У якім рэжыме працуе сёння Мядзельская паліклініка?

1157

У Беларусь прыйшла другая хваля COVID-19. Адзначаецца звычайна ў асенне-зімовы перыяд і павелічэнне колькасці вострых вірусных інфекцый. Як засцерагчы сябе ад хвароб? Што рабіць, калі з’явіліся першыя сімптомы захворвання? За адказамі на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні звярнуліся да ўрача-афтальмолага (загадчыка) паліклінікі Наталлі ПАБЯДЗІНСКАЙ.
— Сітуацыя з захворваннем на вірусныя інфекцыі, у тым ліку на COVID-19, на Мядзельшчыне пад кантролем. І яна нічым не адрозніваецца ад той, што назіраецца ў рэспубліцы. Лічбы па захворванні на каранавірус і наконт праведзеных абследаванняў у краіне Міністэрства аховы здароўя дае штодзённа праз сродкі масавай інфармацыі. І з імі, дарэчы, кожны ахвотны мае магчымасць пазнаёміцца.
— Што параіце людзям з першымі прыкметамі захворвання?
— Чалавеку з сімптомамі захворвання (насмарк, кашаль, павышэнне тэмпературы) нельга лячыцца самому. Неабходна тэрмінова звярнуцца за дапамогай у лячэбную ўстанову. Можна прыйсці на прыём у паліклініку. А пры высокай тэмпературы лепш выклікаць хуткую медыцынскую дапомогу альбо ўрача на дом. Гэтак жа паступіць варта і ў выпадку пагаршэння самаадчування падчас амбулаторнага лячэння ў хатніх умовах.
— Наталля Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, у якім рэжыме зараз працуе Мядзельская паліклініка?
— Пачну з таго, што на ўваходзе ў паліклініку арганізавана абавязковая бескантактная тэрмаметрыя для ўсіх наведвальнікаў лячэбнай установы, якую праводзіць дзяжурны адміністратар. Ён жа ўдакладняе прычыны звароту сюды і раздзяляе патокі пацыентаў.
— Значыць, патокі пацыентаў дзеляцца на здаровых і тых, што з тэмпературай?
— Так, прыём пацыентаў з прыкметамі вірусных інфекцый вядзецца ў пераабсталяваных кабінетах на другім паверсе паліклінікі з арганізаваным асобным уваходам для хворых і шлюзам для медыцынскіх работнікаў. Каб зменшыць чэргі, з хворымі працуюць два ўрачы агульнай практыкі . Пры неабходнасці на месцы бяруцца і неабходныя лабараторныя аналізы. Аналагічная сітуацыя і з дзецьмі. Калі ў дзіцяці тэмпература, урач прымае яго ў спецыяльна адведзеным боксе. У іншых выпадках — усё як і звычайна.
— А як арганізавана работа з хворымі на COVID-19?
— Такімі пацыентамі, а таксама асобамі, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню, займаецца кантактная брыгада. Яна выязджае на дом для правядзення назірання і абследавання. У выпадку неабходнасці ажыццяўляецца шпіталізацыя хворых — альбо у стацыянар Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы ці ў іншыя ўстановы аховы здароўя Мінскай вобласці.
— Наколькі вас зразумела, астатнія наведвальнікі паліклінікі абслугоўваюцца ў звыклым рэжыме?
— Пацыенты без прыкмет вострых рэспіраторных інфекцый, якія маюць патрэбу ў кансультацыі спецыялістаў вузкага профілю, без праблем ідуць да іх на прыём. Згодна з распрацаваным і ўзгодненым з установамі і арганізацыямі раёна графікам праводзяцца і медыцынскія агляды, а таксама іншыя камісіі. Калі трэба, то і вадзіцельская.
— Нагрузка зараз, напэўна, на ўвесь медперсанал узрасла?
— У асенне-зімовы перыяд рабочы рытм у медыкаў заўсёды больш напружаны, чым звычайна. Аднак гэта наша работа і яе мы выконваем належным чынам. Медыцынская дапамога аказваецца ўсім, каму патрэбна, у поўным абёме. Акрамя таго, на базе аддзялення прыёму хворых з тэмпературай арганізавана работа кол-цэнтра (тэл. 24-3-88). А ў час, калі паліклініка не працуе, можна атрымаць кансультацыю ў прыёмным пакоі бальніцы (тэл. 24-3-53), дзе абавязкова дадуць неабходныя парады і падкажуць алгарытм дзеянняў у кожнай канкрэтнай сітуацыі.
— Наталля Мікалаеўна, а ці забяспечаны самі медыкі ўсім неабходным у плане асабістай аховы?
— Персанал паліклінікі ў поўным абёме забяспечаны неабходнымі сродкамі індывідуальнай аховы. Запасы папаўняюцца па меры іх расходавання. Так што ўсяго хапае.
— Ну і апошняе пытанне. Што вы параіце жыхарам горада і раёна ў плане прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі?
— Новага, вядома, не скажу. Толькі нагадаю, што ў абавязковым парадку неабходна захоўваць рэспіраторны этыкет і карыстацца індывідуальнымі сродкамі аховы. У магазінах, іншых месцах масавага скаплення людзей у абавязковым парадку насіць маскі, прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыявання. Важна таксама апрацоўваць рукі дэзынфіцыруючымі сродкамі, што зяўляецца адным з дзейсных метадаў абароны арганізма ад пандэміі. Пры вяртанні з працы, з магазіна, іншых месцаў дадому, трэба абавязкова памыць рукі з мылам. Прычым рабіць гэта неабходна як мага часцей. Не забывайце праветрываць памяшканні і ўтрымліваць іх у чысціні. Калі адчуеце недамаганне — звяртайцеся да ўрача. Дарэчы, пры наведванні паліклінікі неабходна таксама карыстацца маскамі і пальчаткамі. І, вядома ж, выконваць усе атрыманыя падчас прыёму рэкамендацыі.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.