За ўсімі дасягненнямі Мядзельскага вузла электрасувязі — старанная праца калектыву

556

ДНЯМІ РУП “Белтэлекам” адзначае 25-годдзе свайго існавання. Шлях значны, каб падвесці вынікі, назваць тых, хто найбольш вызначыўся. Пра дасягненні калектыву гутарым з начальнікам Мядзельскага вузла электрасувязі Анатоліем МАЛЬКО.

— Анатолій Аляксеевіч, што ўяўляе сабой сёння Мядзельскі РВЭС?

— РВЭС зараз — гэта 15000 абанентаў тэлефаніі, 8100 — інтэрнэта, 9700 — тэлебачання. Пранікненне паслуг інтэрнэту на 100 жыхароў складае 32%. Арганізацыя аказвае высакаякасныя паслугі і з года ў год удасканальвае іх. З улікам таго, што Нарачанскі край — гэта ўнікальная прыродная скарбонка і найбуйнейшы курортны рэгіён Беларусі, які прываблівае гасцей з усяго свету, мы забяспечылі санаторна-курортныя і аздараўленчыя ўстановы, размешчаныя на яго тэрыторыі, сучаснымі лічбавымі рашэннямі ад РУП “Белтэлекам”. Такімі, як высакахуткасны доступ у сетку інтэрнэт buflyTM, інтэрактыўнае і інтэрнэт-тэлебачанне ZALATM, прадастаўленне ў карыстанне сеткі Wi-Fi, відэакантроль. Паслугі сувязі ствараюць камфортныя ўмовы для адпачынку гасцям з усяго свету.

За ўсімі дасягненнямі Мядзельскага вузла электрасувязі — старанная праца калектыву

— Якія яшчэ дасягненні на рахунку вашага калектыву за апошнія гады?

— Асабліва вялікі аб’ём работ намі выкананы ў 2018 годзе падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. У прыватнасці, быў перанесены існуючы тэлекамунікацыйны вузел ОПТС/ЛАЗ раённага вузла электрасувязі ў тэхнічнае памяшканне, якое зараз размяшчаецца па адрасе: вуліца Крупскай, 2. Праведзены рамонт будынка ЛТУ і транспартнага ўчастка, абсталяваны вучэбны клас па ахове працы, гардэробныя, душавая, пакоі прыёму ежы. Для ўсіх работнікаў створаны годныя ўмовы працы. Людзі атрымліваюць нядрэнную заработную плату. Акрамя таго, вялікі аб’ём работ выкананы па пера­ключэнні шматкватэрнага сектара горада Мядзела на тэхналогію PON (пасіўная аптычная
сувязь).

— Напэўна, старанная праца не прахо­дзіла безуважна?

— Так. Па выніках 2017 і 2019 гадоў Мядзельскі РВЭС прызнаваўся пераможцам штогадовага раённага спаборніцтва сярод арганізацый у галінах транспарту, сувязі і сферы абслугоўвання і ўзнагароджваўся Граматамі раённага выканаўчага камітэта. Мая асабіста праца ў 2018 годзе была адзначана нагрудным знакам “Ганаровы работнік сувязі Беларусі”.

— А чым зараз займаецца прадпрыемства?

— Актыўна вядуцца работы па будаўніцтве аптычных сетак у прыватным сектары райцэнтра. У бліжэйшых планах — правесці высакахуткасны інтэрнэт (аптычнае валакно) у кожны дом, кожную кватэру раёна.

— За высокімі дасягненнямі прадпрыемства стаяць, безумоўна, людзі. Назавіце, калі ласка, тых, хто найбольш вы­значыўся.

— Найперш словы ўдзячнасці за руплівую і добрасумленную працу хачу выказаць ветэранам. Менавіта яны стаялі ля вытокаў нашай арганізацыі. У 1970 го­дзе пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі пачаў працоўную біяграфію ў якасці электраманцёра III раз­раду Мядзельскага ЛТВ Валерый Койра. У 1971 годзе без адрыву ад вытворчасці ён па­ступіў ва Усесаюзны завочны электратэхнічны інстытут сувязі, які закончыў у 1977 годзе. Значны час працаваў галоўным інжынерам раённага вузла сувязі. А калі ў 1996 годзе раённы вузел электрасувязі стаў самастойнай арганізацыяй, яе кіраўніком прызначылі Валерыя Антонавіча. І працаваў ён на гэтай пасадзе да студзеня 2010 года. Сярод паважаных ветэранаў таксама Валянціна Галубовіч, Ніна Куцкевіч, Вольга Грузд, Леанід Сёмка, Мікалай Грузд, Галіна Падбярэзская, Альфрэд Рагіня, Таіса Кайко, Антон Жукоўскі, Ганна
Жукоўская, Святлана Самусёнак, Наталля Кабяк, Святлана Аляксеева, Ніна Астапенка, Мечыслаў Бобрык, Тамара Герасімовіч, Леаніда Гушча, Аркадзій Ількевіч, Таіса
Казура, Ганна Качан, Алена Казлова, Людміла Куцкевіч, Францішка Найловец, Ларыса Пашкоўская, Ніна Пруднікава, Любоў Рачыцкая, Ніна Роўда, Мікалай Раманаў,
Тамара Сергіенка, Марыя Смольская, Аляксей Тарасаў, Галіна Сарокіна, Аляксей Кароткі і многія іншыя. Яны па сутнасці ўсё жыццё адпрацавалі ў галіне сувязі і на за­служаны адпачынак адсюль пайшлі.

За ўсімі дасягненнямі Мядзельскага вузла электрасувязі — старанная праца калектыву

— А каго выдзеліце з сённяшніх работнікаў?

— Зараз у нас у калектыве 42 чалавекі. Дзякуючы намаганням кожнага з іх жыхары раёна забяспечваюцца якаснай электрасувяззю. Добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі Дзміт­рый Папок, Віктар Лазар, Юрый Мілта, Юрый Клі­мовіч, Генадзій Бярняк, Дзмітрый Яноўскі, Валянціна Малько, Іна Куцкевіч, Святлана Мацюшонак, Іна Грыб, Людміла Ермаковіч, Юлія Папок, Вольга Пашук і многія іншыя. Усіх шчырых, адказных людзей, на жаль, назваць немагчыма, хоць кожны гэтага заслугоўвае.

За ўсімі дасягненнямі Мядзельскага вузла электрасувязі — старанная праца калектыву

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.