У раёне для дэзынфекцыі адміністрацыйных будынкаў прыцягваюць і супрацоўнікаў ветэрынарнай станцыі. Падрабязней расказваюць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Мікалай ПАРШУТА — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:

— У выхадныя дні праведзена апрацоўка ўсіх устаноў адукацыі. Апрацоўка праводзілася спецыялістамі дэзынфекцыйнай службы ветэрынарнай станцыі з выкарыстаннем генератараў гарачага туману. Менавіта такія генератары выкарыстоўваюцца для апрацоўкі вялікіх памяшканняў.

Учора праведзена апрацоўка адміністрацыйнага будынка ДУП “Мядзельская ПМС”, а таксама машын, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі рабочых па аб’ектах. Адначасова апрацавалі дапаможныя і бытавыя памяшканні, майстэрні, дыспетчарскую — усе тыя памяшканні, у якіх найчасцей бываюць работнікі. Такую паслугу могуць заказаць у ветстанцыі і іншыя арганізацыі і ўстановы раёна, дзе па-сапраўднаму клапоцяцца пра работнікаў.

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі сістэматычна, улічваючы абстаноўку, якая зараз склалася, праводзіць кантроль выканання дэзынфекцыйных мерапрыемстваў на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах раёна (гандлёвыя кропкі, установы адукацыі, санаторна-курортныя ўстановы). Па эпідпаказаннях праводзяцца як бягучыя апрацоўкі, так і заключныя там, дзе зарэгістраваны выпадкі каранавірускай інфекцыі ў адпаведнасці з алгарытмам дзеяння пры такіх сітуацыях.

— Якія арганізацыі і ўстановы Мядзельшчыны найбольш адказна паставіліся да выканання прафілактычных мерапрыемстваў па недапушчэнні  распаўсюджвання інфекцыі?

— З лепшага боку хачу адзначыць устновы адукацыі раёна, што не магу сказаць пра само ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Мядзельскі цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, упраўленне капітальнага будаўніцтва Мядзельскага раёна. Міліцыя, служба па надзвычайных сітуацыях, пераважная большасць гандлёвых кропак прытрымліваюцца рэкамендацый. Дарэчы, прадпрыемствы павінны сваімі сіламі праводзіць тэрмаметрыю — кантроль тэмпературы ў супрацоўнікаў перад пачаткам працоўнага дня. Ёсць шмат выпадкаў, калі па прычыне бескантрольнасці бываюць сур’ёзныя наступствы. Я ўжо не кажу пра падтрыманне гігіены рук, выкананне рэспіраторнага этыкету. Увогуле, строгае выкананне правіл асабістай гігіены — лепшая прафілактыка ад каранавіруса.

— Вельмі важна захоўваць сацыяльнае дыстанцыяванне, рэгулярна праветрываць памяшканні, — дадае загадчык аддзела эпідэміялогіі Кацярына ЕРМАН. — І яшчэ — ПРЫ ПЕРШЫХ СІМПТОМАХ ЗАХВОРВАННЯ (павышаная тэмпература, кашаль, насмарк, галаўны боль) ТРЭБА СЯДЗЕЦЬ ДОМА. Не хадзіць на працу, на прыём да ўрача, а ВЫКЛІКАЦЬ ХУТКУЮ ДАПАМОГУ. Гэта самы надзейны спосаб не дапусціць распаўсюджвання захворвання. Дома таксама неабходна пры магчымасці ізалявацца ад іншых членаў сям’і. Увогуле, найлепш пэўны час пабыць дома. Думайце пра сябе, пра родных, а таксама пра калег.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.