Ініцыятыва пабываць ва ўсіх рэгіёнах Мінскай вобласці і пазнаёміцца з іх адметнасцямі нарадзілася ў Салігорску. У панядзелак краязнаўчая экспедыцыя стартавала на Любаншчыне. Пакуль трапіць у Мядзел, яе ўдзельнікі наведалі Старыя Дарогі, Мар’іну Горку, Чэрвень, Беразіно, Крупкі, Барысаў, Жодзіна, Смалявічы, Лагойск і Заслаўе. Наперадзе — сустрэча з астатнімі рэгіёнамі Міншчыны. Экспедыцыя, арганізатары якой — Салігорская раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” і Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, праходзіць у рамках акцыі “Эстафета адзінства”.
— Міншчына — своеасаблівыя каралі, — зазначыла старшыня Салігорскай раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ларыса ЖУКАВА. — Наведваючы раёны, мы збіраем каралі з асобных пацерак, адкрываем для сябе новыя куточкі. Сёння праязджалі Вілейскае вадасховішча. Нам не трэба ніякая Турцыя! У нас ёсць усё! Проста трэба свае сілы, уменні, любоў накіраваць на родны край. Аб’яднацца, бо ў нас унікальная краіна, прыветныя, гасцінныя, адкрытыя і даверлівыя людзі.