Расказвае курсант 2-га курса  Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Мікіта ХАЦЯНОВІЧ:

— Я асабіста заканчваў Будслаўскую сярэднюю школу імя Паўліны Мядзёлкі. Патрыятычнае выхаванне ў нас там было наладжана на самым высокім узроўні дзякуючы настаўніку Валерыю Сяргеевічу Хацяновічу. Мы ўмелі хутка сабраць і разабраць аўтамат Калашнікава, трапна страляць з вінтоўкі, ведалі форму многіх родаў войск і знакі адрозненняў, у розных мерапрыемствах ваенна-спартыўнай накіраванасці ўдзельнічалі. Напэўна, гэта таксама адбілася на тым, што самастойна пасля заканчэння школы спыніў выбар на прафесіі ваеннага. І дагэтуль лічу яе прэстыжнай і вельмі патрэбнай.

Па маім асабістым меркаванні, вучоба ў акадэміі — выдатная магчымасць для самарэалізацыі. Нашы выкладчыкі, многія з якіх маюць розныя вучоныя ступені, даюць нам грунтоўныя веды па прадметах. Упор робіцца на баявую падрыхтоўку, фізічнае развіццё і вывучэнне англійскай мовы.

Ужо давялося скакаць з парашутам. Хоць і страшнавата было, але ніхто нават і выгляду не паказаў, што баіцца. Мы ж — будучыня Узброеных Сіл Беларусі, на нас будуць раўняцца салдаты. Баязліўцам не месца ў войску! Як жа тады Радзіму абараняць?!

Летась прымаў удзел у ваенным парадзе, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З гонарам прадстаўляў там разам з нашымі выкладчыкамі, іншымі курсантамі Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Моманты гэтыя назаўсёды захаваліся ў памяці як самыя светлыя і надзвычай важныя.