Засцерагайце дзіця ад алкаголю

267

НЕПАЎНАЛЕТНІХ падпільноўваюць шматлікія рызыкі. Адна з іх — алкаголь. Нават разавае яго ўжыванне можа нашкодзіць.

Засцерагайце дзіця ад алкаголю
На жаль, нярэдка можна ўбачыць, як у дварах ці пад’ездах ужываюць спіртное падлеткі. Пры гэтым самі думаюць, што сабраліся, проста каб разам правесці час. Ім здаецца, што алкаголь — толькі атрыбут такіх сустрэч. А піва ўвогуле лічаць недарагім і бяспечным спосабам падняць настрой. Такое стаўленне да алкагольных і слабаалкагольных напояў небяспечнае.
Асаблівасць падлеткавага алкагалізму — хуткае нарастанне сацыяльнай дэзадаптацыі. Знікае цікавасць да вучобы і ранейшых захапленняў, пачынаюцца канфлікты ў сям’і і школе. Алкагольнае
ап’яненне ў непаўналетніх мае асаблівасці: кароткачасовую эйфарыю хутка змяняюць дэпрэсіўна-злосны настрой, рухальнае ўзбуджэнне або выключэнне свядомасці. У нецвярозым стане падлетак здольны на супрацьпраўныя ўчынкі, а гэта можа паўплываць на ўсё яго далейшае жыццё. Тым больш, што некаторыя на алкаголі не спыняюцца і пачынаюць спалучаць яго з лекамі і нават сродкамі бытавой хіміі.
Многія лічаць: хай дзіця лепш дома пакаштуе шампанскае, чым будзе з аднагодкамі піць гарэлку ў пад’ездзе. Але знаёміць падлетка са спіртнымі напоямі злачынна. Чым раней арганізм сустрэнецца з алкаголем, тым раней пачне даваць збоі. Таму трэба засцерагаць дзіця ад шкоднай звычкі і адцягваць момант дэгустацыі спіртнога. Бо што можа быць лепш для бацькоў, чым здаровыя і шчаслівыя дзеці?
Вядома, нельга быць упэўненым, што падлетак з цікаўнасці не пакаштуе алкаголь. Але трэба патлумачыць яму, да чаго гэта можа прывесці. Калі ж непаўналетні ўцягнуўся ў гарэлку і родныя нічога не могуць з гэтым зрабіць, трэба звярнуцца да спецыяліста, які дапаможа выявіць прычыну праблемы і пазбавіцца ад яе.

В. ГРЫЦЭВІЧ.
Урач-псіхіятр-нарколаг Мядзельскай
цэнтральнай раённай бальніцы.