Юбілейным медалём узнагароджана партызанка Варвара Клімовіч

587

ЗГОДНА з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 51 ад 13 лютага 2020 года па краіне адбываецца ўручэнне юбілейных медалёў “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. Іх атрымліваюць партызаны, франтавікі, былыя вязні канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны.

Разам з намеснікам ваеннага камісара-начальнікам мабілізацыйнай групы Мядзельскага ваеннага камісарыята маёрам Віталіем Якушавым накіраваліся ў аграгарадок Княгінін да ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Варвары Клімовіч. Варвара Фёдараўна якраз знаходзілася ў сына. Разам з Мікалаем і яго жонкай Ларысай яна сустрэла гасцей на двары.

Пасля прывітання Віталій Алегавіч павіншаваў былую партызанку з надыходзячым святам Вялікай Перамогі і ўручыў ёй юбілейны медаль. Шчыра віталі жанчыну і прадстаўнікі мясцовай улады — старшыня сельвыканкама Вольга Галко, кіраўнік спраў Наталля Малевіч, старшы інспектар Таццяна Святоха, якія прыехалі з цюльпанамі. Зычылі ёй моцнага здароўя, доўгіх год жыцця, дабрабыту, радасці, аптымізму. Акрамя таго, Вольга Станіславаўна ўручыла кветкі і падарунак ветэрану вайны ад райвыканкама.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.