СІНОПТЫКІ сцвярджаюць: «Асабліва зорным небасхіл бывае ў мароз». Людзі творчыя пярэчаць: «Асляпляльна зіхатлівым ён робіцца пасля правядзення таго альбо іншага творчага спаборніцтва». Гэта артысты пра зорак сцэны, вядома…
Якія прозвішчы адкрые для сябе беларускі глядач пасля правядзення Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю» — прадказаць немагчыма. Аднак, верыцца, што набудзе новых прыхільнікаў і Алеся Далгіх, якая прадставіць наш раён у абласным туры творчага спаборніцтва. Кандыдатура харэографа гарадскога Дома культуры была абрана падчас раённага этапа.
Алеся — выпускніца Мінскага каледжа мастацтваў, завочна займаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У Мядзел трапіла па размеркаванні. Працуе тут першы год, аднак, паспела ўжо заслужыць павагу і любоў мясцовай публікі. На вобласці выканаўца прадставіць дзве разнажанравыя песні ў намінацыі «Народныя спевы».