Змяненні ў бібліятэках раёна ёсць. І яны відавочныя

268

Не губляецца повязь часоў —
Ці завея ў жыцці, ці адліга.
І сярод наймудрэйшых высноў:
Хлеб. Жанчына. І кніга. І кніга.
А. Быкаў.

СА словамі нашага земляка, паэта, журналіста Аляксандра Быкава цяжка не пагадзіцца. Сапраўды, кнігі і бібліятэкі, нягледзячы на імклівыя перамены ў свеце, застаюцца запатрабаванымі.

Вялікая ўвага надаецца пытанням камплектавання бібліятэчных фондаў на ўсіх узроўнях. Важным крокам з боку дзяржавы ў плане якаснага папаўнення іх новымі выданнямі стала даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — “Аб накіраванні на камплектаванне бібліятэчных фондаў не менш за 12% сродкаў ад агульнай сумы, выдаткаванай на ўтрыманне бібліятэк”. На працягу апошніх дзесяці гадоў гэты паказчык стабільна выконваецца. Таму штогод на паліцах бібліятэк з’яўляюцца новыя кнігі, а разнастайнасці перыядычных выданняў нават зайздросцяць чытачы, якія прыязджаюць да нас з іншых рэгіёнаў.

Дзякуючы падтрымцы галіны культуры кіраўніцтвам краіны паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Асабліва гэта добра бачна на працягу некалькіх апошніх гадоў. З увядзеннем аграгарадкоў з’явіліся сучасныя будынкі Занарацкага і Будслаўскага Дамоў культуры, дзе размясціліся і бібліятэкі. Гэта ні што іншае, як вынік рэалізацыі мудрай дзяржаўнай палітыкі па адраджэнні вёскі. Нарацкая пасялковая бібліятэка пасля шматлікіх вандровак па розных часовых прытулках пера¬ехала ў светлыя, прасторныя памяшканні ў будынку былой школы. Названы факт сведчыць пра клопат раённага выканаўчага камітэта пра развіццё рэгіёна. Прычым не толькі пра яго стабільнае эканамічнае становішча, дабрабыт жыхароў, але і пра далучэнне іх да культуры, мастацтва.

Акрамя таго, адрамантаваны фасад і страха цэнтральнай раённай бібліятэкі. Праведзены рамонт ганка, лесвіцы і ўваходнай групы. Заменены вокны і дзверы ў раённай дзіцячай і цэнтральнай раённай бібліятэках. Дзякуючы падтрымцы старшыні раённага выканаўчага камітэта ў 2019 годзе зроблены грунтоўны рамонт аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка, набыта новая мэбля. Установа, якая з’яўляецца адным з найважнейшых асяродкаў культуры ў горадзе, змяніла сваё аблічча — папрыгажэла, пахарашэла.

Змяненні ў бібліятэках раёна ёсць. І яны відавочныя

Надаюць эстэтычны выгляд тэрыторыі ля яе таксама драўляныя кампазіцыі і кніжная шафа для буккросінгу, “танкаўская” лавачка, якія з’явіліся ў прылеглым да будынка скверы. Жыхары і госці райцэнтра з задавальненнем прыходзяць сюды, каб пасядзець, адпачыць. Эмоцыі перапаўняюць практычна ўсіх, хто бачыць такія арыгінальныя элементы ўпершыню. Дарэчы, работы па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў працягваюцца і ў бягучым годзе.

У апошні час бібліятэкі і бібліятэкары хутка нарошчваюць сваю прысутнасць у сацыяльных сетках, выкарыстоўваюць іх для зносін з карыстальнікамі, абмену думкамі аб выданнях і паслугах, для маркетынгавых даследаванняў і прасоўвання сваіх паслуг. Цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка мае ўласны інтэрнэт-сайт і групы “Бібліятэкі Мядзельскага раёна” ў сацыяльных сетках “ВКонтакте”, “Одноклассники”, Instagram.

Таццяна НЫРЦОВА,
дырэктар Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары за 8.08