Як не трапіць у статыстыку піратэхнічных траўм (парады)

326

ФЕЕРВЕРКІ, салюты і іншыя піратэхнічныя забавы здольны выклікаць слёзы шчасця, падкрэсліць урачыстасць і проста пацешыць велічнай прыгажосцю. Але феерверк можа быць небяспечны, калі не надаць належнай увагі правілам эксплуатацыі і не ведаць некаторых вельмі важных момантаў.

— Што павінен ведаць і рабіць чалавек, які жадае купіць піратэхніку і ўладкаваць святочны феерверк? — цікаўлюся ў першага намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях, падпалкоўніка ўнутранай службы Юрыя Вашкінэля.

— Адказ на гэта пытанне даволі просты. Трэба выканаць наступныя правілы: пры набыцці спытаць у прадаўцоў сертыфікаты адпаведнасці на піратэхнічныя вырабы (сертыфікат выдаецца на тэрмін, не большы за тры гады), суаднесці тэрмін вырабу з гарантыйным тэрмінам, вывучыць інструкцыю па прымяненні піратэхнікі, не разбіраць цэлыя вырабы ці тыя, якія не спрацавалі, устанаўліваць піратэхнічныя вырабы ў адпаведнасці з інструкцыяй, не запускаць феерверкі ў нецвярозым стане, не набываць піратэхніку з рук. Вось асноўныя патрабаванні.

— Якія яшчэ правілы бяспекі трэба выконваць пры выкарыстанні піратэхнікі?

— Варта памятаць пра тое, што выкарыстоўваць піратэхніку можна толькі на адкрытым паветры, ідэальны варыянт — пустэча, спартыўная пляцоўка. Трэба адысці на бяспечную адлегласць ад будынкаў, а таксама аўтамабіляў. Сачыце за тым, каб побач не было выпадковых прахожых. Ні ў якім разе не выкарыстоўвайце піратэхніку на плошчах, у парках, на тратуарах і ва ўсіх месцах, дзе могуць быць людзі. Не запускайце выраб пры моцным ветры, з акна ці балкона.

Забаронена пераносіць піратэхніку ў кішэнях, пакідаць ля цёплых батарэй, кідаць выкарыстаныя гільзы ў агонь. Збіраючыся «запускаць салют», абавязкова вазьміце з сабой ваду ў бутэльках, каб заліць, напрыклад, узгаранне, у ідэале — набор для першай дапамогі і маленькі вогнетушыцель.

Пры запуску ні ў якім разе не накіроў­вайце ракеты, петарды і да таго падобнае на сябе ці іншых людзей нават жартам. Калі кнот патух і піратэхніка чамусьці не запусцілася, пачакайце не менш за 15-20 мінут і толькі потым падыходзьце і высвятляйце, у чым справа. Абавязкова варта змясціць піратэхніку, якая не спрацавала, у ёмістасць з вадой на некалькі сутак, пасля чаго ўтылізаваць з бытавым смеццем. Але правільней перад запускам вывучыць інструкцыю, у якой будзе сказана, што менавіта трэба зрабіць з тым ці іншым піратэхнічным вырабам у выпадку, калі ён не спрацаваў.
Асноўнае патрабаванне — піратэхніка не цацка. Продаж «агнявых забаў» дзецям да 16 гадоў забаронены. Памятайце, што непаўналетнія вучацца на прыкладзе бацькоў. Азнаёмце іх з тэхнікай бяспекі, дазвольце паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да запуску «батарэі салютаў», раскажыце, што, як і для чаго робіцца — і можаце быць упэўнены, што вашы дзеці ніколі не трапяць у статыстыку па навагодніх піратэхнічных траўмах.

Гутарыў
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.