АКЦЫЯ пад такой назвай праходзіць у краіне з 20 лютага па 1 сакавіка.

У гэтыя дні намаганні дзяржаўных органаў накіраваны на прапаганду бяспечных умоў пражывання насельніцтва. Падчас правядзення адукацыйна-культурных мерапрыемстваў будзе звернута асаблівая ўвага на фарміраванне ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці.

У рамках правядзення Адзінага дня бяспекі на ўсіх аб’ектах масавага знаходжання людзей, пачынаючы з устаноў адукацыі і заканчваючы буйнымі прадпрыемствамі, адбудзецца адпрацоўка бяспечнай эвакуацыі па сігнале “Увага ўсім!”. Гэта мерапрыемства дапаможа яго ўдзельнікам успомніць правілы паводзін на выпадак надзвычайнай сітуацыі.

Пры ўзаемадзеянні зацікаўленых служб, кожная з якіх спыніцца на сваёй галіне дзейнасці, у працоўных калектывах пройдуць тэматычныя сустрэчы. У ходзе іх прысутныя азнаёмяцца з бяспекай — як у быце, так і на дарогах, вытворчых аб’ектах, а для замацавання пачутай інфармацыі атрымаюць наглядна-выяўленчую прадукцыю.

Варта адзначыць, што мерапрыемствы не абмяжуюцца толькі размовамі — іх удзельнікі змогуць адпрацаваць набытыя веды на практыцы на арганізаваных пляцоўках.

Падчас акцыі асаблівы акцэнт будзе зроблены на работу ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце. У прыватнасці, на радыёстанцыях будуць агучаны аўдыяролікі, на сайтах, сацыяльных сетках і на старонках газет з’явяцца серыі публікацый па тэме бяспекі жыццядзейнасці.

Ірына КАРАПЕЦЯН, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, капітан унутранай службы.