Усё разумее па вачах

188

resize-of-rotation-of-p6150021Каму давялося паглядзець кожнаму з нас у вочы — дык гэта Таццяне Уладзіміраўне Катляровай (на здымку). Не, не для таго, каб вызначыцца з сумленнем: такі ўжо абавязак у афтальмолага. Дарэчы, як урач, жанчына ўпэўнена: вочы — гэта не толькі люстэр­ка душы, але і адлюстраванне шмат­лікіх хвароб чалавека.

Таццяна Уладзіміраўна — адзіны ўрач у раёне з такой спецыялізацыяй.Таму працы ёй хапае ўдосталь. Але мая нядаўняя суразмоўца на лёс не скар­дзіцца. Аб адным толькі просіць: каб пацыенты выбачалі, калі што якое, — вельмі ўжо многа наведвальнікаў бывае за дзень.

Сама Т. У. Катлярова родам з Міёр­скага раёна: падчас размеркавання Мядзельшчыну выбрала не за курортную прыгажосць, а з пэўнай выгодай — да дому бліжэй. Гэтак жа выпадкова прыйшла і ў прафесію — акрамя медыцыны, нідзе сябе не ўяўляла (хаця бацькі былі настаўнікамі). Дарэчы, пасля заканчэння ін­стытута ў райцэнтр Таццяна Уладзіміраўна пры­ехала ўрачом агульнай практыкі. Гэта потым тагачасны галоўны ўрач сказала: «Бу­дзеш акулістам — у нас іх не хапае». Што ж, паехала на курсы.

Сёння ўрач з вышэйшай катэгорыяй не шкадуе ні пра адзін з жыццёвых паваротаў: работа падабаецца, навакольныя людзі — таксама. Дарэчы, пра жыхароў азёрнага краю Таццяна Уладзіміраўна адгукаецца з асаблівай пяшчотай: кажа, вельмі шчырыя ў нас людзі — па вачах разумее. І тут жа называе прозвішчы медыцынскіх сясцёр, з якімі ёй поплеч даводзілася і даводзіцца працаваць: хаця іх было толькі дзве. Ніна Лявонцьеўна Гудкова ў кабінеце афтальмолага адпрацавала шмат год і зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. На яе месцы сёння — Святлана Аляксандраўна Панамарова.

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.

Фота Таццяны Несцярэнка.