Вольга Ліхач: «Маё шчасце — сям’я»

940

ЖЫХАРКА аграгарадка Нарач Вольга Ліхач не ўяўляе жыцця без сваіх родных. Яна вырасла ў мнагадзетнай сям’і. А цяпер сама разам з мужам выхоўвае чацвёра дзетак: двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. “Маё шчасце — сям’я: муж, дзеці”, — сцвярджае жанчына.
Упершыню пазнаёмілася з сям’­ёй Ліхачоў на адным з раённых конкурсаў мнагадзетных сем’яў. Яны прадстаўлялі там Нарацкі сельсавет. Не ведаю, як каму, а мне яны запомніліся — сваёй адкрытасцю, шчырасцю. Па тым, як яны глядзелі адзін на аднаго, размаўлялі, адчувалася, што адносіны дарослых між сабой і з дзецьмі грунтуюцца на любові і ўзаемнай павазе.
— Нас у бацькоў было пяцёра: чатыры сястры і брат, — кажа Вольга Леанардаўна. — З дзяцей я самая малодшая. Напачатку жылі ў Мельніках. Потым перабраліся ў вёску Нарач ва ўласны дом, які пабудавалі там бацькі. Было гэта перад тым, як я пайшла ў першы клас. З таго часу маё жыццё і звязана цесна з гэтым населеным пунктам.
— У вас сям’я таксама мнага­дзетная. Як лічыце, вашы бацькі паўплывалі на гэта? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.
— Калі па шчырасці, то не ведаю, як жыць у сям’і, дзе толькі адно ці два дзіцяці, — чую ў адказ. — Я вельмі рада, што ў мяне ёсць сёстры, брат. Мы дагэтуль вельмі дружныя, падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем. Святы разам адзначаем. Каляды, Вялік­дзень — абавязкова ў бацькоў. Апошні раз Новы год, напрыклад, святкавалі ў мяне. Пастаянна садзім разам агарод, бульбу. Сваёй талакой убіраем вырашчаны ўраджай, потым дзелім на ўсіх, у тым ліку на бацькоў, пароўну. Гультаёў сярод нас няма. З маленства да працы прывучаны. А што датычыць таты з матуляй, то яны для нас заўсёды добрым прыкладам былі. Мы ніколі не чулі, каб яны сварыліся. Не было, каб не размаўлялі між сабой. Яны і дагэтуль з пяшчотай і павагай адносяцца адзін да аднаго. 14 верасня споўнілася роўна 50 год, як тата з матуляй ідуць поруч. На гэту дату мы збіраліся сваімі сем’ямі ў бацькоўскім доме, каб павіншаваць самых дарагіх нам людзей з адметнай датай. У Нарацкім касцёле Святога Андрэя з гэтай нагоды падчас Святой Імшы адбылося аднаўленне шлюбных абяцанняў, якія бацькі давалі адзін аднаму паўстагоддзя таму. Патрэбна было бачыць, якой радасцю і цеплынёй свяці­ліся іх вочы. З якой любоўю і павагай глядзелі на бабулю з дзядулем нашы дзеці, а іх унукі. Такія моманты сапраўды дарагога варты. Дарэчы, і ў мяне з мужам 24 верасня быў юбілей — 20 год сумеснага жыцця.
Ад жанчыны падчас размовы даведалася, што ў сясцёр, брата сем’і таксама мнагадзетныя. У каго трое дзяцей, чацвёра, а ў Тэрэсы — сямёра. Усе стараюцца жыць дружна, згодна, яна з мужам — таксама.
— Вы толькі пра сваіх родных расказваеце. А хочацца нешта і пра вас пачуць, — звяртаюся да Вольгі Леанардаўны.
— Біяграфія ў мяне звычайная, — чую ў адказ. — Закончыла школу. Пасля — Полацкае прафтэхвучылішча па спецыяльнасці “швачка-кравец”. Працавала ў Доме быту ў к. п. Нарач, потым у Мядзеле ў швейным цэху ад райПО. З 2012 года займаюся ўласнай справай. Адразу была зарэгістравана індывідуальным прад­прымальнікам, а з 2017 года з’яўляюся асобай, якая ажыццяўляе пэўны від дзейнасці. У мяне гэта — рамонт адзення.
Пакуль размаўлялі, у пакой, дзе размяшчаецца майстэрня Вольгі, зайшла пажылая жанчына.
— Добры дзень. Я зноў да вас, — сказала яна, як толькі пераступіла парог. — Мне трэба падкараціць штаны. Купіла на базары, але яны мне задоўгія. Рэчы, якія вы рамантавалі, нашу з задавальненнем. Дзякуй вам вялікі.
Вольга Леанардаўна запрасіла наведвальніцу ў прымерачную, адзначыла патрэбную даўжыню і сказала, што заўтра можна забраць заказ. Дарэчы, яшчэ некалькі чалавек за той час, што размаўлялі, заходзілі ў майстэрню. Усіх ветліва сустракала гаспадыня. Было бачна, што яна рада ім, а яны — сустрэчы з ёй. Значыць, тут ужо не першы раз. Адным жанчына аддавала адрамантаваныя рэчы, у другіх прымала новы заказ.
— Паслуга, якую аказваю лю­дзям, даволі запатрабаваная. Акрамя мяне, такіх майстроў тут няма, — прызналася яна. — І мне справа, якой займаюся, падабаецца, ды і людзі, з якімі працую, задаволены. А гэта галоўнае. Шыць люблю са школьных гадоў. Гэта, напэўна, у мяне ад мамы, якая была нядрэннай швачкай. Некалі, яшчэ ў дзявоцтве, яна асвоіла гэта рамяство. Каб купіць ёй швейную машыну, бацька нават прадаў карову. Вучылася яна ў вядомай у той час краўчыхі ў Куелях. Шыла і мужчынскую вопратку, і жаночую…
Са сваім будучым мужам Вольга пазнаёмілася ў Нарачы. Мікалай тады працаваў шафёрам, вазіў калгаснае малако на масласырзавод. Абранай некалі прафесіі, дарэчы, не здрадзіў і дагэтуль.
— Коля — адзінае дзіця ў сваіх бацькоў. Як пажаніліся, мае тата з мамай прынялі яго як сына, — апавядае жанчына. — Мікалай — выдатны муж: руплівы, клапат­лівы, ды і бацька цудоўны. Вельмі любіць дзяцей. Задаволены, што ў нас вялікая і дружная сям’я. У якой, дарэчы, ён — галава, а я — шыя. Так што шчыра ўдзячна Богу, што паслаў мне добрага мужа. Душы нашы з ім роднасныя. Ці не таму і жывём дагэтуль у каханні і згодзе?
Мая суразмоўца з павагай выказалася ў адрас кіраўніцтва нашай дзяржавы, якое ідзе насустрач мнагадзетным сем’ям. Вось і яны двойчы атрымлівалі льготны крэдыт. Першы раз — на ўзвя­дзенне дома, у якім жывуць ужо адзінаццаць гадоў. А другі — на дабудову ў ім другога паверха. Вядома, за час, што прайшоў, калі бралі ўчастак, сям’я вырасла. І не дзіўна, што стала цеснавата ў некалі прасторнай хаце. Ім прапаноўвалі будаваць кватэру, але яны вырашылі пашырыць свой дом. Райвыканкам пайшоў насустрач, і цяпер у іх на другім паверсе два вялікія пакоі. Трымаюць муж з жонкай і гаспадарку. У сезон — ад вясны да восені — гадуюць парася. Ёсць таксама трусы, куры, сабакі, каты. Каля дома на ўчастку шмат расце кветак. Гэта ўжо заслуга Вольгі, якая любіць з імі важдацца.
— З дзецьмі ў нас з мужам ніколі не было праблем. Яны — шчырыя, паслухмяныя, — кажа Вольга Леанардаўна. — Між сабой дружныя і да людзей ветлівыя. З маленства нам дапамагаюць. Алінка ўвогуле дбайнай гаспадынькай расце. Яна і вячэру згатуе, і ў хаце прыбярэ, і з нарыхтоўкамі на зіму лёгка ўправіц­ца. Трое дзяцей закончылі музычную школу. І на конкурсы розныя ездзілі, і на канцэртах заўсёды выступалі. Алінку нават запрашалі вучыцца ў Маладзечанскі музычны каледж, а таксама ў Мінск. Але яна адмовілася… І цяпер ляжаць у нас у хаце два баяны, акардэон… Як збяромся на свята, музыкаў шукаць не трэба, свае ёсць. Данік закончыў школу. Ён зараз вучыцца ў Мінску ў політэхнічным каледжы. Жыве ў маёй сястры Тэрэсы. Лёнік — адзінацца­цікласнік, Алінка — дзесяцікласніца. Яны абое займаюцца ў Нарацкай СШ №1. Самай малодшай Алесьцы толькі пяць год. Яна наведвае дзіцячы сад. Нашы дзеці, як і мы, і мае бацькі, жывуць з верай у Бога. Муж — праваслаўны, я — каталічка. А таму разам ходзім і ў касцёл, і ў царкву. Праўда, хлопчыкі і дзяўчынкі больш бываюць у касцёле. Сыны там — міністранты, старэйшая дачушка спявае ў хоры. Вельмі хочацца, каб дзеці выраслі годнымі людзьмі, каб мне за іх ніколі не было сорамна.
Пераканана, што ўсе бацькі жадаюць сваім дзецям толькі дабра і шчаслівай долі. Вольга і Мікалай Ліхачы — таксама. І мне верыцца, што іх сыны і дачушкі не пад­вядуць сваіх матулю з татам, якія для іх — добры прыклад ва ўсім.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.