Як са Старых Габ даехаць у Мядзел?

930

У РЭДАКЦЫЮ патэлефанавала жыхарка аграгарадка Старыя Габы. Расказала: апошнім часам у іх населены пункт рэдка ходзяць аўтобусы. Цяпер дабрацца ў Мядзел, напрыклад, у паліклініку — праблема.

Пракаменціраваць сітуацыю папрасілі начальніка вытворчага ўчастка г. Мядзел філіяла “Аўтапарк №4 г. Маладзечна” ААТ “Мінаблаўтатранс” Мікалая ЛАШУКА.

— Сапраўды, — пацвердзіў Мікалай Гераімавіч, — у сувязі з пандэміяй каранавіруса колькасць рэйсаў часова скарацілася. Прычым і на прыгарадных, і на гарадскіх, і на міжгародніх маршрутах. Гэта вымушаная мера. Справа ў тым, што людзі па магчымасці сталі пазбягаць грамадскага транспарту, а значыць, пасажыраў у нас істотна паменела. Калі гаварыць пра Старыя Габы, дык цяпер па аўторках туды двойчы ходзіць аўтобус “Мядзел–Слабада праз Габы”. Са Старых Габ у Мядзел на ім можна выехаць у 10:40 і 17:30, з Мядзела ў Старыя Габы — у 8:15 і 16:00. У пятніцу і нядзелю ходзіць аўтобус па маршруце “Мядзел–Крывічы праз Габы”. У 7:46 на ім можна выехаць са Старых Габ у Мядзел. А ў зваротны шлях гэты аўтобус адпраўляецца ў 18:50 у пятніцу і ў 13:20 у нядзелю. Але, паўтару, пасажыраў зусім мала. Напрыклад, 6 чэрвеня на маршруце “Мядзел–Слабада праз Габы” за два рэйсы прададзена 14 білетаў, выручка склала 19 рублёў 44 капейкі. Такая ж карціна і на іншых маршрутах. На гарадскім, напрыклад, у гэту нядзелю прададзена білетаў на 15 рублёў, у папярэднюю — на 16. У будныя дні па горадзе выручка таксама невялікая: 80, 82, 84 рублі… Пра прыбытак гаварыць не выпадае. Пры паляпшэнні эпідэміялагічнай сітуацыі рэйсы будзем паступова аднаўляць. Самі ў гэтым зацікаўлены, але назваць канкрэтныя даты яшчэ немагчыма.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц