КРЭАТЫЎНАЯ, мабільная, мэтанакіраваная, актыўная, смелая… Так ахарактарызавалі
яе жыхары раёна розных узроставых катэгорый. Нягледзячы на тое, што гутарку
мы вялі напярэдадні свята — Дня моладзі — прагучалі не толькі пажаданні, але і крытычныя заўвагі. Усё ж якая яна — сённяшняя моладзь і чым адрозніваецца ад іншых пакаленняў?

Якая яна — сучасная моладзь? (апытанне)Юлія ЕРМАКОВІЧ, выпускніца-2020 Крывіцкага ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа:

— Сучасная моладзь розная. Так было ва ўсе часы: і дваццаць, і пяцьдзясят гадоў таму. Але сёння абсалютная большасць — гэта мабільныя, зацікаўленыя, таленавітыя, крэатыўныя, поўныя надзей хлопцы і дзяўчаты. У сучаснай моладзі шмат энергіі, мэтанакіраванасці, канструктыўных ідэй і смелых рашэнняў. Мы — найважнейшы рэсурс развіцця нашай краіны. І ад нас, маладых грамадзян Беларусі, шмат у чым залежыць будучыня рэспублікі. Жадаю маім сучаснікам апраўдаць усе надзеі і ўвасобіць у рэальнасць мэты і мары. Няхай ваш жыццёвы шлях будзе роўны і светлы і на ім сустракаюцца толькі шчырыя і добразычлівыя людзі. Маім сябрам, усім учарашнім выпускнікам, якія цяпер здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, — поспехаў і паступлення ў абраную ўстанову адукацыі.

Якая яна — сучасная моладзь? (апытанне)Віталій САВІЦКІ, выпускнік Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, г. Мядзел:

— Мне здаецца, цяперашняя моладзь вельмі адрозніваецца ад папярэдніх пакаленняў. Сучаснікі больш актыўныя, цікавяцца ўсімі сферамі, ад уласнага здароўя і да сусветнай палітыкі. Нягледзячы на тэхнічную эвалюцыю, якая адбылася апошнім часам, сёння моладзь добра прыстасавана да жыцця ў сучасным свеце. Мы на раз-два знаходзім паразуменне з сучаснай тэхнікай, можам навучыць гэтаму і малодшае пакаленне, і бабуль з дзядулямі. Так, часам старэйшае пакаленне “бурчыць” у наш адрас, маўляў, мы іх не разумеем ці нешта робім не так, няправільна. Але ў нас ёсць свой сфарміраваны погляд на тое, што адбываецца вакол. І я ўпэўнены: сучаснае пакаленне прагрэсіўнае і перспектыўнае, яно абавязкова зможа дасягнуць
вышынь. Сучаснікам хачу пажадаць талерантнасці і поспехаў ва ўсіх пачынаннях, у тым ліку — у пошуках паразумення з навакольнымі, асабліва са старэйшым пакаленнем. Будзьце актыўныя і больш зацікаўленыя да ўсяго, што адбываецца вакол, і смялейшымі на шляху рэалізацыі сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 27.06

Апытанне правяла Марына ПУЦЭЙКА.