Першая трагедыя адбылася 10 кастрычніка. У аграгарадку Нарач у агні загінуў пенсіянер, яго жонку ўдалося выратаваць. 17 кастрычніка ў вёсцы Антанова загінуў мужчына таксама пенсійнага ўзросту. Прычыны гэтых здарэнняў аднолькавыя: неасцярожнасць пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення.
Чарговай ахвярай агню стаў гаспадар дома ў вёсцы Сідаравічы Уладзімір Петух (1971 года нараджэння). 4 снежня ў цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Сідаравічы. Аператыўна прыбыўшы на месца, выратавальнікі ўбачылі, што полымя ахапіла жылы дом. Збіўшы агонь, яны выявілі ў кухні гаспадара без прыкмет жыцця. Асноўнам віноўнікам пажару яны лічаць недакурак.
Хочацца нагадаць банальную, але вельмі актуальную ісціну: ваша бяспека — у вашых руках. Амаль 90% пажараў — гэта абыякавасць саміх гаспадароў: адны кураць у ложку, другія гадамі не могуць знайсці грошы на рамонт печкі і замену электраправодкі, трэція чакаюць бясплатнага пажарнага апавяшчальніка і г. д.
Варта задумацца, ці даўно наведвалі вы сваіх бацькоў? Ці дапамаглі ім вырашыць многія пытанні, якія ім не пад сілу? Выратавальнікам пры праверцы жылля часта даводзіцца бачыць недагледжаных, адзінокіх, забытых састарэлых людзей. І гэта вельмі балюча, бо непадалёку жывуць працаздольныя дзеці, якія пры жаданні могуць забяспечыць сваім бацькам годную старасць.
І. КАРАПЕЦЯН.
Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, старшы лейтэнант унутранай службы.