У Мядзельскім ТЦСАН адбылася дыялогавая пляцоўка на тэму “Развіццё і ўдасканаленне сацыяльнай сферы”

373

У Мядзельскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылася дыялогавая пляцоўка. Яе тэма — “Развіццё і ўдасканаленне сацыяльнай сферы”.

Работнікі ТЦСАН маюць справу з асаблівым кантынгентам. Гэта — адзінокія, адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяне, людзі з інваліднасцю.

У пасляваенны час нашы бабулі і дзядулі шчыра працавалі на карысць Радзімы, прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Многія маюць урадавыя ўзнагароды. А калі састарэлі, ім самім стала патрэбна падтрымка і ўвага. Такім людзям прыйшла на дапамогу дзяржава.

Падчас дыялогавай пляцоўкі ставілася мэта падвесці вынікі работы за мінулы і выпрацаваць канкрэтныя меры па ўдасканаленні сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на год бягучы.

Пачалася размова з прэзентацыі пра дзейнасць Мядзельскага ТЦСАН, якую правёў дырэктар установы Віталій Місуна. Яго дапоўнілі кіраўнікі структурных падраздзяленняў. У прыватнасці, загадчыца аддзялення надомнага сацыяльнага абслугоўвання Святлана Чарняўская спынілася на малазатратных формах работы, якія дапамагаюць пажылым людзям максімальна падоўжыць жыццё ў звыклых дамашніх умовах. Да такіх адносяцца “Дом зімоўкі”, “патранатныя сем і”, “гасцявыя сем і”. Напрыклад, у “Доме зімоўкі” жывуць пераважна разам сёстры. Ролю “патранатных сем яў” выконваюць у асноўным суседзі, якія прыглядваюць за пажылымі грамадзянамі, што жывуць непадалёку, дапамагаюць ім па хатняй гаспадарцы. У выхадныя і святочныя дні непрацаздольных грамадзян з мэтай змястоўнага сумеснага правядзення вольнага часу прымаюць у сябе “гасцявыя сем і”. Такія формы работы, па меркаванні Святланы Чарняўскай, стымулююць пажылых людзей да актыўнай дзейнасці, павышаюць іх жыццёвы тонус, а яшчэ дапамагаюць адчуваць сябе непакінутымі, што важна ў маральным і псіхалагічным плане. Запатрабаваны і дом самастойнага пражывання ў вёсцы Камарова, дзе зараз знаходзіцца пяць чалавек — тры мужчыны і дзве жанчыны.
На надомным сацыяльным абслугоўванні ў раёне — 790 чалавек. У тым ліку 163 мужчыны і 627 жанчын. З іх 173 — адзінокія, 617 — адзінока пражываючыя. Пры ТЦСАН створана 8 “Дамоў зімоўкі”, дзе жывуць 16 чалавек, 9 “гасцявых сем яў” (карыстаецца паслугай 17 чалавек), 7 “патранатных сем яў”.

Загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Алена Козырава закранула работу, якая праводзіцца ў ТЦСАН па стварэнні і развіцці ўмоў для сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту ў грамадства. У прыватнасці, на аказанні ім кансультацыйных, бытавых, сацыяльна-педагагічных, сацыяльна-інфармацыйных паслуг. Як адзначыла прамоўца, дзейнасць у адзначаным накірунку ажыццяўляецца праз работу розных гурткоў, клубаў, якія павышаюць кругагляд, фарміруюць веды і навыкі па культуры бяспечных паводзін у быце, па асабістай гігіене, прафілактыцы захворванняў, павышаюць рухальную актыўнасць. А яшчэ развіваюць камунікацыйныя навыкі, пашыраюць сацыяльныя кантакты, даюць магчымасць весці актыўны лад жыцця, займацца прыкладной і дэкаратыўнай творчасцю, узбагачацца духоўна. Для людзей пажылога ўзросту, а таксама з асаблівасцямі развіцця важна не сядзець суткамі дома, а выходзіць у свет, знаходзіць для сябе заняткі па інтарэсах. Названай катэгорыі грамадзян, па меркаванні Алены Аляксандраўны, вельмі шмат дае наведванне аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

У абмеркаванні ўзнятых пытанняў прынялі ўдзел і іншыя супрацоўнікі Мядзельскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — аддзяленняў сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі; пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў (в. Вузла).

Падчас дыялогавай пляцоўкі была прааналізавана работа падраздзяленняў, якая праводзілася летась, а таксама вызначаны задачы па ўдасканаленні дзейнасці па сацыяльным абслугоўванні грамадзян на бягучы год.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.