мастак

544

Жыхар Старлыг Пётр Норка захапляецца маляваннем. Творы яго могуць бачыць не толькі родныя, сябры, але і навучэнцы, настаўнікі мясцовай установы адукацыі, людзі, які праязджаюць па дарозе з Занарачы на Свір. І гэта пры тым, што прафесія мужчыны ад мастацтва далёкая: ён вадзіцель аўтобуса Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські.

Навучанне ў вясковага мастака

У дзяцінстве Пётр жыў у Яневічах, вучыўся ў Сырмежскай школе.

— А там такі мастак у вёсцы быў, — прыгадвае ён. — Неяк ішоў дамоў са школы, а ён сядзеў на лаве і пераняў мяне: «Ну што, чаму такі невясёлы са школы ідзеш? А маляваць ці ўмееш?» — «Не ўмею», — адказваю. А ён хуценька намаляваў чарцяня на месяцы. Я дома паспрабаваў — атрымаўся страшны чорт. У асноўным гэты мастак мяне маляваць навучыў, часта з ім сустракаліся. Ён мне расказваў, як гэта прыгожа — маляваць. І з кожным разам усё лепш і лепш атрымлівалася. Мастак вучыў маляваць звяроў — штось такое простае. І ў школе былі ўрокі малявання. Памятаю, як у восьмым класе дзяўчыне намаляваў карціну-прызнанне.

Ад партрэтаў да пейзажаў

Пакрысе стаў Пётр Норка маляваць партрэты — з розных нагод. Дарыў іх сябрам на дні нараджэння, іншыя святы.

— Было такое, што пад Новы год намаляваў усіх сяброў у вобразе казачных персанажаў. Сваю будучую жонку — у хустачцы, як Алёнку. І цяпер дома ёсць тая карціна. Сяброў адлюстраваў у вобразе волатаў і гусараў — тады выклікала цікавасць такая форма.

На той час Пётр працаваў гуашшу, акварэлямі: яшчэ не былі так распаўсюджаны акрылавыя і алейныя фарбы. Гэта цяпер ужо ў асноўным малюе акрылам:

— Мне ім зручней маляваць: можна і паправіць карціну, — дзеліцца.

Ды і цяпер Пятра больш цікавяць пейзажы.

«Не магу прамінуць прыгажосць, каб не намаляваць»: пра сваё захапленне расказвае самадзейны мастак

— Мне падабаецца іх ствараць: усё такое сонечнае і прыгожае, звязанае з прыродай.
— Дома, кажуць, у вас цэлая карцінная галерэя…
— Так. Жонцы ў падарунак трыпціх з архідэяй намаляваў. Астатнія карціны — усё пейзажы. Ідэі адкуль? У інтэрнэце паглядзіш, але шмат пейзажаў з нашых мясцін. Апошні раз быў ля Камарова — такія маляўнічыя краявіды! Зробіш фотаздымак, з яго потым і малюеш.

— Якая любімая карціна?

— Усе тыя, на якіх адлюстраваны родныя Яневічы. Там горка, прырода прыгожая. А дзе дом, у якім рос, — алеі ў абодва бакі. Карціны з Яневічамі ў асноўным раздаваў родным на памяць. У мяне тры сястры, два браты — ім гэтыя творы і дарыў…

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 19 снежня

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара і з архіва Пятра Норкі.