ШЧАСЛІВЫ той, хто знаходзіць сапраўднае прызначэнне ў жыцці. Справу, якая не проста забяспечыць матэрыяльна, а прынясе радасць і задавальненне ад таго, што займаеш сваё месца і ўвогуле жывеш не дарэмна. Але адшукаць гэта самае прызначэнне ўдаецца далёка не кожнаму. Ва ўсялякім разе, з першай спробы.

Было б няпраўдай сказаць, што Уладзімір Нябескі з дзяцінства марыў быць юрысконсультам. У старшакласніка з Канстанцінава, што на Свіршчыне, сярод знаёмых не мелася ніводнага юрыста. Ды і ўвогуле гэта галіна ведаў была далёкай ад рэалій таго часу і той мясцовасці. Вучыцца за юрыста Ула­дзімір Станіслававіч вырашыў далёка не ў юнацкім узросце — у 37 гадоў, ужо маючы дыпломы аб адукацыі па іншых спецыяльнасцях. За плячыма былі служба ў войску (тэр­міновая і па кантракце, у тым ліку два гады — у Афга­ністане), органах МУС, інспекцыі рыбнай аховы. Вядома ж, істотна памяняць штосьці ў жыцці чалавек рашаецца, толькі дасягнуўшы пэўнага ўзроўню самасвядомасці. А вось сярод знешніх прычын такога свайго рашэння Уладзімір Станіслававіч называе змены, якія ў 1990-я адбываліся ў заканадаўстве. Маўляў, стала зразумела, што прафесія юрыста будзе запатрабавана. Бо цяпер юрыдычныя веды — падмурак дзейнасці любой арганізацыі, кожнага спецыяліста і кіраўніка. Хоць, канечне, у залежнасці ад пасады камусьці хопіць ведання некалькіх інструкцый, а камусьці спатрэбіцца больш грунтоўная падрыхтоўка.

Сёння Уладзімір Нябескі прызнае, што шэсць год завочнага навучання ў Полацкім дзяржаўным універ­сітэце былі няпростымі. Бо, па-першае, тады не было электронных прававых баз, і часта адказы на многія пытанні даводзілася шукаць у сталічных бібліятэках. А па-другое, вучоба — заўсёды праца. Канечне, калі ёсць жаданне мець грунтоўныя веды, а не толькі дакумент аб адукацыі.

Атрымаўшы дыплом, Уладзімір Станіслававіч больш за год працаваў па спецыяльнасці ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. А ў 2007-м перайшоў юрысконсультам у санаторый “Прыазёрны”. Што цікава, раней такой пасады ў здраўніцы не было. Гэта цяпер тут цэлы аддзел прававой і кадравай работы, у якім працуюць чатыры чалавекі. А тады юрыдычная служба толькі стваралася, і Ула­дзімір Нябескі стаў першым і адзіным на той час спецыялістам у сваёй галіне. Так бы мовіць, стаяў ля вытокаў.
Пра каманду, у якой працуе (а гэта начальнік ад­дзела Ігар Маташнюк, спецыялісты па кадрах Алена Савасцянава і Ірына Грышкевіч) Уладзімір Станіслававіч гаворыць толькі добрае: усе маюць вялікі вопыт, пастаянна ўдасканальваюцца, павышаюць кваліфікацыю. Прыслухоўваецца да юрыстаў і разумее важнасць іх працы кіраў­ніцтва санаторыя (тут Уладзімір Нябескі называе і цяперашняга дырэктара Аляксея Шапяцько, і яго папярэднікаў). А таму работнікі аддзела маюць усё, што патрэбна для паспяховай дзейнасці.

…Старшакласнікаў, якія мараць пра юрыдычную кар’еру, Уладзімір Станіслававіч шчыра папярэджвае: лёгка не будзе. Нават каб 24 гадзіны ў суткі праводзіў у кабінеце, праца ўсё роўна знайшлася б. Трэба пралічваць усё наперад, разумець магчымыя наступствы сваіх дзеянняў, адказваць за кожнае слова ў дагаворах. Так, лёгка не бу­дзе — але будзе цікава. Да таго ж, толькі веданне заканадаўства робіць чалавека па-сапраўднаму свабодным. Бо свабода, сцвярджае спрактыкаваны юрыст, — не ў адсутнасці абавязкаў, а ў веданні і свядомым выкананні законаў. Прычым не толькі зафіксаваных у шматлікіх кодэксах, а і да­дзеных чалавецтву зверху…

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.