У школе актыўнага грамадзяніна прайшлі заняткі па тэме “Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам”

546

ДРУГІ год рэалізуецца праект Міністэрства адукацыі “Школа актыўнага грама­дзяніна” (ШАГ). Кожны чацвёрты чацвер месяца ва ўсіх установах адукацыі са старшакласнікамі сустракаюцца дзяржаўныя дзеячы, палітыкі, кіраўнікі, спартсмены, дзеячы мастацтваў, вядомыя ў сваіх га­лінах прафесіяналы… ШАГ — магчымасць абмеркаваць тое, што хвалюе, і пачуць аўтарытэтную думку па важнай тэме.

28 лістапада заняткі праводзіліся па тэме “Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам”. Расказваем, як яны прайшлі ў дзвюх школах нашага раёна.

Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі
У форме ток-шоу адбылася сустрэча старшыні раённага Савета дэпутатаў Алега Бароўкі са старшакласнікамі. Госць расказаў пра зробленае за гады незалежнасці ў маштабах усёй Беларусі і нашай малой радзімы. А потым дарослыя і падлеткі разам шукалі адказы на важныя пытанні. Гаварылі пра дасягненні і разважалі пра перспектывы развіцця краіны і свайго раёна. Актыўна абмяркоўвалі тэму турыстычнага патэнцыялу Мя­дзельшчыны. “Якія аб’екты найбольш цікавыя ў гэтым плане?” — спыталі старша­класнікі ў старшыні раённага Савета дэпутатаў. І пачулі ў адказ, што гэта залежыць ад мэтаў самога чалавека, які прыязджае сюды. А Мя­дзельшчына ўжо сёння гатова прапанаваць і медыцынскі турызм, і рэлігійны, і агратурызм. І экскурсійны: у нас шмат цікавых прыродных і гістарычных аб’ектаў. Аднак спыняцца ў раз­віцці, вядома ж, нельга.

Нарацкая СШ №2
Якіх поспехаў за гады незалежнасці Беларусі дасягнуў наш раён? Стварэнне якіх прамысловых і сацыяльных аб’ектаў на Мядзельшчыне пацвярджае, што “Беларусь — краіна для жыцця”? Ці ёсць у нашым раёне перспектыва для маладых спецыялістаў? Калі так, то якія? Якія якасці патрэбны дзяўчыне, каб заняць кіраўніцкую пасаду ў Беларусі?.. Магчымасць задаць пытанне намесніку старшыні райвыканкама Іне Барыевай старшакласнікі самай вялікай у раёне ўстановы адукацыі выкарысталі напоўніцу. Іна Іванаўна па-добраму ўразіла юнакоў ды дзяўчат дасціпнымі адказамі, уменнем працаваць з маладзёжнай аудыторыяй. Яна параіла дзяўчатам добра падумаць, ці варта займаць кіраўніцкую пасаду. А сярод значных для развіцця раёна фактаў назвала не толькі рост эканамічных паказчыкаў ды будаўніцтва важных аб’ектаў інфраструктуры, але і Будслаўскі фэст — традыцыю, якая нас яднае. А найважнейшае дасягненне, на думку намесніка старшыні райвыканкама, — будаваць новае, не разбураючы старое.

Напрыканцы сустрэчы Іна Барыева ўручыла падарунак Прэзідэнта краіны — памятнае выданне “Я — Грамадзянін Рэспублікі Беларусь” маладым людзям, якім нядаўна споў­нілася 14 год.