На гэта пытанне адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана КУНДРА:

— Пачну з таго, што ўжо вызначаны тэрміны выпускных экзаменаў у 9-11 класах устаноў адукацыі. Яны пройдуць з 1 па 9 чэрвеня 2020 года. Выпускнікі 11 класаў будуць здаваць два пісьмовыя (пераказ па рускай ці беларускай мове, кантрольная работа па матэматыцы) і два вусныя экзамены (па гісторыі Беларусі і замежнай мове). Дзевяцікласнікаў чакаюць тры пісьмовыя экзамены (дыктанты па рускай і беларускай мовах, кантрольная работа па матэматыцы).

У адпаведнасці з загадам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, ад выпускных экзаменаў па адпаведным прадмеце вызвалены 4 навучэнцы раёна, якія з’яўляюцца пераможцамі трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2019/2020 навучальным годзе з выстаўленнем адзнакі «10 балаў». Гэта адзінаццацікласніца Дзіяна Куцкевіч з Нарацкай СШ №1 (па іспанскай мове), дзевяці­класніца Ілона Кур’яновіч з Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа (па беларускай мове), дзевяцікласнік Павел Бярняк і адзінаццацікласніца Анастасія Вербіловіч з гімназіі-інтэрната г. Мядзела (абое па матэматыцы).

З улікам неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя, правядзенне масавых мерапрыемстваў абмежавана. У сувязі з гэтым Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендавана з мерапрыемстваў па завяршэнні навучальнага года арганізаваць уручэнне атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі ва ўрачыстай абстаноўцы. Рашэнне аб фармаце правядзення мерапрыемства застаецца за кожнай установай адукацыі з удзелам бацькоў­скага камітэта па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па падначаленасці.

Такім чынам, у кожнай установе адукацыі 11 чэрвеня 2020 года адбудзецца ўручэнне атэстатаў ва ўрачыстай абстаноўцы па індывідуальным плане пераважна на адкрытым паветры з выкананнем са­нітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

Тэрміны пачатку цэнтралізаванага тэсціравання перанесены на больш познія даты: з 13 чэрвеня на 25 чэрвеня 2020 года.

Запісала Іна ЯРЧАК.

Фото БЕЛТА