За намі — Беларусь!

280

У МІНУЛЫ аўторак Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. На ўрачыстае мерапрыемства ў вялікую залу Палаца Рэспублікі запрасілі больш за 2,5 тысячы чалавек з усёй краіны. У тым ліку і невялікую дэлегацыю з нашага азёрнага краю
на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Анатоліем Вайнілкам.
Што ж найбольш кранула душу прадстаўнікам Мядзельшчыны?

За намі — Беларусь!Алена КОЗЫРАВА, загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў дзяржаўнай установы “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”:

— АДРАЗУ адзначу, што ў такім вялікім форуме прымала ўдзел упершыню ў сваім жыцці. Да глыбіні душы ўразіла Пасланне Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. І не толькі мяне, аб чым яскрава сведчылі бурныя і працяглыя апладысменты пасля завяршэння выступлення Аляксандра Рыгора­віча ў вялікай зале Палаца Рэспублікі. Мяне асабіста больш за ўсё ўразілі словы пра тое, што Беларусь з’яўляецца донарам стабільнасці. Так склалася жыццё, што мне давялося пажыць і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Кіеве цэлых пяць год. Як кажуць, ёсць з чым параўноўваць і на свае вочы бачыць, да якіх трагедый прыводзяць лю­дзей розныя “майданы”. Яно і са­праўды, мы на працягу чвэрці стагоддзя будавалі Беларусь — наш агульны дом з вокнамі і на Усход, і на Захад. Заўсёды былі адкрытымі для сяброўства і супрацоўніцтва. Ніколі не ўмешваліся ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў. Міралюбівая дыпламатыя была і застанецца залогам нашай бяспекі, мірнай стваральнай працы. Таму палітыка нашага Прэзідэнта заўсёды знаходзіць адабрэнне і падтрымку ў сэрцах лю­дзей.
* * *
Валянціна СУБАЧ, старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта:
— МНЕ спадабалася, што кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, акрэсліў прыярытэты развіцця краіны на бліжэйшую перспектыву ў вызначальных сферах — палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай. Гэта якраз тое, што хвалюе сёння людзей, выклікае ў іх цікавасць. Прэзідэнт таксама пракаментаваў актуальныя па­дзеі ўнутры дзяржавы і за яе межамі, выказаўся пра стратэгічна важныя задачы, рэалізацыя якіх дазволіць захаваць стабільнасць і суверэнітэт. На мой погляд, самае каштоўнае для нас тое, што жывём пад мірным небам, займаемся стваральнай працай, наводзім вакол сябе прыгажосць. І ўсё гэта дзеля росквіту свайго роднага кута, сваёй дарагой рэспублікі. Мяркуючы па Пасланні, добрыя перспектывы вымалёўваюцца перад намі і на заўтра. У прыватнасці, асаблівую ўвагу плануецца надаць развіццю рэгіёнаў, што мяне вельмі радуе як старшыню сельскага выканаўчага камітэта. Дзякуючы перспектыўным праектам у малых гарадах і пасёлках людзі будуць жыць не горш, чым у абласных цэнтрах і сталіцы. Дарэчы таксама і рост даходаў грамадзян, які застаецца безумоўным прыярытэтам і на перспектыву. Як падкрэсліў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, на працягу пяцігодкі сярэдняя заработная плата ў Беларусі вырасце ў два разы. Галоўны ж накірунак развіцця краіны вызначае лозунг “Дзяржава для народа!”, што толькі на карысць людзям, на карысць кожнаму з нас.