У Мядзеле адбылося ўшанаванне таленавiтых дзяцей

219

resize-of-dsc05806У ЗАЛЕ пасяджэнняў райвыканкама сабраліся таленавітыя і адораныя дзеці, іх бацькі, педагогі школ раёна, якія ўнеслі асабісты ўклад у развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. Вядучыя, а гэта першы сакратар грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Галіна Міхайлаўна Красоўская і загадчык аўта­клуба аддзела культуры Аляксандр Яўгенавіч Цыгельнікаў, шчыра вітаюць прысутных і паведамляюць, што сёлета стыпендыятамі раённага выканаўчага камітэта стануць 22 вучні агульнаадукацыйных школ Мя­дзельшчыны. А ўсяго за апошнія тры гады стыпендыі райвыканкама ўручаны  64 школьнікам.

Для вітальнага слова і ўручэння стыпендый на сцэну запрашаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў А. А. Бароўка.

— Па добрай традыцыі ў канцы навучальнага года мы ўшаноўваем таленавітых і адораных школьнікаў. Моладзь заўсёды была, ёсць і будзе важнейшым прыярытэтам дзяржавы. Менаві­та вы, лаўрэаты, дыпламанты, прызёры, з’яўляецеся гонарам бацькоў, настаўнікаў і ўсяго раёна. Гэта вы сваёй самаадданай працай, натхненнем, жаданнем быць першымі дасягнулі высокіх вынікаў на прадметных
алімпіядах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, у конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, — падкрэсліў Алег Алегавіч.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ён шчыра павіншаваў юнакоў і дзяўчат з іх поспехамі. Пажадаў ім моцнага здароўя, дабрабыту, натхнення, назаўсёды захаваць пачуццё ўдзячнасці бацькам, пачуццё малой радзімы — Мядзельшчыны.

Аднаго за адным выклікаюць на сцэну юнакоў і дзяўчат. Ім старшыня райсавета ўручае пасведчанні і стыпендыі райвыканкама. Для кожнага ў Алега Алегавіча знайшліся цёплыя словы віншавання і шчырыя пажаданні. Варта назваць прозвішчы стыпендыятаў. Гэта вучні Мядзельскай САШ №1 Віталія Івашкова, Алена Карпей, Аляксей Махніст, Сяргей Цімановіч, Валерыя Сульжыцкая, САШ №2 г. Мядзел Марат Баран, Юлія Дзегцярова, Яўген Дзегцяроў, гімназіі №1 г. Мядзел Юлія Грышкевіч, Дзмітрый Балюк, Караліна Станчык, Наталля Кайко, Максім Вяруцін, Аляксандр Малько, Сяргей Ляшковіч, Нарацкай САШ №2 Дзмітрый Якубоў­скі, Яна Байко, Ніл Вяр­біцкі, Піліп Путра, Нарацкай №1 САШ Дар’я Кароткая, Свірскай САШ Аляксандр Белікаў, Буд­слаўскай САШ Кацярына Хацяновіч. Адны з іх атрымалі перамогу на алімпіядах па гісторыі, фізіцы, хіміі, іспанскай, нямецкай, беларускай і рускай мовах, другія перамаглі у конкурсе біёлага-экалагічных работ, трэція — дасягнулі высокіх паказчыкаў у галіне спорту.

Аднак на гэтым ушанаванне не закончылася. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў прадметных алімпіядах і творчых конкурсах, аглядах і інтэлектуальных гульнях і дасягнулі сур’ёзных вынікаў. Для іх узнагароджання на сцэну запрашаецца начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Рагоўская. Зноў выклікаюцца на сцэну хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны атрымліваюць з рук Іры­ны Валянцінаўны граматы і дыпломы, а таксама чуюць цёплыя, шчырыя словы падзякі, пажаданні далейшых поспехаў.

Шмат перамог атрымалі нашы вучні на рознага роду творчых конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню. Вось таму, каб узнагародзіць гэтых пераможцаў, вядучыя запрашаюць на сцэну началь­ніка аддзела культуры рай­­вы­канка­ма Г. М. Падгол. Ганна Мікалаеўна гаворыць словы ўдзячнасці юным артыстам, якія выходзяць на сцэну як танцоры, паэты і чыталь­нікі, салісты і музыканты. Пад дружныя апладысменты прысутных яна ўручае дыпломы юнакам і дзяўчатам, якія вызначыліся ў раённых, абласных і нават міжнародных мера­прыемствах, творчых конкурсах.
resize-of-rotation-of-dsc05882
Да мікрафона запрашаецца начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама А. І. Крыштафовіч. Яму прадастаўляецца ганаровая місія ўзнагародзіць тых, хто жыве пад дэвізам: «Вышэй. Хутчэй. Дужэй». Антон Іосіфавіч уручае граматы за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна Юліі Захарэвіч, Алёне Лапцік і Алесі Лагоўнік.

Зразумела, такога свята не адбылося б, каб не было настаўнікаў. Менавіта яны цярпліва і настойліва дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам дасягаць вышынь, рэалізоўваць свае магчымасці. Таму на сцэну запрашаюцца педагогі, якія маюць самае непа­срэднае дачыненне да поспехаў вучняў. І дзеці, у знак удзячнас­ці, уручаюць сваім настаўнікам букеты кветак.

А да мікрафона падыходзіць вучаніца гімназіі №1 г. Мядзел Юлія Грышкевіч. Ад імя ўсіх школьнікаў яна выказвае шчырыя словы падзякі настаўнікам, бацькам.

Ушанаванне закончылася. Ма­ма стыпендыята з Нарацкай САШ №2 Марыя Піліпаўна Путра ад імя ўсіх бацькоў выказвае шчырыя словы падзякі настаўнікам, кіраўніцтву раёна за падтрымку, за ўвагу да дзяцей.

Варта дадаць, што на працягу ўсяго мерапрыемства са сцэны гучалі песні. Радавалі прысутных Карына Вярэніч з Занарачы, Дзіяна Масцяніца з Камарова, Валерыя Фанарук, На­талля Стэрнад і Юлія Дзегцярова, Вікторыя Стэрнад і Фрыда Савіцкая з Мядзела, Ніл Вярбіцкі з Нарачы. Нікога не пакінула абыякавымі выступленне Алесі Лётка і Вікторыі Хадалёнак з Княгі­нінскай САШ. Яны па-сапраўднаму зачаравалі прысутных акрабатычным эцюдам «Вясёлыя светлячкі». Выступалі вакальныя групы «Сузор’е» раённага Дома дзі­цячай творчасці, «Радужка» Нарацкай САШ №2.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: старшыня райсавета А. А. Бароўка ўручае пас­ведчан­ні і стыпендыі райвыканкама;  вучань Нарацкай САШ № 2, уладаль­нік дыплома II ступені абласной алімпіяды па гісторыі, Дзмітрый Якубоўскі.

Фота Аляксандра Высоцкага.