Якасць павінна быць узорнай!

195

Паверце на слова, размаўляць аб правах спажыўцоў з прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва можна гэтак жа доўга, як абмяркоўваць прэм’еру меладраматычнага серыяла. Чаму менавіта з жанчынамі? А хто ж як не яны адным са сваіх захапленняў называюць шопінг, ведаюць кожнага прадаўца ў твар і нярэдка становяцца сведкамі парушэння правоў пакупнікоў. Хаця да­дзе­ны матэрыял будзе карысным і для мужчын: начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ніна Юльянаўна Мехавіч тлумачыць не толькі правы пакупнікоў тавару, але і тых, хто карыстаецца работамі альбо паслугамі іншых.

Абмен?

Калі ласка!

— Якасны нехарчовы тавар можна абмяняць альбо вярнуць на працягу 14 дзён з моманту пакупкі, калі высвет­лілі, што ён вам не падыхо­дзіць. Праўда, гэта магчыма, калі тавар не быў у карыстанні, захаваліся яго спажывецкія якасці, маюцца доказы таго, што ён набыты менавіта ў гэтага прадаўца (чэк, гарантыйны талон і іншае). Да таго ж ёсць пералік рэчаў, якія не належаць вяртанню і абмену: напрыклад,  біжутэрыя, мэблевыя гарнітуры і наборы, парфумерна-касметычныя сродкі, бялізна і іншае. Не вернуць і не абмяняюць якасны харчовы тавар. Калі ж вам паабяцалі вярнуць грошы, то зрабіць гэта павінны на працягу сямі дзён. Тэрмін парушаецца — прадавец выплачвае спажыўцу за кожны дзень «запазычанасці» адзін працэнт ад кошту рэчы.

Усяму свой час

— Абгрунтаваныя патрабаванні спажыўца наконт змяншэння пакупнога кошту тавару, кампенсавання расходаў па яго рамонце і звароце грошай прадаўцом павінны задавальняцца на працягу сямі дзён. Зрабіць бясплатны рамонт альбо правесці неабходную экспертызу апошні павінен не больш чым за два тыдні, а замяніць няякасны тавар на добры — за адзін месяц. Да таго ж спажывец мае права на кампенсацыю страт, шкоды, якія былі нанесены ў выніку ня­спраўнасці тавару (дадзенае патрабаванне прадавец павінен задаволіць на працягу сямі дзён з моманту пацвярджэння пакупніком памеру страт). Хаця варта памятаць, што Закон на вашым баку будзе толькі ў тым выпадку, калі недахоп носіць вытворчы, канструкцыйны альбо іншы характар, адбыўся па віне прадаўца (вытворцы).

Што напісана

пяром…

 — НАКОНТ паслуг. Заўсёды ўважліва чытайце дагавор, калі набываеце чыюсьці работу. У такіх выпадках умовы часам не рэгулююцца заканадаўствам, але вызначаюцца па згодзе двух бакоў. І вось тут галоўным з’яўляецца ваш под­піс, які пацвярджае той факт, што вы пагадзіліся на прапанаваныя ўмовы. Акрамя таго, пры заключэнні дамовы не саромейцеся папрасіць у выканаўцы дакументы, якія сведчаць пра яго права на дадзеную дзейнасць. У асобы, якая непасрэдна падпісвае дагавор ад імя выканаўцы таксама пажадана запытаць пра дакументы, якія пацвярджаюць яго паўнамоцтвы, і прасачыць, каб звесткі пра яго былі ўнесены ў заключаемы дакумент.

Работа як воўк

— Калі работа (паслуга) выканана няякасна, вы можаце запатрабаваць бясплатнага ўхілення яе недахопаў, суразмернага змяншэння яе кошту, бясплатнага вырабу іншай рэчы з такога ж матэрыялу такой жа якасці, паўторнага выканання работы, кампенсацыі расходаў па ўхіленні недахопаў сваімі сіламі альбо трэцімі асобамі ці скасаваць дагавор і запатрабаваць звароту заплачаных грошай. І вось тут узнікаюць сумненні наконт непадабенства работы з воўкам: у лес то яна не збяжыць, а напалохаць (адмоўна ўразіць) часам можа…

Запісала

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.