Вандруем па малой радзіме: Крывіцкі сельсавет

1146

ДАВЕДАЧНА. 12 кастрычніка 1940 года быў створаны Крывіцкі раён у складзе Вілейскай вобласці (з 20 верасня 1944 года — Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 — Мінскай). 25 снежня 1962 года ён скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Мядзельскім і Вілейскім раёнамі. Цяпер Крывічы — цэнтр сельсавета.

Па стане на 1 студзеня на тэрыторыі сельсавета жыў 1901 чалавек, у тым ліку 1010 працаздольнага ўзросту, 240 маладзейшых і 651 — старэйшы за працаздольны ўзрост. Найбольш жыхароў у гарадскім пасёлку Крывічы (1139), вёсцы Парубкі (161), аграгарадку Пузыры (158), вёсцы Пруднікі (121). У Крывічах ёсць вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа і спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу, участковая бальніца, Дом культуры і бібліятэка, Цэнтр народных рамёстваў, аддзяленні паштовай сувязі і Беларусбанка, комплексна-прыёмны пункт і ўчастковая ветлячэбніца, пажарны аварыйна-выратавальны пост. Ёсць касцёл Святога Андрэя Апостала і праваслаўная Свята-Траецкая царква. Бібліятэка-дом вольнага часу маецца ў Пузырах. На тэрыторыі сельсавета прадстаўлены і рэальны сектар эканомікі. Гэта адасобленае структурнае падраздзяленне Мінскага Камароўскага рынку “Вузлянка” і частка сельгасугоддзяў і аб’ектаў ААТ “Пруднікі-Агра”, лясніцтва і дрэваперапрацоўчы цэх “Сэрвач” (належаць Нацпарку ”Нарачанскі”), участкі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, электрасетак і дарожна-будаўнічага ўпраўлення.

Сем прычын пабываць у Крывіцкім сельсавеце

  1. Убачыць вадзяны млын

У вёсцы Пруднікі на рацэ захаваўся млын канца ХІХ стагоддзя. За час свайго існавання ён змяніў не аднаго гаспадара. Вядома, што пры Польшчы (у 1920-1930-я гады) належаў яўрэйскай сям’і, якая загінула падчас нямецкай акупацыі. У 1948-м стаў калгаснай уласнасцю і працаваў на яго карысць, аж пакуль не адправілі на заслужаны адпачынак.

Спытаеце, што цікавага ў гэтым аб’екце прамысловага прызначэння? Маўляў, млын сабе і млын, якая тут гісторыя ці рамантыка? Ну, не скажыце. Міналі гады, змяняліся пакаленні, ідэалы і нават межы ды назвы дзяржаў, прыходзілі і сыходзілі ворагі, а млын больш за стагоддзе працягваў выконваць сваю адвечную справу. Так бы мовіць, рабіў сціплы ўнёсак у харчовую бяспеку тутэйшых жыхароў.

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

  1. Наведаць храмы

Касцёлу Святога Андрэя Апостала ў Крывічах больш за 200 гадоў. Будаваўся ён з 1776-га па 1796 год на ахвяраванні мясцовых шляхцічаў Андрэя Уладзіслава Укольскага і яго жонкі Тэрэзы. Комплекс складаўся з касцёла і кляштара трынітарыяў. Ён абнесены каменнай сцяной, у цэнтры якой — цагляная брама ХІХ стагоддзя. Цікавае і ўнутранае ўбранства храма. У цэнтры — скульптура Ісуса Хрыста з Назарэта, якая лічыцца цудатворнай. Аматараў даўніны зацікавіць і драўляны амбон. У касцёле захоўваюцца рэліквіі святога Андрэя Баболі, пакутніка з беларускага Палесся. Набажэнствы ў касцёле не спыняліся нават у часы ваяўнічага атэізму. Калі прыбыла тэхніка, каб разбурыць храм, вернікі леглі на брук проста пад колы. І адстаялі святыню.

Менш пашанцавала праваслаўнаму храму. Звесткі пра пабудову першай у Крывічах драўлянай уніяцкай царквы сягаюць аж у 1642 год. Вядома, што ў 1651-м Януш Кішка ахвяраваў ёй Віленскае Евангелле. А ў 1659 годзе царква была разрабавана маскоўскімі войскамі. Храм у імя Святой Тройцы адноўлены толькі ў 1740 годзе. Мяркуецца, ён быў драўляны. А каменная праваслаўная царква закладзена 22 мая 1886 года. Пабудавалі яе за год і ўжо 22 лістапада 1887-га асвяцілі. У 1963 годзе царкву закрылі, і толькі ў 1990-м на ахвяраванні вернікаў яна адноўлена.

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсаветВандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

  1. Прыгадаць знакаміты род Ходзькаў

Па вуліцы Рачной у Крывічах можна адшукаць рэшткі сядзібы Ходзькаў. Праўда, рэшткаў тых зусім няшмат: склеп з чырвонай цэглы ды падмурак, на якім пазней была пабудавана бальніца, а зараз знаходзіцца жылы дом.

Род Ходзькаў пакінуў слынны след у гісторыі.

Крывічы — радзіма пісьменніка Яна са Свіслачы — Яна Ходзькі-Барэйкі (1777-1851).

Іосіф Ходзька (1800-1881) быў ваенным тапографам. Працаваў на тэрыторыі сучасных Латвіі, Літвы, Беларусі, на Дунаі, Басфоры, у Закаўказзі. У 1869 годзе Рускае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла яго вялікім Канстанцінаўскім медалём. Сёлета з нагоды 220-годдзя з дня нараджэння гэтага чалавека ля гарпасялковага Дома культуры з’явіцца памятная дошка.

Брат Іосіфа Аляксандр (1804-1891) выдаў паэтычны зборнік. Быў знаёмы з Пушкіным і Міцкевічам. Нёс дыпламатычную службу ў Іране, займаўся ўсходазнаўствам, выдаў “Персідскую граматыку”. Быў прафесарам кафедры славянскіх моў і літаратур у Каледж дэ Франс. Памёр ля Парыжа, пахаваны на рускіх могілках у Манмарансі.

Малодшы брат Іосіфа і Аляксандра Міхаіл удзельнічаў у паўстанні 1830 года. Перакладаў з англій­скай і нямецкай моў, напісаў паэму “Дзесяць карцін з экспедыцыі ў Польшчу 1833 года”.

А яшчэ Станіслаў Ходзька быў хімікам, а Уладзімір — суддзёй. Усё гэта разбурае стэрэатып пра паноў, якія зусім нічога не рабілі, праўда?

  1. Прынесці кветкі на брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан

Войны не міналі гэтых мясцін. Найбольш горкі ўспамін пакінула пра сябе Вялікая Айчынная. У цэнтры Крывічоў знаходзіц­ца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гэтых ваколіцах. Апошні спачын тут знайшлі 127 чалавек, а імёны вядомы толькі 29-ці. Памяць пра загінуўшых захоўвае сціплы абеліск. Будзеце ў Крывічах — не мінайце гэтага месца. Бо ў Вялікай Перамозе, 75 год якой мы сёлета святкуем, заслуга і пахаваных тут лю­дзей.

На каталіцкіх могілках Катлянка ёсць пахаванне польскіх салдат часоў савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. Там па­стаўлены агульны помнік, а на магілах — аднолькавыя крыжы, на некаторых можна прачытаць прозвішчы. Але на большасці надпіс “Нязнаны жаўнеж ВП” (‘невядомы салдат войска польскага’).

  1. Аддаць даніну памяці бязвінным ахвярам

Спыніцеся ля помніка ахвярам Халакосту. Тут 28 красавіка 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты і іх памагатыя з атрада ўкраінскіх па­ліцаяў спалілі жывымі і забілі 350 яўрэяў, у тым ліку равіна.

…Ворагі стварылі гета (у раёне цяперашняй вуліцы Пралетар­скай) адразу пасля акупацыі Крывічоў. Сінагогу разбурылі.

На досвітку яўрэяў гналі на прымусовыя работы. Там здзекаваліся, за найдрабнейшую правіну моцна білі, у выніку ледзь не штодня некага калечылі. У сакавіку 1942-га паліцаі на 20-ці фурманках прывезлі са Смаргоні нарабаванае. Разгружаць сагналі яўрэяў. На сакавіцкім холадзе прымушалі басанож бегаць па лужынах, класціся і ўставаць.

Большасць яўрэяў з Даўгінава (цяпер у Вілейскім раёне) спалілі жыўцом. А ацалелых, прыкладна 100 чалавек, прыгналі ў Крывічы. Прымушалі поўзаць на карачках, спяваць і танцаваць да знямогі.

13 верасня 1942 года Крывіцкае гета было канчаткова ліквідавана. З усіх яўрэяў, што жылі ў мястэчку, уратавалася толькі чалавек трыццаць.

  1. Захапіцца талентам самадзейных артыстаў

Надакучылі канцэрты, на якіх эстрадныя зоркі раззяўляюць рот у такт фана­граме? Тады вам у Крывіцкі гарпасялковы Дом культуры, дзе не ў пашане такія спевы.

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

Самы слынны тамтэйшы калектыў — народны хор Крывіцкага Дома культуры. Дзесяцігоддзі таму ён пачынаўся як хор 2-й раённай бальніцы. Сёння ў калектыве спяваюць людзі розных прафесій і ўзростаў. Папулярнасцю ў аматараў добрай песні карыстаюцца і яшчэ два мясцовыя калектывы: гурт “Рэтра” і ансамбль народнай песні “Вечарынка”.

Праўда, самі разумееце, канцэрты ў гарадскім пасёлку праходзяць не кожны дзень (а тут яшчэ і распаўсюджанне карана­віруса ўнесла карэктывы). Таму пры жаданні ўбачыць выступленне творчых калектываў варта папярэдне пацікавіцца, калі гэта магчыма зрабіць.

  1. Падзівіцца з умельства народных майстроў

З даўніх часоў Крывічы славяцца разбярамі. Нездарма ж і Цэнтр народных рамёстваў быў створаны менавіта ў гэтым населеным пункце. Праўда, за гады яго існавання развіццё тут атрымалі і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: тачэнне, роспіс, кераміка…

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

Тут можна ўбачыць выставу вырабаў, паглядзець, як яны ствараюцца. А можа, нават набыць сабе што на памяць.

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

Самая яркая падзея

Ну канечне, фестываль “Шансон збірае сяброў”! Ладзіцца ён у Крывіцкім гарпасялковым Доме культуры ў апошнюю суботу лістапада. Ужо адбылося 10 фестываляў. Калі не перашкодзіць каранавірус, сёлета будзе 11-ты.

Фестываль мае шмат прыхількаў далёка за межамі Крывічоў і ўвогуле Мядзельшчыны, яго ўзровень з кожным годам расце. Жадаеце паўдзельнічаць — прыміце пад увагу, што заяўку падаваць трэба загадзя. Ну а калі задаволіцеся сціплай роляй гледача, таксама не марудзьце: білеты разбіраюць хутка.

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

Ініцыятар і арганізатар фестывалю — дырэктар Дома культуры Аляксандр Куцько. Спонсарам шмат гадоў выступаў мясцовы прадпрымальнік Руслан Станкевіч. Цяпер фестываль фундуе раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Сучасныя рэаліі, цікавыя падарожніку

Як даехаць?

Прыгарадным цягніком да прыпыначнага пункта “Крывічы”, рэйсавым аўтобусам, маршруткай — ёсць з чаго выбіраць, толькі адсочвайце расклад руху (у ім здараюцца змены). Калі прыедзеце грамадскім транспартам, давядзецца падпарадкаваць графіку яго руху сваё падарожжа і рэгулярна паглядаць на гадзіннік. Бо тут вам не сталіца, дзе электрычкі ў метро ходзяць праз кожныя некалькі хвілін. Таму шчаслівым уладальнікам аўтамабіляў, скутараў і веласіпедаў лепш імі і скарыстацца. Так зможаце даўжэй затрымацца там, дзе сапраўды цікава, і не будзеце доўга чакаць, калі ўжо ўсё пагля­дзелі. А дарогі скрозь добрыя.

Што прывезці?

Адметны сувенір або нават патрэбную ў гаспадарцы рэч ад майстроў Крывіцкага дома рамёстваў. Вырабы тут на розны густ і кашалёк, штосьці можна набыць нават за 10 рублёў.

Вандруем па малой радзіме:  Крывіцкі сельсавет

Дзе падсілкавацца?

У Крывічах дзве ўстановы грамадскага харчавання: піцэрыя “Хіт” і кавярня “Манро”. А прадуктовыя магазіны ёсць і ў Крывічах, і ў Пузырах.

Дзе спыніцца?

Гасцініц, хостэлаў і нават аграсядзіб у Крывічах і іх ваколіцах няма. Так што лепш планаваць падарожжа так, каб агледзець усё за светлавы дзень. Інакш начлегу шукаць давядзецца за межамі сельсавета.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота Сяргея Плыткевіча (“Планета Беларусь”) і Аляксандра Высоцкага.