Паведамлялi раней, што ў Мядзеле на дыялогавай пляцоўцы абмеркавалі стан і перспектывы развіцця рэгіянальнай адукацыі. У абмене думкамі прынялі ўдзел работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці.

Сярод іншых пытанняў абмеркавалі, як павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі.

Дырэктар Мядзельскага ВПК я/с-СШ Таццяна Уласавец зазначыла, што яшчэ год 10-20 таму настаўнік быў самым адукаваным чалавекам у грамадстве. Зараз бацькі многіх вучняў маюць па дзве-тры вышэйшыя адукацыі, займаюць адказныя пасады. Педагогу ў такой сітуацыі няпроста. Але, на думку Таццяны Мікалаеўны, многае залежыць ад яго самога. Бо хіба ж будуць з павагай ставіцца да таго, хто сам негатыўна выказваецца пра ўласную прафесію? Прамоўца падкрэсліла, што дзяржава робіць многае для паляпшэння матэрыяльнага становішча педагогаў, але застаюцца і нявырашаныя праблемы. Добра б разгле­дзець пытанні забеспячэння жыллём, ільготнага крэдытавання.

Як станоўчую тэндэнцыю намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра адзначыла з’яўленне педагагічных класаў: “Мы атрымалі магчымасць арыентаваць вучняў на выбар настаўніцкай прафесіі. А яе прэстыж залежыць і ад кожнага з нас: як паводзім сябе на ўроках, як падтрымліваем зносіны з бацькамі вучняў — гэта ці стане прыкладам, ці адштурхне назаўсёды. Павышэнне заробку і льготы — добра. Але галоўнае — каб у нашу прафесію не траплялі выпадковыя людзі. Выпускніку педкласа для паступлення ў педагагічную ВНУ педкалектыў дае характарыстыку і рэкамендацыю. Было б добра, каб педуніверсітэт запатрабаваў іх у кожнага абітурыента”.

“Склалася парадаксальная сітуацыя, — зазначыла дырэктар Старлыгскага ВПК
д/с-СШ імя Івана Аніські Святлана Тацэвіч. — Настаўніцкая праца дэкларуецца як адна з самых паважаных, але яе сацыяльная прывабнасць невысокая. Каб мець годны заробак, педагог мусіць працаваць на дзве стаўкі. Хоць, згодна, для чалавека, які мае справу з дзецьмі, заробак — не галоўнае… Лічу, школу трэба вызваліць ад неўласцівых ёй функцый. Каб класны кіраўнік не займаўся абследаваннем стану электраправодкі і пячнога ацяплення”.

Дырэктар Княгінінскай СШ Ірына Прудніковіч расказала, што з’яўляецца настаўніцай у другім пакаленні — і ганарыцца гэтым. На яе думку, школьнікам трэба больш расказваць пра паспяховых педагогаў, працоўныя дынастыі. У тым ліку і для павышэння прэстыжу прафесіі.