«Які ж я злодзей?» — пытанне юрысту

438

Узяў у часовае карыстанне ноўтбук у знаёмага. А рэч гэта, як высветлілася пазней, была ўласнасцю маці яго жонкі. Тая напісала заяву ў міліцыю, у якой мяне абвінавачвае ў крадзяжы. Я ўжо вярнуў знаёмаму ноўтбук. Аднак справа яшчэ не закрыта. Што мне рабіць? Чаго чакаць? Які ж я злодзей?
Аляксандр.

На гэта пытанне адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі раёна Андрэй САВАСЦЯН:
— Тое, што вы вярнулі ноўтбук, правільна. У цяперашні момант, верагодней за ўсё, органамі ўнутраных спраў праводзіцца праверка на прадмет наяўнасці ў вашых дзеяннях складу злачынства. У парадку артыкула 173 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да ўзбуджэння крымінальнай справы могуць быць атрыманы тлумачэнні, узоры для параўнальнага даследавання, запатрабаваны дадатковыя дакументы, праведзены агляд месца здарэння, прадметаў, дакументаў, затрыманне, асабісты вобыск пры затрыманні, а таксама іншыя прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь мерапрыемствы.

Аднак хачу патлумачыць, што крадзеж — гэта супрацьпраўнае завалоданне чужой маёмасцю, якое здзяйсняецца з прамым намерам. Гэта значыць, што ўчыніць крадзеж можа толькі той, хто дакладна ведае, што рэч належыць іншаму чалавеку і супрацьпраўна, тайна ад уладальніка рэчы, абарачае яе ў сваю ўласнасць. Па прычыне няведання, што гэта рэч іншага чалавека, а не таго, які яе даў, вы не можаце разглядацца як злодзей. Вам неабходна дакладна і ўпэўнена трымацца выказанай вамі пазіцыі. Калі ўсё ж будзе ўзбуджана крымінальная справа — па­трабуйце яе спынення па названай падставе.

Падрыхтавала
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: нагадваем, што і надалей свае пытанні можна накіроўваць па пошце на адрас рэдакцыі газеты ці дасылаць іх на электронны адрас выдання.