Дзяды. Дзень памяці і малітвы

256

НА дварэ апошні месяц восені — лістапад. І распачынаецца ён памінальнымі святамі. Літаральна ўчора вернікі каталіцкай канфесіі адзначылі ўрачыстасць Усіх Святых. А сёння — Дзень памяці і малітвы (больш вядомы ў народзе як Дзяды), калі ўспамінаюцца ўсе памерлыя.

Традыцыйна ў гэтыя дні католікі падаюць у касцёлах запіскі за памерлых родных, знаёмых, і на працягу лістапада адбываюцца набажэнствы за іх душы. Наведваюць могілкі. Прыносяць кветкі, запальваюць свечкі, моляцца са святарамі за спачылых і такім чынам аддаюць ім даніну павагі. Для мяне асабіста гэта надзвычай чуллівыя моманты, якія кранаюць душу і сэрца. Такое ўяўленне, што нябачныя ніткі звязваюць нас, жывых, з тымі, хто пакінуў гэты свет і ніколі не вернецца. Што нашы памерлыя бачаць нас з вышыні, слухаюць словы малітвы і, вядома ж, задаволены, што мы пра іх не забыліся. Але гэта трэба не толькі тым, каго няма побач, а і нам самім. Бо пакуль будзем памятаць сваіх продкаў — будзе жыць наш род.
Ужо шмат маіх родных пакінула гэты свет. Даўно няма бабуль і дзядуляў, сястрычкі Валечкі, іншых сваякоў, суседзяў, знаёмых, многіх аднакласнікаў. Мінула 18 год, як пайшла з жыцця мама Ядвіга Францаўна — простая, шчырая і мудрая жанчына. А здаецца, быццам смерць забрала яе ў нас толькі ўчора… Не стала сёлета і таты, Эдуарда Вікенцьевіча Ціхага — дбайнага, руплівага гаспадара, нястомнага працаўніка, светлага, сардэчнага чалавека. Такім ён запомніўся не толькі нам — дзецям, унукам, праўнукам — але і ўсім, хто яго ведаў, паважаў. У даволі маладым узросце тата стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Ніколі не выхваляўся гэтым, аднак атрыманым званнем, высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі даражыў. Ён не прадаў іх за вялікія грошы і ў няпростыя гады перабудовы, захаваў для нашчадкаў. Жыў сціпла, прыстойна. Поўнасцю адпавядаў свайму прозвішчу — Ціхі. Але след пасля сябе пакінуў — глыбокі, важкі…
Без бацькоў сіратліва апусцела хата. На жаль, калі іх страчваем, толькі тады разумеем, што для нас значылі: наколькі дарагімі былі і як іх нам не хапае. Як хочацца апынуцца ў абдымках матулі, каб адчуць сябе абароненай. Прытуліцца да моцнага татавага пляча, якое надавала спакой і ўпэўненасць. Але іх няма. Не стала і той душэўнай блізкасці, якая звязвала нават на адлегласці, давала сілу, моц і адчуванне таго, што нават ва ўзросце мы — дзеці.
У лістападаўскія дні ўспамінаем і святароў, якія адышлі ў вечнасць. У лютым пакінуў гэты свет айцец Віктар Бурлака. Нястомны працаўнік на ніве Божай большую частку жыцця прысвяціў служэнню ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі. Запомніўся, мяркую, не толькі мне, але і ўсім, хто яго бачыў, з ім сустракаўся. Ён жыў святыняй, дзе працаваў, верна і аддана служыў Богу, а таксама Найсвяцейшай Панне Марыі, імя якой носіць будслаўскі касцёл. Падчас фэстаў заўсёды сустракаў пілігрымаў словамі: “Божая Маці вас чакае”. І тым самым падкрэсліваў, што Нябесная Заступніца рада кожнаму, хто да яе звярнуўся па параду, падтрымку і дапамогу. Перастала біцца сэрца святара, але памяць аб ім засталася.
А ў жніўні адзначыў першы год нараджэння ў вечнасці наш глыбокапаважаны айцец Бэрнард Радзік, які служыў у Смаргонскім раёне, а таксама ў Нарацкай і Мядзельскай парафіях. Упэўнена, не адной мне запомніўся гэты мудры і шчыры сейбіт Божага слова, які скараў сваёй прастатой і ўменнем дастукацца да кожнага сэрца. Айцец Бэрнард быў не толькі Святаром з вялікай літары, але шчырым, вельмі светлым чалавекам. Ад яго сыходзіла дабрыня. І гэта бачна было нават няўзброеным вокам — праз позірк, прыемную ўсмешку, размову, паводзіны, штодзённыя ўчынкі. Ён прывабліваў да сябе людзей розных узростаў сваёй шчырасцю, неабыякавасцю, уменнем суперажываць, гатоўнасцю падтрымаць, прыйсці на дапамогу. Поўнае манаскае імя святара — Бэрнард ад Беззаганнага Сэрца Марыі. І яму ён поўнасцю адпавядаў. Як мне здаецца, менавіта Божая Маці і дапамагала айцу Бэрнарду самааддана і бескарысліва выконваць пакліканне на Божую службу: быць сапраўдным Пастырам для сваіх авечак і чалавекам неабсяжнай любові і дабрыні. Такім айцец Бэрнард і застаўся ў памяці прыхаджан.
…Калі ў першыя лістападаўскія дні ўвечары праязджаеш каля могільнікаў, бачыш запаленыя лампадкі. Навокал — цемра, а ў ёй — мноства агеньчыкаў. Гэта маленькія знічкі нашай памяці. І пакуль яны гараць, не пазарастаюць да святых месцаў сцяжынкі і не будзе там нічыйных магіл.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.