Пачатак зімы азмрочыўся высокай актыўнасцю каранавіруснай інфекцыі. Як з сітуацыяй сёння спраўляюцца медыкі Мядзельшчыны і ці ёсць падставы для хваляванняў, расказвае галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Генадзій Русак.

— Генадзій Аляксандравіч, як ацэньваеце сітуацыю ў раёне?

— Наша сітуацыя, як і ў цэлым па краіне, дастаткова напружаная. На сезон уздыму рэспіраторных захворванняў сёлета наклаўся яшчэ і каранавірус. Але, нягледзячы на складанасці, медыцынскую дапамогу аказваем усім, хто мае ў ёй патрэбу. Самае першае, што зрабілі і чаго прытрым­ліваемся зараз — размяжоўваем патокі людзей з тэмпературай і іншых, якія звяртаюцца па прычынах траўм, медагляду і гэтак далей. Пацыентаў з прастуднымі сімптомамі прымае ўрач у асобным кабінеце з асобным уваходам. Пры ўваходзе ў паліклініку медработнік падкажа, куды ісці. Прыём пацыентаў пачынаецца ў восем раніцы. Урач працуе да апошняга чалавека, колькі б іх у чарзе ні было. У сярэднім на прыём з сімптомамі прастуды прыходзіць 30-40 чалавек. І гэта ўжо значна менш, чым у лістападзе, калі прымалі больш за сотню ў дзень. На месцы і кроў на аналіз бяруць. Усіх астатніх абслугоў­ваем у “чыстай зоне”.

— На мінулым тыдні з’явіліся новаўвядзенні па выпісцы бальнічных лістоў кантактам першага ўзроўню. У чым сутнасць гэтых змяненняў?

— Калі коратка, то ўрач агульнай практыкі ці тэрапеўт пры наведванні дома пацыента з COVID-19 можа выпісаць бальнічны ліст не толькі хвораму, але і кантактам першага ўзроўню праца­здольнага ўзросту, якія павінны знаходзіцца на каранціне. Калі ў іх не назіраецца прыкмет вірусных захворванняў, іх проста назіраюць на працягу 10-ці дзён, ПЛР-даследаванні і экспрэс-тэсты ў такіх выпадках не прадугле­джваюцца.

— Як спраўляецца з нагрузкай стацыянар?

— Хворых на каранавірусную інфекцыю прымае інфекцыйнае аддзяленне на 15 ложкаў і перапрафіляванае аддзяленне тэрапіі, дзе яшчэ 60 ложкаў. Яшчэ 6 ложкаў выдзелена ў аддзяленні рэа­німацыі. Пры неабходнасці можам павялічыць гэту колькасць яшчэ на 20 месцаў. Прычым зробім гэта аператыўна, але такой патрэбы няма. У любым выпадку без дапамогі людзей не кінем. Маем 72 кропкі падачы кіслароду, 9 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Лекаў хапае, сродкамі індывідуальнай аховы забяспечаны. Лечым таксама людзей і з іншымі дыягназамі, бо астатнія захворванні нікуды не па­дзеліся. Стараемся працаваць якасна і вынікова. У сувязі з гэтым хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсяму калектыву — за тое, што часта не лічацца з асабістым часам, не бачаць сваіх блізкіх, ахвяруюць усім, каб жыхары Мядзель­шчыны захавалі сваё здароўе.

— Як лічыце, колькі нам яшчэ трываць?

— У многім гэта залежыць і ад кожнага чалавека. Ад нашага жадання перамагчы каранавірус і вярнуцца да звычайнага жыцця з вясёлымі і шматлюднымі святамі, паездкамі і сустрэчамі. Таму выконвайце простыя правілы: насіце маскі ў грамадскіх месцах, трымайце сацыяльную дыстанцыю, карыстайцеся антысептыкамі. Словам, клапаціцеся пра здароўе — сваё і сваіх блізкіх.

Гутарыла Іна ЯРЧАК.