Азірніся… Эсэ Яўгена Звяругі

289

Азірніся… Эсэ Яўгена Звяругі Другое месца на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі «Залатое пяро “Белай Русі”-2021» заняло эсэ Яўгена Звяругі — вучня Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка. Прапануем яго вашай увазе.

       Азірніся…

* * *
… Дарога. Дарога вабіць. Дарога захапляе. Яна цягнецца шырокай стужкай, звужаецца ля гарызонта. Ёй няма канца. Яна можа пятляць, можа схавацца ў гушчары лесу або заблытацца між гор. Дарога можа прывесці да акіяна або да зусім непрыкметнага ў глухамані лесу ручайка, можа падняцца ў горы або за­гразнуць у балоце. Яна можа знікнуць, а можа ўперціся ў каменную непрабівальную сцяну або абарвацца на адвеснай скале. Дарога…

Кожны з нас крочыць сваёй дарогай — той, якая больш нікому не належыць, або сцяжынкай (усе яны такія розныя). Добра, калі яскрава бачыш усе перашкоды на шляху. Але, бывае, сустракаюцца скрыжаванні. І тут трэба быць вельмі ўважлівым. Бо ніхто не дасць гарантыі, што пасля такога скрыжавання ты пойдзеш менавіта сваёй дарогай…

* * *
Аліна была ў дарозе. Вось ужо трэцюю гадзіну яна трэслася ў аўтобусе, які з кожнай хвілінай набліжаў яе да канечнага пункта маршруту — дадому. Год таму яна гэтак жа ехала ў бацькоўскую хату. Каб назаўсёды развітацца з маці… Дзяўчына стомлена заплюшчыла вочы, і думкі панесліся зноў у той незабыўны дзень, калі яна атрымала страшную вестку: “Прыязджай! Мама памерла!” Гэта навіна выбухнула і аглушыла так, што заняло дыханне (ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць), сэрца зайшлося невыносным болем і адчаем: “Як жа так! Гэта можа здарыцца ў каго іншага, толькі не ў мяне! Што ты нарабіла, мама! Што цяпер рабіць?” Яна сутаргава ўсхліпнула і зайшлася ў немым крыку, не ў сілах асэнсаваць гэту страшную бяду. Цяпер Алі­на ўспомніла, што ў апошні яе прыезд дадому мама спрабавала патлумачыць, што ў яе знайшлі нядобрую хваробу і яна дрэнна сябе адчувае. Але дзяўчына не надала гэтаму ніякага значэння і, як заўсёды, рэзка ўсклікнула:
— Вечна ў цябе ўсё баліць.

А агарод… Памяць бязлітасна падсоўвала ўсё новыя факты Алінінага эгаізму. Неяк мама зайшла да яе і ціха папрасіла:
— Ты б, дачушка, у гарод выйшла. Усё пазарастала. А ў мяне такая слабасць, ледзь ногі цягаю.

Дзяўчына ўспыхнула:
— Мама, у мяне на носе канферэнцыя. У мяне столь­кі работы, так што прапалі свае градкі сама. А калі хварэеш, дык лячыцца трэба, а то ты ўсё толькі ныеш і ныеш. І наогул менш садзіць гэтых градак трэба…
Мама тады моўчкі выйшла з пакоя… Калі б толькі можна было ўсё вярнуць! Аліна ўпала б перад мамай на калені і маліла-прасіла дараваць. Кінула б свае справы і адвезла б яе ў самую лепшую клініку… Але мамы больш няма. Запозненае раскаянне цяжарам цісне на сэрца, і ледзь не ўголас дзяўчына працягвала маўклівы дыялог:

— Няхай бы ты, мамачка, пажыла яшчэ. Каб жа ты ведала, як не хапае цябе, твайго голасу, твайго цяпла, тваіх парад. Няхай бы ты толькі сядзела на лавачцы ў цяньку, была побач. А мы, твае дзеці, не дазволілі б нават цёпламу летняму ветрыку патрывожыць цябе.
Пякуча і балюча асэнсоў­ваць незваротнасць часу. Мамы больш няма. Засталося толькі неад’емнае пачуццё віны, якое будзе ўсё жыццё. І ўжо нічога не выправіць…

* * *
Хата стаяла і чакала сваіх гаспадароў. Гэта была вялікая, надзейна складзеная са смалістых сасновых бярвёнаў хата. Яна глядзела вялікімі, шырока расплюшчанымі вачамі-вокнамі на дарогу, што вяла з вёскі, і на лес, які ўсё больш падступаў і браў яе ў палон.

Хата жыла сваім жыццём: вечарамі пагружалася ў дрымоту, якая з наступленнем ночы пераходзіла ў спакойны сон. Раніцай, як толькі першы прамень сонца дакранаўся да даху, хата ажывала. Цемра адступала — і яна быццам выпроствала свае сцены, рабілася вышэйшай і велічнай. Ёй было сумна без людскіх галасоў, без патрэсквання дроў у печы, без скрыпу дошак у падлозе. Хаце было дрэнна без гаспадароў…
Аліна няўпэўнена адчыні­ла весніцы, ціха ўвайшла ў двор і па старой звычцы вачамі стала шукаць знаёмы сілуэт… Ключ ніяк не хацеў трапляць у замок. Хата сустрэла цішынёй і нязвыклым, нежывым пахам. Дзяўчына здрыганулася ад холаду, ад няўтульнасці, ад адзіноты.

Яна стомлена прысела ля стала, застыла ў роздуме. Рукі непрыкметна пацягнуліся да настольніка, асцярожна дакрануліся да яго, з любоўю пагладзілі квяцісты ўзор — вяночак з чырвоных макаў, бялёсых рамонкаў, сініх валошак, залатых каласкоў, — вышыты некалі руплівымі мамінымі рукамі. Дзяўчына застыла, на нейкі момант ёй здалося, што яна адчула цяпло маміных рук. Гэты настольнік даставалі з шафы і засцілалі ў асаблівых выпадках: святкаваць Каляды, Новы год, Вялікдзень, дні нараджэння… І тады ўся хата рабілася прыгожай і святочнай. І справа была не ў застоллі, а ў той асаблівай атмасферы, калі збіраліся родзічы, калі ўсе гаварылі адзін з адным, штосьці ўспаміналі, смяяліся, спявалі. Столькі радасці, столькі весялосці, столькі шчасця! Аліна ўпершыню, пераступіўшы парог роднай хаты, усміхнулася свайму адкрыццю: як цудоўна, што ёсць сямейныя традыцыі, як нам усім неабходны гэтыя святыя хвіліны зверхадкрытасці і яднання, каб у жыцейскую непагадзь апынуцца ў родных сценах, сярод родных людзей! Як цудоўна, што ёсць такі выратавальны круг, за які можна ўхапіцца ў самую цяжкую хвіліну, — шматлікія ро­дзічы! Такія ўсе розныя: столькі інтарэсаў, столькі лёсаў, а падобныя адным — моцнымі сямейнымі сувязямі.

Дзяўчына з палёгкай правяла вачыма па знаёмых, такіх блізкіх і дарагіх з дзяцінства прадметах, кожны з якіх абуджаў памяць і вылучаў святло і цеплыню, вяртаў у бесклапотнае дзяцінства. Кніжная паліца з чытанымі-перачытанымі не адзін раз любімымі творамі. Печ-гаспадыня, печ-берагіня, што гатавала найсмачнейшыя ў свеце стравы, сагравала, ратавала ад халадоў і заўсёды падслухоўвала, але ніколі не выдавала дзіцячыя сакрэты. Канапа, засцеленая саматканай посцілкай, вытканай яшчэ бабуляй. Дубовая шафа з люстэркам ва ўвесь рост. Позірк затрымаўся на калажы з фотаздымкаў. Яны розныя: чорна-белыя — старыя, пажоўклыя ад часу, каляровыя — поўныя фарбаў і жыцця. Такія простыя, такія родныя, такія дарагія здымкі захоўваюць у сабе вялікую таямніцу часу і не толькі. Дзяды і прадзеды, бацькі і дзеці, унукі і праўнукі — кола часу… Аліна адчула, як накатвае мяккая, пяшчотная настальгічная хваля, разліваецца ў душы салодкім цяплом і сонечным святлом… А з чырвонага кута глядзелі праніклівыя добрыя вочы Багародзіцы — вочы мамы… Мама была побач. Аліна ўрэшце адчула сябе дома.

Хата дачакалася сваю гаспадыню…

 

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц